Бігборд з матывацыяй, або Як ператварыць "раскрутку" спадчыны ў піяр-атаку?

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

Досвед, інавацыі, аналіз: “раскрыць” перліны на турыстычных магістралях

/i/content/pi/cult/328/5960/4-1.jpg Сярод "Дзесяці прычын наведаць Беларусь" (англамоўны буклет з такой назвай быў выдадзены па заказе Міністэрства спорту і турызму краіны), прынамсі, палова наўпрост ці ўскосна датычыцца менавіта сферы культуры. І, разам з тым, так або інакш апелюе да гістарычнай спадчыны. Таму стратэгічнае супрацоўніцтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства спорту і турызму - з'ява заканамерная. Пасяджэнне сумеснай калегіі, якое прайшло 15 чэрвеня ў Карэліцкім і Навагрудскім раёнах Гродзенскай вобласці, было ўжо другім па ліку. Яно засведчыла як сістэмнасць інтэграцыі высілкаў дзеля агульнай мэты, так і агульныя мэты, інтарэсы... і перашкоды (пра іх - ніжэй).

Па словах міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Алега Качана, "турыстызацыя" большасці помнікаў спадчыны не з'яўляецца сур'ёзнай праблемай: па шчаслівым збегу абставін, яны знаходзяцца на магістральных напрамках айчыннага турызму. Справа толькі - у рацыянальным выкарыстанні падоранага нам продкамі патэнцыялу.

Уласна, аб гэтым і вялася гутарка пад час пасяджэння сумеснай калегіі па пытанні развіцця аб'ектаў турыстычнай індустрыі і спадарожных аб'ектаў турінфраструктуры вакол аб'ектаў гісторыкакультурнай спадчыны.

Як адзначыў у сваім уступным слове міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, падобныя мерапрыемствы ладзяцца зусім не дзеля "птушачкі"- яны павінны спрыяць вырашэнню канкрэтных праблем, актуальных для сфер культуры і турызму. Менавіта на іх міністр і папрасіў засяродзіць увагу ўсіх выступоўцаў.

Турпатэнцыял пакуль не вычарпаны...

У гісторыка-культурным турызме аб'ект паказу "Мірскі замак" з'яўляецца сваго кшталту "пілотным праектам": ён здатны выкрышталізоўваць пэўныя тэндэнцыі, служыць узорам для іншых. І дазваляе рабіць пэўныя высновы.

Пасля свайго ўрачыстага адкрыцця музейны комплекс працуе ўсяго паўгода, але ж пэўныя дывідэнды ад укладзеных дзяржавай у рэстаўрацыю сродкаў навідавоку ўжо сёння. За пяць месяцаў колькасць наведвальнікаў узрасла ў паўтара раза параўнальна з аналагічным перыядам мінулага года, даходы - у шэсць разоў: іх сума складае каля 60% ад агульных выдаткаў на ўтрыманне комплексу.

Агучыўшы гэтыя лічбы пад час пасяджэння калегіі, Павел Латушка, у той самы час, падкрэсліў: патэнцыял росту яшчэ далёка не вычарпаны. Важны рэсурс - выкарыстанне замкавых муроў як пляцоўкі для разнастайных імпрэз. Спаслаўшыся на замежны досвед, намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга адзначыў, што замак можа працаваць ледзь не кругласутачна: ва "ўрочны" час - як музей, а ў вечаровы і начны - як месца правядзення канцэртаў і шоу-праграм.

Мірскі замак ужо даўно стаў пляцоўкай для разнастайных фэстаў - вось і ўдзельнікі пасяджэння заспелі мантаж сцэны для ўжо традыцыйных "Вечароў АНТ". Але, як зазначыў міністр культуры, такая дзейнасць павінна быць рэгулярнай, і магчымасці для гэтага - ёсць. І сапраўды, прадстаўнікі турбізнесу, якія прынялі ўдзел у выязным пасяджэнні, скарысталі паўзы ў праграме для перамоў з в.а. дырэктара Замкавага комплексу "Мір" Сяргеем Беразоўскім аб правядзенні ў старых мурах сваіх імпрэз.

