Дык што такое жывапіс Віктара Каралёва? Канешне, гэта, перш за ўсё, - музыка беларускай прыроды. Усе пейзажы - ціхія, ураўнаважаныя, спакойныя: першая зеляніна, лясная дарога ў роднай Аронавай Слабадзе, рака Чарняўка і надыход вясны, шмат зім і сонечных дзён...
Творцу прывабліваюць моманты, калі сонца толькі пачынае заходзіць, калі вецер ледзь-ледзь варушыць бярозавае лісце або засыпае зямлю восеньскім барвовым золатам. На палотнах Каралёва не грукочуць навальніцы, не бурліць тэмперамент, не чуваць блытанай гучнай споведзі або поступу мастакоўскага пафасу. Але гэтае нейкае "звужэнне" эмацыйнага дыяпазону - рамкі індывідуальнага ўспрыняцця, свайго роду "правілы гульні", што разумее глядач, які знудзіўся па пачуццёвым чалавечым мастацтве і якому, па праўдзе кажучы, трошкі паднадакучыў так званы беспрадметны авангардны жывапіс.
Мастак не прэтэндуе на нейкае "наватарства" сваіх вобразна-пластычных пошукаў. Ён - лірычны паэт, для якога родная прырода - усё, і творца ад гэтага атрымлівае асалоду. Хаця я ведаю Віктара Іліядоравіча і як адоранага партрэтыста і майстра нацюрморта. Напрыклад, партрэтную кампазіцыю "Усё было..." лічу вельмі ўдалым палатном В.Каралёва, дзе пранізліва прасочваецца няпросты лёс чалавека, які прайшоў вайну...