Павіншуем Рэспубліку!

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

Канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі, прымеркаваны да Дня Незалежнасці краіны, 1 ліпеня збярэ ў Палацы Рэспублікі самыя знакавыя прафесійныя і аматарскія калектывы ды вядомых выканаўцаў. Пра гэта паведаміла карэспандэнту “К” рэжысёр свята Ніна Осіпава.

 

 Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры", Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль "Харошкі", Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь, Ірына Дарафеева ды шмат маладых выканаўцаў прапануюць гледачам свае лепшыя нумары. Ніна Осіпава адзначае, што яны выканаюць і зводныя кампазіцыі, сустрэўшыся на адной сцэне.

- У канцэрце будуць выкарыстаны элементы тэатралізацыі, камп'ютарнай графікі, відэа, - дадае рэжысёр. - Але ўсіх сакрэтаў пакуль расказваць не будзем, паколькі хочам здзівіць гледачоў...

 Напярэдадні Дня Незалежнасці запланавана ўрачыстая цырымонія ўскладання вянкоў да помніка Перамогі. А 3 ліпеня жыхары і госці сталіцы змогуць пабачыць парад ваеннай тэхнікі ды зводнай роты ганаровай варты і зводнага аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама іншых удзельнікаў. Пра гэтыя планы на святочныя дні паведамляе ўпраўленне культуры Мінгарвыканкама.

Парад прадоўжыць тэатралізаванае спартыўна-маладзёжнае шэсце, а цягам дня будуць праходзіць выстаўкі-продажы, пленэры, канцэртныя праграмы ў кожным з раёнаў сталіцы.

С.К.