З пункта гледжання інфраструктурнай "абалонкі", Мірскі замак выглядае далёка не найгоршым чынам. Ды, у той самы час, спецыялісты ў адзін голас сцвярджаюць, што патэнцыял тут таксама далёка не вычарпаны. Бо надзвычайная папулярнасць гэтай адметнасці мае і адваротны бок: у летні выхадны дзень у яго ваколіцах няма дзе прыпаркаваць машыну.

 Адной з перашкод для развіцця інфраструктуры вакол Мірскага замка з'яўляецца адсутнасць праекта зон аховы (да яго зацвярджэння новае будаўніцтва забаронена). Распрацоўка дакумента запаволілася. Таму міністр культуры даў даручэнне ліквідаваць гэты "тармазны фактар" цягам бліжэйшых двух месяцаў./i/content/pi/cult/328/5960/4-3.jpg

 Разам з тым, Павел Латушка чарговы раз падкрэсліў, што выкананне беларускага закан а д а ў ства ў сферы аховы спадчыны з ' я ў л я е ц ц а н я ў х і л ь н ы м патрабаваннем пры стварэнні вакол помнікаў даўніны турыстычнай інфраструктуры. Бо апошняя ні ў якім выпадку не павінна "засланіць" самі каштоўнасці, якія, уласна, і забяспечваюць кліентамі аб'екты сэрвісу. І таму іх будаўніцтва ледзьве не ўсутыч да замкавых муроў недапушчальнае. Зрэшты, турысты наўрад ці палянуюцца прайсці якія пару соцень метраў...

З'яўленне на такой адлегласці ад Мірскага замка прыстойнай кавяранькі з густоўнымі інтэр'ерамі і сапраўдным эспрэса "заўважыў" не толькі аўтар гэтых радкоў. Пад час пасяджэння калегіі намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Абрамчык паведаміў, што леташняя выручка той невялічкай кавярні перавысіла 800 мільёнаў рублёў. Мусіць, гэтая лічба з'яўляецца добрым аргументам у бясконцых дыскусіях адносна перспектыў турінфраструктуры на Беларусі.

Замкавы комплекс "Мір"- установа зусім маладая. І, магчыма, для яе плённага развіцця будзе карысны досвед старэйшага калегі. За сем гадоў, што мінулі пасля рэстаўрацыі, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль дасягнуў папраўдзе ўнушальных вынікаў і па колькасці турыстаў, і па росце даходаў, і па асартыменце разнастайных паслуг. Пад час пасяджэння калегіі дырэктар установы Алег Рыжкоў выказаў гатоўнасць падзяліцца гэтым досведам з усімі ахвотнымі. На ягоную думку, выразная канцэпцыя турыстычнага выкарыстання помніка спадчыны павінна фарміравацца яшчэ да пачатку яго рэстаўрацыйных работ: метад "разведкі боем" тут надта рызыкоўны ды затратны.

 Агратурызм у замку

 Да замкаў у Міры і Навагрудку, якія, па сутнасці, з'яўляюцца кутнімі камянямі аднаго з самых масавых турмашрутаў, сёння можна смела далучыць і яшчэ адзін- Любчанскі. Намаганнямі энтузіястаў ён пакрысе ператвараецца з аблезлай руіны ў прывабную адметнасць.

У той самы час, інфраструктура тут пакуль, калі казаць без эўфемізмаў, адсутнічае. Ацаніўшы прафесійным поглядам і адноўленую вежу замка, і шыкоўныя краявіды, што адкрываюцца са стромы, Алег Качан прамовіў: тут можна зарабляць грошы! На думку міністра, пяцізоркавы гатэль выглядаў бы сярод гэтай раскошы прыроды крыху недарэчна, а вось агратурыстычны коплекс з шырокім асартыментам разнастайных паслуг (ад рыбалкі да гольфа) - сама тое!

