Дыхтоўна зрабілі!

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

7 верасня афіцыйна адкрыўся сталічны гатэль “Еўропа”. Ён паўстаў амаль на тым жа месцы і вонкава такі ж, якім быў колісь (разбураны ў гады Вялікай Айчыннай вайны). Узнаўленне гатэля ажыццёўлена паводле даручэння Кіраўніка дзяржавы, дадзенага ў 2004 годзе. І ў дзень яго адкрыцця Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў новы-стары, цягам многіх гадоў галоўны мінскі гатэль.

 /i/content/pi/cult/128/595/Evropa1.jpg
Вонкава ён нагадвае ранейшы, а па ўсіх іншых параметрах — цалкам новы і сучасны. Гатэль уяўляе сабой сяміпавярховы будынак атрыумнага тыпу з двума падземнымі ўзроўнямі.
Атрыум з галерэямі і двума панарамнымі ліфтамі займае цэнтральнае месца ў будынку і завяршаецца светлавым купалам. У гатэлі — 67 нумароў, цырульня, начны клуб, фізкультурна-аздараўленчы комплекс з турэцкай лазняй, басейнам, залай трэнажораў і фітабарам. Гатэль абсталяваны мэбляй, выкананай па індывідуальным заказе прадпрыемствамі “Бабруйскмэбля” і “Пінскдрэў”.
Прэзідэнт Беларусі пасля агляду новага гатэля даў яму пазітыўную ацэнку. Дзелячыся ўражаннямі з журналістамі, Аляксандр Рыгоравіч сказаў: “Дыхтоўна зрабілі”.
Гатэль “Еўропа” — частка ажыццяўляемай у апошнія гады комплекснай рэканструкцыі Верхняга горада. У сувязі з гэтым Кіраўнік краіны запатрабаваў не зацягваць працу па рэканструкцыі цэнтра беларускай сталіцы.

Паводле матэрыялаў БелТА