Тэма сёлетняга пленэру - "Гісторыя і сучаснасць", якую мастакі інтэрпрэтавалі досыць шырока. Так, на карцінах Паўла Татарнікава "Будаўніцтва белай піраміды", "Непрыкметнае жыццё на вёсцы", "Гульня ў хованкі на белым" пільнае вока разгледзіць... камароў. Дарэчы, сам мастак лічыць, што гродзенская сустрэча мастакоў - гэта зерне, якое абавязкова прынясе плён.
Упершыню культурная падзея перамясцілася з восені на май, дзякуючы чаму пленэр узбагаціўся новымі фарбамі, сярод якіх мастакі ўзгадалі колер чаромхі і бэзу. Па-вясноваму гучаць і назвы карцін: "Каштанавы пах" Аістэ Чарнютэ, "Ралля" Вікторыі Ільіной, "Дзяўчына і вясновы сад" Аляксандра Вазбінаса. Зразумела, што асаблівую ўвагу майстры надалі жанру пейзажу, паколькі ім давялося жыць у маляўнічай сядзібе "Каралінскі фальварак Тызенгаўза", дзе імі былі пасаджаны яблыня і груша - першыя дрэвы будучай алеі. Акрамя таго, удзельнікі пленэру пабывалі ў Навагрудку, Лідзе, Гальшанах, Крэве, Жыровіцкім манастыры. Цікавасць у гасцей замежжа выклікала наведанне Майстэрняў членаў Беларускага саюза мастакоў.
Дар'я ЧАРКЕС Гродна