Варта адзначыць, што мясцовыя ўлады ўжо робяць пэўныя захады ў гэтым напрамку. Як паведаміў старшыня Навагрудскага райвыканкама Анатоль Маркевіч, 1 верасня вучэбна-вытворчы комплекс, які займае будынак былога палацу, перамесціцца на іншы адрас. Новае жытло будзе прадастаўлена і чатыром сем'ям, што паранейшаму жывуць у флігелі. Адразу пасля гэтага пачнецца пошук інвестараў.

У якасці аднаго з магчымых варыянтаў Алег Качан бачыць "прышэсце" на тэрыторыю сядзібна-замкавага комплексу мясцовага СВК "Прынёманскі". Напрыканцы мінулага года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ, паводле якога суб'ектам аграэкатурызму можа стаць не толькі прыватнік, але і сельскагаспадарчае прадпрыемства.

 Адзінкавыя прыклады існуюць ужо даволі даўно і надзвычай паспяхова- варта згадаць хаця б "страусіны" комплекс "Салаўіны гай", створаны на Пастаўшчыне па ініцыятыве няўрымслівага наватара Алега Валадзько. Ці выкарыстаюць такія напрацоўкі кіраўнікі іншых гаспадарак, атрымаўшы для гэтага стымул ад дзяржавы? Вырашаць, натуральна, ім самім. Але прыклад таго, як "няпрофільная" ў сферы турызму арганізацыя здатная асвоіць новую тэрыторыю і палепшыць сваё матэрыяльнае становішча, можна знайсці ледзь не ля ўзножжа замка. Збудаваўшы паляўнічы дамок, мясцовы лясгас здолеў з яго дапамогай зарабіць за мінулы год амаль 100 мільёнаў рублёў, павялічыўшы свае даходы ў разы.

Дырэктар дабрачыннага фонду "Любчанскі замак" Іван Пячынскі ні пра якія прыбыткі нават і не думае. Ён - Энтузіяст з вялікай літары, і таму галоўнае яго цяперашняе памкненне - аднавіць унікальны для нашых краёў рэнесансавы купал па-над уязной вежай. Але... Як адзначыў Алег Качан, для хутчэйшага працягу рэстаўрацыйных работ патрэбны грошы, і найважнейшай іх крыніцай можа стаць менавіта турбізнес.

Адпаведна, удзельнікі пасяджэння маглі ўвачавідкі пераканацца, што "пункты судакранання" паміж адраджэннем спадчыны і турызмам сустракаюцца літаральна на кожным кроку.

Магчымасці для асабістых унёскаў

У якасці сведчання дзяржаўнай палітыкі ў справе адраджэння спадчыны Павел Латушка прывёў канкрэтныя лічбы. На правядзенне рэстаўрацыйных работ у мінулую пяцігодку з бюджэту было выдаткавана больш за 500 мільярдаў рублёў. Сёлета гэтая сума мае скласці болей за 160 мільярдаў рублёў. А Дзяржпраграма "Культура Беларусі" на бліжэйшую пяцігодку прадугледжвае фінансаванне рэстаўрацыйных работ на 34 аб'ектах спадчыны. Тым часам, згодна з Даручэннем Кіраўніка дзяржавы, Міністэрства культуры краіны ўжо падрыхтавала праект яшчэ адной Дзяржпраграмы - "Замкі Беларусі", якая ахоплівае каля 38 аб'ектаў (замкаў, руін замкаў і замчышчаў). Матэрыяльнае вымярэнне гэтай глабальнай ініцыятывы - 318 мільярдаў рублёў за кошт усіх крыніц фінансавання.

 У той самы час, міністр культуры чарговы раз адзначыў важнасць прыцягнення ў гэтую сферу пазабюджэтных сродкаў. Апошняму павінен спрыяць Указ Прэзідэнта № 145, які ўступае ў сілу 1 ліпеня бягучага года. Згодна з ім прадугледжваецца вызваленне ад падатку на прыбытак той сумы (да 10% ад валавога прыбытку), якую арганізацыя скіроўвае на правядзенне рэстаўрацыйных работ.

