Дык хто там ідзе?

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

Выпускны іспыт навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа на сапраўднай тэатральнай сцэне і, найперш, у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі даўно ўжо стаў традыцыяй.

/i/content/pi/cult/328/5970/8-4.jpg Звыклым стаў і паказ на такіх справаздачах "Дон Кіхота" Л.Мінкуса, бо ў гэтым балеце, што мае безліч рэдакцый (ад чатырохда аднаактовай), ёсць дзе разгарнуцца выхаванцам абодвух аддзяленняў: і "класікам", і "народнікам". Ды ўсё ж сёлетні спектакль нават на такім "шматгадовым" фоне не толькі не згубіўся, але і дазволіў без аніякіх перабольшванняў перайначыць паэта: "Моладзь ідзе! Моладзі - дарогу!"

Быў у каледжа такі момант, калі, здавалася, традыцыі добрага навучання класіцы пачыналі сыходзіць у нябыт. Бо ў характарных танцах і сучаснай харэаграфіі мы бачылі добра падрыхтаваных юных артыстаў, класічны ж кірунак адразу выкрываў "брыдкіх качанят", што не паспелі ператварыцца ў "лебедзяў". Цяперашні "Дон Кіхот", насупраць, уразіў якраз адточанай, "вышкаленай", у лепшым сэнсе слова, класікай. Бо пастаноўка трымалася не на адной пары салістаў, да якой "у нагрузку" чапляўся блякла-ніякаваты кардэбалет, а на зладжанай камандзе, у якой падзел на "герояў" і "масоўку" не толькі другасны, але і ўвогуле непатрэбны, бо там ледзь не кожны - саліст, які ўмее цудоўна выступаць у ансамблі, вытрымліваючы роўнасць ліній і сінхрон. Адразу сярод некалькіх дзяўчат, якія выходзілі з адной-дзвюма варыяцыямі, можна было ўгледзець будучых прымадоннаў - пры ўмове, што праца ў тэатры стане для іх чарговай прыступкай навучання і, галоўнае, знаходжання ўласнай творча-пластычнай індывідуальнасці. Калі раней, бывала, бракавала статных хлопцаў, якія валодалі б не толькі сольнымі па, але і падтрымкай партнёршы, дык цяпер і тут адчуваўся прарыў. На таго ж Ігара Субоціна ў партыі Базіля, пэўна, заглядалася не адна салістка балета, не кажучы ўжо пра ўдзячную публіку.

У некаторых нумарах, вядома, на першы план выходзілі стараннасць, руплівасць, адданасць, да якіх вельмі хацелася далучыць яшчэ і тэатральную разняволенасць. Але чым больш доўжыўся спектакль, складзены ў двухактовы варыянт, тым больш запалу (а зусім не стомленасці!) з'яўлялася ў юных артыстаў. Дык няхай так будзе і надалей!

Фота Івана ЗАХАРАВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"