Ад Новага — да Нэмэна

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

Гэты тыдзень выдаўся багатым на джазавыя падзеі.

Сёння і заўтра горад над Нёманам прымае V Міжнародны фестываль "Гроднаджаз". Яго арганізатарамі сёлета сталі аддзел культуры гарвыканкама, абласная філармонія пры падтрымцы генеральнага консульства Польшчы ў абласным цэнтры.

Свята прыме аматараў джаза ў двары Новага замка, дзе сёння адбудзецца юбілейны канцэрт аркестра Гродзенскай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Барыса Мягкова. У ім запланаваны ўдзел, сярод іншых, і артыстаў, што ў розныя гады выступалі ў складзе легендарных "Песняроў": Валерыя Дайнэкі, Аляксандра Кацікава, Валерыя Скаражонка.

А ў сталічнай філармоніі ў мінулы аўторак джазавыя ж імправізацыі на тэмы найвядомых твораў знакамітага музыканта- ураджэнца Беларусі Чэслава Нэмэна прэзентавала польскае трыа Артура Дудкевіча.