- Неабходна, каб у грамадства было ўсведамленне таго, што клопат па аднаўленні каштоўнасцей не з'яўлецца выключна місіяй дзяржавы, - адзначыў міністр культуры. - Грамадства таксама павінна надаваць гэтаму ўвагу і ўдзельнічаць не толькі праз выплату падаткаў, якія ідуць, у тым ліку, і на аднаўленне помнікаў, але і праз ахвяраванні...

Як адзначыў Павел Латушка, гэта мае не толькі эканамічны, але і выхаваўчы эфект, бо спрыяе асабістаму ўсведамленню важнасці помнікаў спадчыны. А для такіх унёскаў створаны новыя, больш камфортныя, магчымасці.

Пад час рабочай нарады па пытаннях прыцягнення пазабюджэтных сродкаў на кансервацыю Навагрудскага замка намеснік старшыні Рэспубліканскага савета па пытаннях культуры і мастацтва Анатоль Бутэвіч выказаў прапанову ўстанавіць на папулярных тураб'ектах скрыні-скарбонкі, бо не кожны ахвотны ахвяраваць на добрую справу пасільную суму знойдзе час на наведанне банка. Нарада прайшла зусім нядаўна, а сёння гэтая прапанова ўжо ўвасоблена ў жыццё. На пасяджэнні калегіі адбылася своеасаблівая прэзентацыя такой скарбонкі. Пад апладысменты прысутных першыя ахвяраванні зрабілі Павел Латушка і Алег Качан. Неўзабаве да іх з ахвотай далучыўся і сам аўтар задумы, які акурат у той дзень прымаў ад прысутных віншаванні з 70-годдзем.

 Натуральна, такая грамадзянская пазіцыя павінна быць уласціва і ўласнікам ды карыстальнікам аб'ектаў спадчыны. Каб забяспечыць іх дадатковым стымулам да выканання сваіх юрыдычных і маральных абавязкаў, сёлета Міністэрства культуры плануе правесці конкурс на лепшы прыклад аховы гісторыкакультурнай каштоўнасці, вызначыўшы трох пераможцаў і заахвоціўшы іх грашовымі прэміямі.

 Джунглі ў фальварку

Самым праблемным аб'ектам спадчыны, які сустрэўся на маршруце выязнога пасяджэння, без сумневу, была сядзіба Храптовічаў у Шчорсах. Для шляхецкіх маёнткаў яе лёс характэрны. І будучыня будынка, дзе месцілася знакамітая бібліятэка, у якой часцяком працаваў сам Міцкевіч, пакуль вельмі няпэўная. Тое ж самае тычыцца і фальварка Мураванка, які гэтай парой ператварыўся ў сапраўдныя джунглі.

- Наша першасная задача - навесці там парадак, каб людзі маглі прыехаць і ўбачыць хараство гэтых мясцін, - у сваім выступленні Анатоль Маркевіч не абмінуў і тэму Шчорсаў. - У той самы час, ствараецца пакет дакументаў, неабходных для таго, каб выставіць аб'ект на аўкцыён...

Як адзначыў старшыня райвыканкама, падобны лёс чакае і колішнюю сядзібу О'Руркаў ва Усялюбе, дзе нядаўна была праведзена прэвентыўная кансервацыя.

- У перспектыве яна можа быць выкарыстана для стварэння аграсядзібы ў стылі шляхецкага фальварка для турыстаў сярэдняга класа, - дадаў Анатоль Маркевіч.

 Працэс перадачы былых шляхецкіх сядзіб у прыватныя рукі яўна "падбуксоўвае": з 46 маёнткаў, уключаных у адмысловы спіс, новых гаспадароў знайшлі ўсяго чатыры. Сярод імаверных прычын пад час пасяджэння былі адзначаны тры: пасіўнасць многіх прадстаўнікоў мясцовых улад, слабое інфармацыйнае забеспячэнне кампаніі, а таксама - праблемы заканадаўчыя. Так, сёння стартавую цану аб'екта спадчыны вызначае ацэнка экспертаў. Яна і сама па сабе каштуе нямала для раённых улад, і сумы ў выніку атрымліваюцца непад'ёмныя для інвестара.

