Клас ад вершніка

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

23 чэрвеня бенефісам Людмілы Кудраўцавай у балеце “Сільфіда” Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі завяршыў свой 78-ы сезон. Яго вынікі падводзіць галоўны дырыжор тэатра, заслужаны артыст Украіны Віктар ПЛАСКІНА:

/i/content/pi/cult/328/5969/8-3.jpg- Сезон быў адзначаны цудоўнымі пастаноўкамі: страсная "Тоска", мужны "Трыстан...", язычніцкая "Снягурка", паветраная "Сільфіда", манументальная "Аіда". На Калядным форуме ўсе музычныя крытыкі і госці ў адзін голас адзначылі высокі ўзровень калектыву. Я ганаруся! Мы паспяхова сыгралі Трэцюю сімфонію Рахманінава і Скрыпічны канцэрт Сібеліуса. Хочацца ўзгадаць "Мадам Батэрфляй" з Шарубінай. Гэтая "маленькая Ніна" дорыць сваю душу, моцны характар і багаты тэмбр голасу. У апошнім спектаклі "Тоскі" ашаламляльна спяваў Уладзімір Пятроў: прыроджаны арыстакратызм, упэўненасць, выдатная дыкцыя! Да глыбіні душы кранае сцэна Каварадосі - Сяргея Франкоўскага, калі той рыдае, малюючы вобраз каханай. Цёплыя словы на адрас галоўнага рэжысёра - Міхаіла Панджавідзэ. З яго з'яўленнем у тэатры сцэна стала, бы мурашнік. Узрушаюць яго глыбокае веданне матэрыялу, зладжанасць дзеянняў і іскрамётная фантазія. У "Князі Ігары" мяне ўзрадаваў хор. Такой аддачы, тэмбральнай напоўненасці я даўно не чуў. За што я люблю "Хаваншчыну"? Мусаргскі - геній, прарок рускага народа. Шаклавіты Станіслава Трыфанава гаворыць ад імя народа, ды так, што ўся гісторыя, падаецца, праходзіць перад вачыма, і мароз ідзе па скуры ад яго прадвесцяў. Не даюць заснуць "Салаўі" Эдуарда Мартынюка на канцэрце "Дарогі вайны", якія мы прайшлі таленавіта і пранікнёна.

Працуючы над пастаноўкай "Сільфіды" з вопытным харэографам Далгушыным, я атрымаў агромністы вопыт класнай балетнай працы. Для мяне было вялікім кампліментам, калі ўсе ў адзін голас казалі, што дырыжор і балет - адно цэлае. Да гэтага я і імкнуўся. Роля дырыжора - весці за сабой, быць камандзірам, вершнікам, але не без галавы. Цяпер як ніколі тэатру патрэбна працягваць працаваць з дальнабачнасцю, неабходна моцная заяўка, праграма на будучыню. Неабходна, лічу, не страціць маштабу, набранай вышыні. Трэба "звездеть", выпускаць моцныя "ракеты". Трэба зразумець, што будучыня тэатра - ужо ў цяперашнім дні. Гэтым я жыву і "хварэю".

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"