Спружына экспрэсіі Альфрэда Ромера

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

Фарбавае поле “Мадонны Пінскай”

/i/content/pi/cult/328/5971/pic_2.jpgАльфрэд Ромер - яшчэ адна выдатная асоба, якая павінна па-сапраўднаму ўвайсці ў нацыянальную гісторыю выяўленчай культуры Беларусі нароўні з імёнамі такіх яе папярэднікаў і сучаснікаў, як І.Аляшкевіч, В.Ваньковіч, А.Шэмеш, Я.Дамель, Я.Сухадольскі, К.Альхімовіч, С.Заранка, М.Э. Андрыёлі, І.Хруцкі, А.Гараўскі, Н.Сільвановіч... Аднак на радзіме яго яшчэ мала ведаюць, і толькі дзякуючы некаторым айчынным даследчыкам (Л.Дробаў, А.Цыркуноў, Л.Карповіч) імя Альфрэда Ромера цалкам не канула ў вечнасць. Але для большасці беларусаў гэты таленавіты жывапісец, рысавальшчык, гравёр, скульптар і мастацтвазнаўца і сёння застаецца пакуль што мала вядомым. 

Праўда, на Пастаўшчыне, дзе ён цэлых дзесяць гадоў, пачынаючы з 1874-га і да ад'езду ў Кракаў, жыў у маёнтку Каралінава Свянцянскага павета Віцебскай губерні (цяпер - тэрыторыя Камайскага сельскага савета Пастаўскага раёна), яго добра ведаюць: ёсць там і вуліца, якая носіць ягонае імя, і дзіцячая мастацкая школа, названая ў гонар творцы. У суседняй вёсцы Камаі на высокім пагорку захаваўся і касцёл абарончага тыпу Святога Іаана Хрысціцеля пачатку XVII cт., які распісваў мастак і ў якім знаходзіцца яго карціна "Хрыстос і сірата". Дарэчы, парафія Камайскага касцёла абвясціла 2007-ы Годам Альфрэда Ромера. А яшчэ, я памятаю, як, здаецца, вясной 2003-га ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце ўпершыню быў праведзены вечар памяці Ромера, арганізаваны грамадскім аб'яднаннем "Гісторыка", Саюзам мастакоў Беларусі і студэнтамі архітэктурнага факультэта. У зале былі прадстаўлены фамільнае дрэва Ромераў, выява ромераўскага маёнтка ў Каралінаве і рэпрадукцыя апошняга твора мастака- "Хрыстос і страта". Але пасля ўсіх гэтых мерапрыемстваў імя Ромера зноў аказалася забытым. Між тым, налета, 16 красавіка, - 180 гадоў з дня нараджэння нашага зямляка, і хацелася б, каб ягонае імя зноў, і на поўную моц, прагучала ў нашай краіне. Надышоў час "збіраць камяні"... Наогул кажучы, рыцарска-шляхецкі род Ромераў вядзе свой пачатак з XV ст., з Саксоніі. Потым яго прадстаўнікі праз Курляндыю перабраліся ў ВКЛ, дзе ў розныя часы займалі гуманітарныя і грамадскія пасады, якія дазволілі ім унесці значны ўклад у развіццё культуры Беларусі, Літвы і Польшчы. Але род гэты быў яшчэ ўнікальны ў тым сэнсе, што з канца XVIII ст. у гэтай дынастыі існавала некалькі пакаленняў мастакоў! Пачынальнікам яе быў бацька Альфрэда - Эдуард Ян Ромер (1796 - 1878 гг.) - вучань выдатнага прафесара жывапісу Віленскага ўніверсітэта Яна Рустэма, які цудоўна рысаваў, ствараў партрэты перадавых дзеячаў культуры Беларусі і Літвы, нават ілюстраваў ноты А.Манюшкі. Наогул кажучы, гэта была ўнікальная асоба. За ўдзел у паўстанні 1863-га адсядзеў некалькі месяцаў у турме. А ў 1868-м - зноў асуджаны і высланы на 13 гадоў у Волагду, а потым - у Вялікі Усцюг. З ім паехала жонка Соф'я Белазорава, маці малодшага брата Альфрэда - Эдуарда Матэя Ромера, таксама будучага мастака-жывапісца. Пасля заканчэння Віленскай гімназіі ён навучаўся ў Дрэздэнскай і Мюнхенскай акадэміях мастацтва. У 1870-я гады шмат вандраваў па Еўропе, а калі ў 1878 г. вярнуўся ў Вільню, дык адкрыў там мастацкую майстэрню і карыстаўся ёй сумесна з братам Альфрэдам і сябрам Францішкам Юргілевічам. Праз два гады ажаніўся з Юзэфай Чахоўскай і атрымаў у якасці пасагу маёнтак у Лунне на Гродзеншчыне. У гэтыя часы шмат пісаў бытавыя і гістарычныя карціны, у тым ліку прысвечаныя драматычным падзеям 1863 г., а таксама пейзажы і партрэты: "Завіруха", "Ля вакзала", "Ля майстэрні", "Патруль", "Хаціна ў лесе", "Адпачынак перад карчмой", "Амазонка", "Пасля работы", "Вяртанне", "Мая хата", "Тры каралі", партрэт літоўскага паэта А.Страздаса. Але гэтыя творы я не бачыў нават у рэпрадукцыях. З роду мастакоў Ромераў таксама паходзяць і дзеці Альфрэда Ромера (малодшага) - жывапісцы Павел Ромер, Ганна Ромер і Алена Ромер, але да высвятлення падрабязнасцей іх жыцця і творчасці мае рукі пакуль не дайшлі. Трэба пільна даследаваць шматлікія архівы, старыя часопісы і газеты, і, магчыма, музеі Літвы ды Польшчы.