Таму яшчэ на папярэдняй сумеснай калегіі двух міністэрстваў было прынята рашэнне ініцыяваць змены ў заканадаўства, якія спрашчалі б шлях паміж зацікаўленым інвестарам і закінутай сядзібай. Тым не менш, распрацоўка дакумента, што патрабуе ўзгаднення ў розных ведамствах, зацягнулася. Павел Латушка даў даручэнне вырашыць гэтую задачу цягам месяца.

 У дадатак да білета ў музей

 Як і выпадала чакаць, асаблівая ўвага пад час пасяджэння калегіі была нададзена развіццю турыстычнай інфраструктуры. Праблема мае два аспекты: з аднаго боку, брак сэрвісу стрымлівае развіццё турызму, а з другога - не дазваляе выкшталцоным аб'ектам паказу прыносіць належныя эканамічныя дывідэнды. Бо іх даюць менавіта "спадарожныя паслугі": абед у рэстаране каштуе куды даражэй за білет у музей. Той самы Навагрудак штогод наведваюць многія дзясяткі тысяч "арганізаваных" і самастойных турыстаў, але ці шмат прыбытку мае з гэтага сам горад?

Нястачу кавярняў у цэнтры Гродна мог адзначыць ці не кожны яго наведвальнік, ды і ва ўсім рэгіёне тая праблема даецца ў знакі. Пад час пасяджэння Алег Качан падмацаваў гэтыя эмпірычныя назіранні канкрэтнай статыстыкай: у намінацыі "Грамадскае харчаванне" вобласць займае апошняе месца ў краіне! Не нашмат лепшы рэйтынг і па частцы гатэляў (5-е месца) ды аб'ектаў прыдарожнага сервісу (6-е месца). Як адзначыў міністр спорту і турызму, такія вынікі ніяк не вяжуцца з тым густым россыпам прыцягальных для турыстаў гісторыкаку/i/content/pi/cult/328/5960/4-2.jpgльтурных каштоўнасцей, якімі па праве ганарыцца Гродзеншчына.

Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Ігар Жук не толькі прызнаў наяўнасць дадзенай праблемы, але і заявіў пра тое, што яна ўжо на стадыі вырашэння. Так, ужо сёлета ў цэнтры Гродна ўзнікла сем новых кавярняў (мабыць, больш, чым было!), а да канца года іх колькасць мае ўзрасці да 20.

У сваім выступленні на пасяджэнні калегіі старшыня Навагрудскага райвыканкама Анатоль Маркевіч вельмі шчыра і самакрытычна ахарактарызаваў развіццё турінфраструктуры горада:

- Пра маштабную і мэтанакіраваную работу ў гэтым напрамку казаць пакуль праблематычна. Але наперадзе ў нас - шмат планаў і задум...

Два гарадскія гатэлі- дзяржаўны і прыватны - могуць адначасова размясціць усяго 105 гасцей, прычым большасць тых "койкамесцаў" далёкія ад еўрапейскіх стандартаў. З шырока праанансаваным у свой час адраджэннем гатэля "Еўропа" выйшла, як кажуць, замінка. Пляцоўка па-ранейшаму пустая: з тых або іншых прычын, інвестар свае планы не ажыццявіў, і цяпер раённай адміністрацыі давядзецца ісці па другім коле. А з аб'ектамі харчавання (ці, дакладней, утульнымі кавярнямі) у Навагрудку справа зусім кепская.

 У той самы час, у старой камяніцы на цэнтральнай плошчы ўжо вядуцца рамонтныя работы. Там плануецца размясціць і невялічкі гатэльчык, і прыстойны рэстаран. Для інвестараў падрыхтаваны і іншыя падобныя пляцоўкі, і таму старшыня райвыканкама спадзяецца, што неўзабаве статус-кво ў справе інфраструктуры будзе выпраўлены.

