“Я — мінчанін!”

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

Сёлетні Дзень ведаў у Мінску прайшоў не зусім звычайна. Многія школьнікі прыйшлі не ў класы, а пабывалі ў зале Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, у Мінгарвыканкаме, у мінскай ратушы, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, наведалі Дзяржаўны літаратурны музей імя Я.Купалы і Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей імя Я.Коласа, Белдзяржфілармонію.

Першы Урок ведаў пад назвай “Я — мінчанін!” быў прысвечаны 940-годдзю Мінска і праводзіўся ў форме гасцявога ўрока. На ім з навучэнцамі сустрэліся і выступілі ў ролі педагогаў прадстаўнікі заканадаўчых і выканаўчых органаў, вядомыя артысты, дзеячы культуры, спартсмены.
Дзень ведаў у музеі Янкі Купалы прайшоў пад знакам 125-годдзя з дня нараджэння Песняра. Як адзначыла вядучы навуковы супрацоўнік музея Фаіна Ваданосава, урок быў тэматычны і атрымаў назву “Янка Купала і Мінск”. У сустрэчы прыняў удзел пісьменнік Уладзімір Ліпскі, які напісаў кнігу пра Янку Купалу. Вучні мінскай гімназіі № 16 таксама прадставілі ўласную праграму: прачыталі вершы Янкі Купалы, выканалі песні, напісаныя на словы Песняра.
Не менш цікава прайшоў урок у Белдзяржфілармоніі. Як адзначыла Ларыса Мякішава, начальнік аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай працы ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Савецкага раёна Мінска, школьнікі з задавальненнем прынялі запрашэнне адміністрацыі філармоніі пабываць на экскурсіі. Навучэнцы школы-гімназіі з музычна-харавым і эстэтычным ухілам наведалі музей імя Уладзіміра Мулявіна, Малую залу імя Р.Шырмы, рэпетыцыйную залу, дзе займаюцца артысты Дзяржаўнага ансамбля танца РБ і ансамбля “Харошкі”, пазнаёміліся з тым, як праходзіць рэпетыцыя сімфанічнага аркестра ў Вялікай фларманічнай зале.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА