Дэфіле "Паміж белым і чорным"

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

Саветнік па гуманітарных пытаннях Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Ірына Зубко паведамляе “К”, што ў Вільнюсе пройдзе шэраг культурных мерапрыемстваў з нагоды Дня Незалежнасці нашай краіны.

Пад час свята адбудзецца ўрачысты прыём, на які збяруцца члены ўрадавай адміністрацыі, дзеячы культуры і мастацтва, прадстаўнікі дзелавых колаў і беларускай дыяспары - усяго каля 500 чалавек. На прыёме выступяць Узорны паказальны аркестр Пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь і ансамбль народнай песні і танца "Бяседа". Таксама адбудзецца і паказ калекцый Беларускага цэнтра моды.

 А з 29 чэрвеня па 9 ліпеня ў Вільнюскай ратушы пройдзе выстаўка работ загадчыка аддзела фотаілюстрацыяй газеты "Культура" Юрыя Іванова "Паміж белым і чорным". Прэзентавацца будзе 208 фотаздымкаў - рэтраспектыва беларускай гісторыі з 1960-х гадоў да сённяшняга дня. Юрый Іваноў выстаўляецца ў Вільнюсе не першы раз, і, па словах Ірыны Зубко, творы гэтага мэтра фотамастацтва заўжды прыцягваюць увагу гледача.