 Анатоль Маркевіч, які займае сваю цяперашнюю пасаду зусім нядаўна, з імпэтам узяўся за вырашэнне тых праблем, якія здаваліся ледзь не "вечнымі". Сярод іх - і "зачыстка" прызамкавай тэрыторыі ад шэрых і непрыглядных буданчыкаў - досыць неадэкватнага атачэння для такога гістарычнага месца.

- Мы ўжо займаемся гэтай работай, - паведаміў пад час пасяджэння Анатоль Маркевіч.

 На месцы старых хібар старшыня райвыканкама ў перспектыве бачыць усе патрэбныя для турыстаў аб'екты інфраструктуры: і стаянку, і санвузлы, і сувенірныя крамы... Але для больш дэталёвага планавання ён лічыць неабходным папярэдне пракансультавацца са спецыялістамі.

Словы "інфраструктура" і "інвестыцыі" ў наш век падаюцца амаль аднакарэннымі. Кожнаму зразумела, што першае залежыць ад другога - і ніяк інакш! Таму на Гродзеншчыне неўзабаве стартуе праект, які на пасяджэнні калегіі таксама быў названы "пілотным". Яго мэта - насычэнне тураб'ектамі ваколіц Аўгустоўскага канала. А сродкі - стварэнне максімальна спрыяльных умоў для інвестараў. 26 мая быў падпісаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 220 "Аб стварэнні спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку "Аўгустоўскі канал". Гэтая тэрыторыя атрымала статус свабоднай эканамічнай зоны - з усімі прыемнымі наступствамі для інвестараў.

- Калі мы пачалі аналізаваць, чаму не развіваецца турызм на Аўгустоўскім канале, дык неўзабаве зрабілі такую выснову: дзяржарганізацыя, якая кіравала гэтай тэрыторыяй, не спрыяла прыцягненню інвестыцый,- распавёў старшыня гродзенскага аддзялення Рэспубліканскага спартыўна-турысцкага саюза Сяргей Каляда.

Ён ужо сёння гатовы назваць сем інвестараў з Гродна, гатовых укладаць сродкі ў развіццё інфраструктуры на Аўгустоўскім канале. Адзначае і зацікаўленасць прадпрымальнікаў з польскага боку- дзе, дарэчы, такіх ільготных умоў няма.

"Made in Навагрудак"

Ля пачатку брукаванай сцежкі ў Навагрудскі замак размясціліся два латкі з сувенірнай прадукцыяй. Першы прадстаўляў адметныя вырабы майстроў з раённага Цэнтра рамёстваў, а другі прапаноўваў даволі някепскі асартымент карт, буклетаў, дыскаў з фільмамі, фота ў рамцы з тымі самымі абрысамі вежаў... На адваротным баку аднаго з іх прыкмеціў надпіс: "Зроблена ў Навагрудку".

Нярэдка на сувенірах, якія прадаюць ля нашых турадметнасцей, пазначаны зусім іншы "адрас", куды больш геаграфічна аддалены... Такую фабрычную штампоўку можна напаткаць ці не ў кожным горадзе свету. А вось майстроўскія вырабы "made in Навагрудак" не купіш ні ў Ноўгарадзе, ні ў Ньюкасле, ні дзе яшчэ. І турысты зазвычай вельмі чула рэагуюць на эксклюзіў.

Убачаны прыклад чарговы раз засведчыў, што праблема арыгінальных сувеніраў - цалкам вырашальная, прычым выключна на "мясцовым" узроўні. Алег Качан выказаў надзею, што сістэмная праца ў дадзеным кірунку стане пастаяннай, і латкі настала "прапішуцца" ля старых валоў.

Трапіўшы на тэрыторыю замка, удзельнікі пасяджэння маглі пераканацца, што "на месцы" можна вырашыць і іншую праблему - турыстычнай атракцыі. Рыцары ўжо рыхтавалі паходні для свайго міні-спектакля... Пачэсным гасцям ён спадабаўся - хіба з той заўвагай, што на Навагрудскім замчышчы куды арганічней гучала б беларуская мова.

