Цукеркавыя "вузельчыкі"

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

Сёння ў Івянцы распачаўся “Цукеркавы фэст”, які другі год запар ладзіць адно з буйных кандытарскіх прадпрыемстваў. Вось ён, крэатыў, што зыходзіць з прыватнай ініцыятывы!

/i/content/pi/cult/328/5955/3-4.jpgЗдзівіліся, калі даведаліся, што на кандытарскім прадпрыемстве ёсць пасада... вядучага спецыяліста па этнаграфіі. Гэты спецыяліст - Антаніна Хатэнка. Яна і прыдумала Цукеркавы фэст.

 "Мы - партнёры", - кажа мастацкі кіраўнік Івянецкага гарпасялковага дома культуры Таццяна Аляшэвіч. Паводле яе слоў, установа сустракае гасцей (а пад час фэсту ў гістарычным цэнтры Івянца яблыку няма куды ўпасці), дапамагае гукаўзмацняльнай апаратурай. Адзін з партнёраў "цукеркавай дзеі" - і Івянецкі музей традыцыйнай культуры, што мае абласное падпарадкаванне. Кіраўнік установы Віктар Загавалка паведамляе "К", што фэст разгортваецца на іхняй тэрыторыі - на сядзібе вайсковага афіцэра Пятра Драгунцава, які пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай атрымаў зямлю ў Івянцы. На гэтай "зямлі" цяпер знаходзяцца музей, Цэнтр рамёстваў, рамесніцкія майстэрні, а неўзабаве з'явіцца карчма.

А зараз - пра сутнасць "Цукеркавага фэсту". Ён, як тлумачыць Антаніна Хатэнка, - этнаграфічны, грунтуецца на легендах аб Івянцы, што быў заснаваны Вітаўтам Вялікім. За сюжэтную лінію і яе рэалізацыю адказвае зборны акцёрскіх калектыў "Майстэрня ўражанняў", што складаецца з выпускнікоў і студэнтаў Беларускай акадэміі мастацтваў. "Вузельчыкамі" сюжэта з'яўляюцца містычныя сустрэчы з былымі ўладарамі Івянца, рыцарскія бойкі, шляхецкія пацехі, дэфіляда ў нацыянальных строях, рамесніцкія майстар-класы, фаер-шоу... А паколькі фэст мае слоган "Падсаладзі дзень!", дык абавязковым складнікам тэатралізаванай дзеі з'яўляецца "пошук" чароўнай цукерчыны. Летась на салодкія падарункі кандытары выкарысталі... паўтары тоны цукерак.

 Сёння, дарэчы, на Міншчыне распачынаецца яшчэ адна знакавая дзея - ІV Абласны фестываль гульні і гумару "Капыльскія пацехі". Тут збіраецца больш за 20 аматарскіх калектываў з 16 рэгіёнаў Міншчыны. Фестывальнае журы ўзначальвае загадчык кафедры рэжысуры абрадаў і святаў БДУКіМ прафесар Пётр Гуд.

 На здымку: пад час мінулагодняга фэсту.