Форум медыя і прафесіяналаў

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

Рэзалюцыю VI Беларускага міжнароднага медыяфоруму “Партнёрства ў імя будучыні: патрыятызм, духоўнасць, яднанне” прынялі ўчора яго ўдзельнікі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

/i/content/pi/cult/328/5952/3-1.jpg Дакумент мае на мэце данесці асноўныя тэзісы форуму да шырокай грамадскасці. Як паведамілі карэспандэнту "К" у сектары знешніх сувязей упраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязей Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, на пленарным пасяджэнні медыяфоруму, вынікам якога стала рэзалюцыя, прысутнічалі 500 кіраўнікоў і журналістаў айчынных і замежных сродкаў масавай інфармацыі, экспертаў. Практычна ўсе госці з 21 краіны свету, што падалі заяўкі на ўдзел у форуме, прыехалі і актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіях, майстар-класах.

Увага журналістаў была скіравана на такія актуальныя тэмы, як "Рэспубліка Беларусь у кантэксце сучасных геапалітычных працэсаў", "Цывілізацыйнае адзінства як аснова суверэннага развіцця дзяржаў Садружнасці". Удзельнікі дыскусіі выказалі свае меркаванні і на тэму "Новая роля сродкаў масавай інфармацыі ў фарміраванні палітычных рэалій".

Дарэчы, намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч пад час брыфінгу напярэдадні медыяфоруму зазначыла: "СМІ павінны быць адказныя за лёсы сваіх народаў, яны могуць увайсці ў гісторыю краін, у якіх дзейнічаюць. І кожны сродак масавай інфармацыі нашай дзяржавы павінен выпрацаваць стратэгічную лінію паводзін у новых умовах".

Летняя школа журналістыкі ў рамках медыяфоруму адбылася 23 чэрвеня ў Інстытуце журналістыкі БДУ. У яе адкрыцці прынялі ўдзел міністр інфармацыі краіны Алег Праляскоўскі, дырэктар Інстытута Сяргей Дубовік і прэзідэнт Еўразійскай акадэміі тэлебачання і радыё Валерый Рузін. Апошні правёў для студэнтаў майстар-клас на тэму "Сацыяльная адказнасць СМІ ў сучасных умовах".

 Майстар-клас на тэму "Культура і сродкі масавай інфармацыі" прадставіла прэзідэнт Рускага клуба мастацтва і культуры Наталля Галіцына. Шмат цікавых дакладаў, што закраналі пытанні працы калумністаў, фотакарэспандэнтаў, сеткавых СМІ, інфармацыйных агенцтваў ды іншых, з цікавасцю слухалі і каменціравалі студэнты Інстытута журналістыкі.

Сёння ж удзельнікі VI Беларускага міжнароднага медыяфоруму наведаюць Замкавы комплекс "Мір" і Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, дзе бліжэй пазнаёмяцца з культурай і гісторыяй нашай краіны.