Здавалася б, у горадзе, які спарадзіў усебеларускую моду на сярэднявечныя фэсты, людзьмі ў шаломах ды кальчугах нікога ўжо не здзівіш. Але рыцары, якіх мы бачым пад час тых імпрэз, - гэта "варагі", якія прыязджаюць у Навагрудак усяго на некалькі дзён. Іншая справа - рыцары свае, тутэйшыя. Ім не трэба ехаць за сотні кіламетраў, каб "ажывіць" старыя руіны. Мясцовыя воі могуць рабіць гэта не раз на два гады, а хоць кожныя выхадныя - прыкладам, у фармаце "адкрытых трэніровак" або запланаваных на канкрэтны час паказальных выступленняў. А потым, "напрацаваўшы мускулы", магчыма, створаць і адмысловы турпрадукт "за асобную плату", як гэта ўжо даўно і паспяхова практыкуюць іх лідскія "браты па зброі".

Таму і не дзіва, што намеснік старшыні райвыканкама Алена Ермакова ведае найноўшую гісторыю мясцовага рыцарства ў дэталях і ставіцца да гэтай маладзёжнай ініцыятывы вельмі ўважліва. Ды і Клуб гістарычнай рэканструкцыі, які сфарміраваўся толькі ў лістападзе мінулага года, мае красамоўную назву - "Мэта".

 Пра турівэнты і анімацыю гутарка пад час пасяджэння вялася неаднаразова. Як адзначыў Чэслаў Шульга, вельмі важна, каб у кожным прыцягальным для турыстаў гарадку з'явіўся свой пазнавальны "брэнд". Як адзначыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Ігар Жук, у рэгіёне пастаўлена задача стварыць такі "падзейны" турбрэнд у кожным раёне. А Павел Латушка запэўніў, што навагрудскі фэст і надалей будзе мець падтрымку Міністэрства культуры краіны.

Начальнік упраўлення па ахове гістрыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры краіны Ігар Чарняўскі чарговы раз звярнуў увагу на тое, што каляндар такіх "івэнтаў" павінен распрацоўвацца загадзя і змяшчацца як на сайтах абодвух міністэрстваў, гэтак і на вэб-рэсурсах мясцовых органаў улады.

Цікавы прыклад такой "разыначкі" прывёў Алег Рыжкоў: своеасаблівы "цюльпанавы" фэст, які ладзіцца ў гомельскім парку цягам вось ужо пяці гадоў.

 - Уявіце сабе: адначасова раскрываюцца 70 тысяч цюльпанаў! І турысты з Браншчыны ды Смаленшчыны цэлымі аўтобусамі едуць, каб паглядзець на гэты цуд!..

У цэлым, гэтае пасяджэнне калегіі адлюстравала вельмі прыемную тэндэнцыю - актывізацыю мясцовай улады ў справе развіцця турызму ў сваіх рэгіёнах. Можа, некаторыя яе прадстаўнікі ўсё яшчэ чакаюць "добрых дзядзькаў" звонку, якія самі да іх "прыедуць і разаўюць", але многія смела бяруць ініцыятыву ў свае рукі і распрацоўваюць свае амбітныя ды маштабныя праекты. Своеасаблівая прэзентацыя аднаго з іх адбылася і на пасяджэнні сумеснай калегіі. Намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Галіна Унуковіч распавяла пра задуму стварэння ў гэтым мілым гарадку музейнага квартала - праз стылізацыю пад даўніну будынкаў на плошчы 17 верасня. Варта адзначыць, што прыгожы праект суправаджаўся прагматычным абгрунтаванем яго мэтазгоднасці. Міністр культуры ўзняў пытанне аб стварэнні ў Глыбокім Музея Язэпа Драздовіча.

Як адзначыў Анатоль Маркевіч, раённыя ўлады паставілі перад кожным сельсаветам Навагрудчыны задачу распрацаваць уласны арыгінальны тупрадукт.

- Вядома, гэта зусім няпроста, ды і старшыні сельсавета не заўсёды добра абазнаны ў тэме турызму,- дадаў ён.- Але планамерная работа ўжо прыводзіць да пэўных зрухаў.

