Вясёлкавая віхура

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

Пра тых, хто “адыходзіць” і “слухае”

/i/content/pi/cult/328/5965/7-1.jpg

"Я пішу дотыкам колераў",- кажа заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Нінэль Шчасная, выстаўка твораў якой адкрылася ў Светлагорскай карціннай галерэі "Традыцыя" імя Германа Пранішнікава.

 І сапраўды, многія карціны Нінэль Іванаўны нібыта сатканы з асобных кропелек колераў. Шматслаёвасць фарбаў спрыяе адчуванню паветранасці, зіхацення, рухавасці. Раптам здзіўлена заўважаеш, што ў іх ёсць аб'ём, але няма ліній. Вось чаму ейныя творы быццам бы ўзнікаюць з паветра і знікаюць у ім. Здаецца, што яны і напісаны на... паветры.

У 1998-м годзе, калі мастачка ўпершыню завітала са сваёй выстаўкай у Светлагорск, я выказаў ёй гэтае адчуванне. Яна ўсміхнулася ў адказ: "Кожны мастак павінен рабіць тое, чаго няма. Толькі тады ён не рызыкуе быць другасным". Час пацвердзіў, што сваімі творчымі прынцыпамі Нінэль Шчасная не паступілася ні ў адным з 23 твораў, прадстаўленых на гэтай выстаўцы./i/content/pi/cult/328/5965/7-2.jpg

Экспазіцыя адкрываецца аўтапартрэтам. Мы бачым мастачку ў яе знакамітай вязанай шапачцы. Пяшчотна прыжмураныя вочы прыветліва ўзіраюцца ў нас. Затоеная ўсмешка. Яскравая мудрасць. Не, партрэт - гэта не толькі знешняе падабенства. Ён жыве, а не пазіруе свайму ўвасабленню. "Лада слухае..." - называецца адзін з іх. І нават калі б не было гэтага подпісу, адчуванне засяроджанай добразычлівай увагі перададзена з такой псіхалагічнай дакладнасцю, што зноў узгадваем магічную сілу майстэрства мастачкі. Прасветлены настрой зыходзіць з гэтай карціны. Ён - не толькі ў адухоўленай прыгажосці дзяўчыны, але і ў цнатліва-белай прасторы кветак, якія фрагментарна выяўляюць нешта больш значнае, чым тое, што бачым. Паэтычны падтэкст? Так, у творах Нінэль Шчаснай ён прысутнічае заўсёды. Напісаць тое, што не напісана, - гэта ўжо звышталент і звышмайстэрства.

І яны цалкам праявіліся ў таксама пранізліва-псіхалагічным настроі аўтапартрэтнай імправізацыі "Адыходзяць...". Вясёлкавая віхура паветра, у якой, малітоўна склаўшы рукі, усхваляваная жанчына глядзіць услед тым, хто ўжо знік за межамі карціны. Нават у чыста ілюстрацыйнай, на першы погляд, рабоце "Яшчэ адна вясна майго бацькі" раптам заўважаеш у постаці садоўніка такую адметную характэрнасць, што міжволі разумееш, з якой цяжкасцю даюцца яму гэтыя вёсны. Але, стоячы ля яблыні, некалі пасаджанай ім, ён і сам нібыта расце, імкнецца ў веснавое неба...

Уражвае (і не толькі кампазіцыйнай арыгінальнасцю) вертыкальны трайны партрэт "Нэлі, Лада, Ніка". Адразу ж адчуваеш зрокам нейкую спавядальную пераемнасць духоўнай прасветленасці такіх роднасных твараў. А побач - яшчэ адно ўвасабленне Нікі ў аднайменнай карціне, якую так і хочацца назваць "Тварам усмешкі". Побач - "Александроўская з сынам", "Пад засенню звона", "Сяргей Неўмывакін"- такія розныя, па-свойму адметныя, прасякнутыя тонкім псіхалагізмам творы. Дарэчы, у іх Нінэль Шчасная не жадае хаваць сваіх адносін да тых, каго малюе. Яна нават можа зрабіць партрэтам... пейзаж. Дарэмна будзем шукаць у ім рэальнае ўвасабленне таго ж Неўмывакіна, хаця прысутнасць яго нават больш чым адчуваецца.

А ўвогуле ўся экспазіцыя такая кветкава-яркая, вясёлкава-прасветленая, што міжволі прыгадваеш яе назву, падказаную агульным адчуваннем: "Жанчынылілеі". Менавіта гэтая кветка з біблейскіх часоў лічыцца сімвалам чысціні і мае дачыненне, перш за ўсё, да Дзевы Марыі. І ці трэба здзіўляцца, што белыя цнатлівыя прыгажуні прысутнічаюць ледзь не ў кожным творы светлагорскай экспазіцыі. Выключэннем з'ўяляюцца хіба што "Дзьмухаўцы". Але якое майстэрства спатрэбілася, каб напісаць гэтыя бязважкія кветкі побач з камянямі! Пераканаўчы кантраст лёгкасці з цяжарам - жыццёвы спрадвечны сімвал. Аднымі, хай сабе і цудадзейнымі, дотыкамі колераў гэтага не зробіш.

А ў суседняй зале нашай галерэі адначасова экспануюцца 26 твораў яе дачкі Лады. На вялікі жаль, гэта яе пасмяротная выстаўка. Выхаванка Мінскага мастацкага вучылішча, яна скончыла і Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, але больш за ўсё, відаць, вучылася ў маці. І пераемнасць гэтая добра адчуваецца: тая ж святочнасць фарбаў, тое ж выдатнае майстэрства псіхалагічна дакладных партрэтных увасабленняў... Кожнае з іх - таксама з падтэкстам: "Адвярнуўся...", "Партрэт сябра", "Перачытваючы Аскара Уайльда", "Пасля свята"... У палатне "У чаканні цябе" яна імкнулася напісаць не проста партрэт спявачкі, але і ейны голас, перадаць фарбамі адчуванне чакання. Творчая спадчына гэтай надзвычай таленавітай мастачкі патрабуе асобнай размовы.

Больш за сорак персанальных выставак на творчым рахунку Нінэль Шчаснай, а такая- сумесная з дачкой - адна з першых.

 Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск