Як паведамляе Міністэрства культуры краіны, у ходзе перамоў з Паслом Індыі, які ініцыяваў сустрэчу, былі абмеркаваны пытанні двухбаковага беларуска-індыйскага супрацоўніцтва.
У прыватнасці, разгледжаны пытанні аб падрыхтоўцы Праграмы супрацоўніцтва паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Індыя ў галіне культуры, мастацтва, адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі і друку на 2011 - 2013 гады, якая плануецца да падпісання пад час правядзення пасяджэння міжурадавай беларуска-індыйскай камісіі ў верасні бягучага года, аб магчымасцях арганізацыі Пасольствам Індыі ў Беларусі шэрагу мерапрыемстваў ва ўстановах культуры, аб рэалізацыі праектаў па ўзаемным перакладзе літаратурных твораў вядомых аўтараў абедзвюх краін, аб магчымасцях вывучэння хіндзі ў вышэйшых навучальных установах Беларусі. Індыйскім бокам выказана гатоўнасць аказаць садзейнічанне Міністэрству культуры нашай краіны ў выданні на хіндзі твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа да 130годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры ў 2012-м.
Асаблівая ўвага была нададзена пытанням двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі. Дасягнута дамоўленасць аб магчымым прыездзе ў Беларусь індыйскіх кінапрадзюсараў для абмеркавання пытанняў супрацоўніцтва ў згаданай сферы. Суразмоўцы таксама абмеркавалі магчымасці выкарыстання індыйскім бокам кінатэхналагічных паслуг і студыйных магчымасцей Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".
Як паведамілі карэспандэнту "К" у Дэпартаменце па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, індыйскі бок выказаў зацікаўленасць у здымках сваіх стужак на тэрыторыі нашай краіны. Таксама ішла гаворка аб перспектыве арганізацыі стажыровак айчынных кінематаграфістаў і студэнтаў факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на кінастудыях і ў навучальных установах Індыі, двухбаковым супрацоўніцтве ў сферы сумеснай кінавытворчасці і ўдзеле індыйскіх кінематаграфістаў у кінафестывалі "Лістапад". Чакаецца, што індыйская карціна будзе заяўлена ў конкурснай праграме Мінскага міжнароднага фестывалю.