Вяртаюся да нашага галоўнага героя - Альфрэда Ромера. /i/content/pi/cult/328/5971/pic_4.jpgЁн нарадзіўся ў Вільні, і там жа, ва ўніверсітэце, атрымаў пачатковую мастацкую адукацыю ў таго ж Кануція Русецкага. Потым удасканальваў сваё майстэрства ў Парыжы ў педагогаў "сярэдняй рукі" Л.Бана і А.Аляшчынскага. Па вяртанні з-за мяжы ў канцы 1850-х гадоў жыў у спадчынным маёнтку Крэўна Нова-Аляксандраўскага павета і актыўна супрацоўнічаў з віленскім часопісам "Каласы", дасылаючы туды малюнкі ды гравюры на тэму жыцця і побыту мясцовых беларусаў і літоўцаў. Здавалася, усё ішло вельмі паспяхова: мастак ні ў чым не адчуваў патрэбы, былі, як кажуць, здаровая ежа і багаты дом, спакой, цішыня, а галоўнае - моцнае жаданне тварыць у самых розных кірунках выяўленчага мастацтва.

Але ў час нацыянальна-вызваленчага руху 1863 г. А.Ромер апынуўся сярод паўстанцаў са зброяй у руках. Пасля паражэння быў арыштаваны і пасаджаны ў Дынабургскую крэпасць (цяпер - Даўгаўпілс). Праўда, прабыў там нядоўга: відаць, хтосьці з высокіх уладавых чыноў паклапаціўся пра інсургента. Пасля выхаду адтуль Ромеру давялося прадаць маёнтак Крэўна і тэрмінова, далей ад граху, выехаць у Германію. Там, у мюнхенскай Акадэміі мастацтваў, на яго аказалі значны ўплыў педагогі Людвіг фон Хагн і Артур Георг фон Рамберг. Разам з апошнім і Альбертам Келерам Альфрэд наведаў Італію, дзе натхнёна капіраваў Веранезэ і пісаў заказныя партрэты арыстакратаў і натурныя садова-паркавыя пейзажы. Шмат выстаўляўся ў Мюнхене, Кракаве, Парыжы - гравюрамі, партрэтамі, скульптурамі. І так доўжылася да сярэдзіны 1870-х гадоў, калі настальгія па радзіме прымусіла яго вярнуцца на Бацькаўшчыну.

Ромер стала пасяляецца ў маёнтку Каралінава, які належыў яго жонцы графіні Вандзе Сулістроўскай. На маю думку, гады, праведзеныя тут, на Беларусі, былі найбольш плённымі ў творчым лёсе мастака. Колькі ён зрабіў партрэтаў, гравюр, жывапісных кампазіцый пра жыццё і побыт беларускага народа, манументальных роспісаў у праваслаўных і каталіцкіх храмах у Камаях і Пінску - цяпер, мабыць, падлічыць немагчыма, бо не ўсё дайшло да нас у захаванасці. Падкрэслю, што менавіта ў Каралінаве Ромер падрыхтаваў манаграфію аб вытворчасці славутых слуцкіх паясоў, якая па фактычным матэрыяле, сабраным аўтарам у розных месцах Беларусі, уяўляе з сябе значную цікавасць для даследчыкаў нашага народнага і прыкладнога мастацтва. А якія бліскучыя акварэльныя і алоўкавыя этнаграфічныя замалёўкі сялянскага побыту і архітэктурных помнікаў ("Сялянская хата", "Сялянская дзяўчына", "Ля карчмы", "Сялянскі двор", "Мешчанін з Віленскай губерні", "Сялянкі з Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні", "Стары храм у Кабыльніках Свянцянскага павета", "Вішнева. Двор. Від з фасада", "Царква ў Камаях" ды іншыя)! А яшчэ Ромер быў заўзятым бібліяфілам: набываў дзе толькі магчыма старажытныя рукапісы і дакументы, якія потым перадаваў у музеі Кракава, куды пераехаў у 1884-м і дзе стаў членам "Камісіі гісторыі мастацтва Акадэміі навук". Менавіта там, за год да смерці, ён зрабіў памятны даклад "Да гісторыі Віленскай школы прыгожых мастацтваў" і надрукаваў работу "Польскія паясы. Іхнія фабрыкі і знакі".

