"Неба…" + "…Ластаўка" = ...

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

Алена Ланская якая сёлета прадставіць Беларусь на Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Славянскага базару ў Віцебску”, змяніла парадак сваіх песень, абраных для гэтага спаборніцтва.

/i/content/pi/cult/328/5956/3-5.jpgУ першы конкурсны дзень, 11 ліпеня, у суправаджэнні фанаграмы "мінус адзін" спявачка прадставіць кампазіцыю "Неба ведае" Леаніда Шырына на словы Вольгі Рыжыкавай. Раней вызначаная песня "Малады і нежанаты" Васіля Раінчыка на словы Леаніда Пранчака, якая ў свой час стала адной з "візітовак" Анжалікі Агурбаш, прагучыць у выкананні Ланской напярэдадні, пад час лёсавання ў Віцебскай абласной філармоніі. У другі конкурсны дзень, 12 ліпеня, у суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам яна праспявае, як адзначалася раней, "Белую ластаўку" Уладзіміра Кандрусевіча на словы Вольгі Болдыравай.

- Гэтыя змены, - дала каментарый дырэктар спявачкі Юлія Палтаўская, - не такія грунтоўныя, як можа ўяўляцца. Бо з самага пачатку рыхтаваліся ўсе тры песні, адразу ж было вызначана, што з аркестрам будзе выконвацца "Белая ластаўка". Цяперашняя паслядоўнасць падаецца нам больш мэтазгоднай. Увогуле ж, падрыхтоўка ідзе поўным ходам. Штодзень у Алёны - заняткі па вакале з Валерыем Дайнэкам, рэпетыцыі з харэографам Вольгай Шамровай. Шыюцца адметныя сцэнічныя строі, над імі працуюць маладыя беларускія дызайнеры Вольга Семчанка і Ганна Драгацэнная. Так што настрой не проста добры - лепш сказаць, актыўны і добразычлівы. У Алены Ланской і раней было шмат запрашэнняў на выступленні. Цяпер іх значна паболела, таму ад некаторых даводзіцца нават адмаўляцца: вядома, на першым плане - падрыхтоўка да конкурсу.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"