Праблема рэкламы

 Яшчэ адной "скразной тэмай" на пасяджэнні калегіі стала праблема рэкламы, піяру і інфармацыйнага забеспячэння турызму ў цэлым. Як адзначыў дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму краіны Уладзімір Кармазін, толькі за сродкі з рэспубліканскага бюджэту ў мінулыя тры гады было выпушчана 300 тысяч асобнікаў друкаванай рэкламнай прадукцыі/i/content/pi/cult/328/5960/4-4.jpg. Да таго ж, беларускі турызм прадстаўлены на многіх міжнародных выстаўках. Але... Пра масіраваную піяр-атаку па ўсіх франтах казаць, напэўна, пакуль не выпадае. Хаця менавіта яна можа змяніць становішча і з экспартам турпаслуг, і з унутраным іх спажываннем.

Павел Латушка звярнуўся да практыкі іншых краін, якія актыўна рэкламуюць свой турпрадукт на нашай тэрыторыі і праз пасрэдніцтва айчынных СМІ. Прычым гэта менавіта іміджавая рэклама, скіраваная на пазіцыянаванне краіны ў цэлым, а не канкрэтнага курорта або гатэля. У той самы час, бігборды і ролікі, якія матывавалі б "прыехаць у Беларусь", за мяжой пакуль не сустрэнеш.

 Міністр культуры прывёў у якасці прыкладу і іншую практыку, якая істотна стымулюе рост унутранага турыстычнага рынку. Скажам, у Варшаве можна ўбачыць бігборды з заклікам "прыехаць у Кракаў" (які, здавалася б, рэкламы не патрабуе, бо з'яўляецца адной з найпапулярнейшых турмясцін Еўропы) - і наадварот. Таму ўзнікла прапанова больш актыўна і мэтанакіравана задзейнічаць для папулярызацыі турызму ўнутры краіны айчынныя медыярэсурсы - прычым пачаўшы менавіта з "раскруткі" Навагрудка з дапамогай адмысловага тэлероліка.

Падаецца, такія захады ў перспектыве могуць забяспечыць добрую выручку не толькі 20, але і 120 гродзенскім кавярням - вядома, калі да іх дададуцца яшчэ і гатэлі "на розную кішэню"...

 Іншы аспект інфармацыйнага забеспячэння турмаршрутаў - указальнікі і карты непасрэдна на вуліцах гарадоў. Без іх "самастойнаму" турысту (а тым больш - замежніку) арыентавацца ў прасторы, бадай, немагчыма. З вялікага спісу беларускіх гарадоў, дзе няма ніводнай англамоўнай "стрэлкі", можна з радасцю выкрэсліць Навагрудак: на яго галоўнай плошчы такі ўказальнік нядаўна з'явіўся. Па звестках Уладзіміра Кармазіна, за апошнія тры гады ў краіне было ўстаноўлена каля тысячы разнастайных інфармацыйных шчытоў, знакаў і ўказальнікаў.

 ■ ■ ■

 Як адзначыў пад час пасяджэння Алег Качан, для развіцця турызму сёння неабходна некалькі складнікаў: выкарыстанне досведу (у тым ліку і замежнага), інавацыі, аналітычныя здольнасці. А таксама - каардынацыя высілкаў усіх зацікаўленых суб'ектаў. На думку міністра спорту і турызму, своеасаблівыя міжведамасныя "міні-калегіі" павінны ўтварацца ў кожным раёне.

 Развіваючы гэтую думку, Павел Латушка прапанаваў шэраг канкрэтных супольных праектаў - у прыватнасці, па рэкламна-інфармацыйным забеспячэнні турызму. Адпаведна, супрацоўніцтва паміж двума міністэрствамі набывае ўсё больш выразныя абрысы. І гэта заканамерна, бо інакш, як сумеснымі намаганнямі, набалелых пытанняў не вырашыць.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Карэліцкі раён - Навагрудскі раён - Мінск

Фота аўтара