/i/content/pi/cult/328/5971/pic_3.jpgДаследчыкі падлічылі, што Ромер за сваё жыццё стварыў 63 жывапісныя партрэты, 40 медальёнаў і 10 скульптур, некалькі дзясяткаў гравюр, пастэлей, малюнкаў, акварэлей і копій ікон. У свой час найбольш вядомымі былі партрэты археолага і кракаўскага педагога У.Лушчкевіча, бібліяфіла і гісторыка кнігі К.Эстрэйхера, скульптара Б.Яцунскага, жывапісца Швайніцкага. Цудоўны пагрудны светла-блакітны партрэт жонкі мастака - гордай графіні Ванды Сулістроўскай у простым сялянскім сарафане. Наогул кажучы, амаль усе партрэты Ромера простыя па кампазіцыі (як правіла, у фас альбо ў тры чвэрці) без усякіх вонкавых эфектаў і залішніх атрыбутаў і аксесуараў. Мастака больш за ўсё цікавіла псіхалогія мадэлі. Дакладней - няспешны, нязводны погляд тых, каго ён маляваў, бо толькі ў вачах мастак пасапраўднаму чытаў шчырасць і дабрасумленнасць характару чалавека. І ў бліскучым "Аўтапартрэце" ён выявіў сябе гордым і незалежным, напоўненым глыбокай унутранай спружыністай экспрэсіяй і сілай духу. Паводле мастацкага лаканізму і пранізлівасці гэты твор вытрымлівае параўнанне з узорамі вельмі высокай артыстычнасці.

Адным з найлепшых у яго творчасці з'яўляецца "Партрэт паўстанца 1863 года", зроблены сухой іголкай. На ім адлюстраваны ўжо даволі немалады беларускі шляхціч, былы інсургент-салдат знакамітага паўстання. З-пад навіслых сівых броваў проста на гледача пазіраюць цёмныя бліскучыя вочы. Энергічны паварот галавы, шчыльна сціснутыя вусны - усё кажа пра горды і нязломны характар гэтага чалавека. Хтосьці з даследчыкаў лічыць, што тут мастак выявіў вядомага паўстанца Фларыяна Даноўскага ў сталым узросце.

Ну, і, канешне ж, трэба адзначыць "духоўнае завяшчанне" мастака - карціну "Мадонна Пінская", якая ўпрыгожвае касцёл і кляштар францысканцаў у цэнтры Пінска паміж рэчкай Пінай і вуліцай Леніна. Карціна з'явілася там у 1894м, за тры гады да смерці Ромера. Мураваны касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі пабудаваны ў першай трэці XVIII ст., пазней былі ўзведзены карпусы кляштара ў стыле барока. Тут шмат драўлянай скульптуры і дэкаратыўнай арнаментальнай барочнай разьбы. Карціна атрымала назву "Мадонна Пінская" таму, што правобразам яе паслужыла для мастака невядомая простая пінская гараджанка - звычайная жанчына з народу. Вось мы і бачым: пінчанка, якая ператварылася ў мадонну, у блакітнай накідцы з распушчанымі валасамі пад хусткай, беражліва трымае на руках дзіця. З нябёс ідзе яркі прамень святла і над галавой мадонны свеціцца ледзьве ўлоўны німб... Здаецца, нічога асабліва эфектнага ў традыцыйнай кампазіцыі, але колькі прывабнай лёгкасці, дабрыні і цеплыні выпраменьваюць гэтыя вочы, рукі, пастава, якая нас трымае і іншай чароўнасцю - выдатным жывапісным рамяством! Ромераўская ода ў гонар Мадонны - прачытана, лёс яе прадуманы і адчуты, але вока не адрываецца ад гэтага фарбавага поля, ад каштоўнай мешаніны, нанесенай пэндзлем, ад сонечнага мігцення, якое ідзе ад ліка Мадонны...

Менавіта гэтай работай Альфрэд Ромер скончыў сваю творчую біяграфію і, так здарылася, закрыў для сябе XIX стагоддзе. А свой апошні прытулак ён знайшоў у радзіннай капліцы ў літоўскім гарадку Трокі. Там, дарэчы, 12 лютага 1900 г. быў пахаваны і Эдуард Матэй Ромер, чыя спадчына, як і яго знакамітага брата, знаходзіцца сёння ў розных музеях Варшавы, Кракава, Вільнюса, Каўнаса і г. д. Мінска тут, на жаль, няма...  

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"