Золата Пампеі і карціна Рэмбранта

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

Музейная хроніка чэрвеня 1941-га

/i/content/pi/cult/327/5945/pic_25.jpgНапярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі налічвалася 26 музеяў, якія знаходзіліся ў падпарадкаванні Народнага камісарыята асветы. У іх фондасховішчах захоўваліся дзясяткі тысяч першакласных твораў беларускага і замежнага мастацтва, рухомых помнікаў нацыянальнай гісторыі і прыроды. Да ліку найбуйнейшых музейных устаноў рэспублікі ў той час адносіліся Мінскі абласны сацыяльна-гістарычны музей, Дзяржаўная мастацкая галерэя, Віцебскі абласны сацыяльна-гістарычны музей, Гомельскі абласны гістарычны музей, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей, Баранавіцкі абласны мастацкі музей, Слонімскі музей і шэраг іншых. 

Як сведчаць архіўныя дакументы, у перадваенныя гады Наркамасветы БССР не меў планаў выратавання музейных каштоўнасцей у выпадку пагрозы іх знішчэння. Музеі не мелі ні планаў пагрузкі, ні спісаў прадметаў, якія падлягалі першачарговай эвакуацыі, ні ўпаковачных матэрыялаў. А таму задачу захавання калекцый ва ўмовах вайны супрацоўнікі кожнага музея выконвалі згодна са сваімі матэрыяльнымі магчымасцямі і маральнаэтычнымі перакананнямі.

Толькі праз два дні з пачатку вайны пры СНК быў створаны Савет па эвакуацыі, які вызначаў тэрміны, парадак і чарговасць эвакуацыі прамысловых прадпрыемстваў, матэрыяльных, культурных каштоўнасцей і насельніцтва, а таксама пункты іх размяшчэння. На месцах функцыі яго ўпаўнаважаных выконвалі сакратары абкамаў і райкамаў партыі.

Першымі па часе былі эвакуіраваны калекцыі Лідскага краязнаўчага музея, які напярэдадні вайны знаходзіўся яшчэ ў стадыі арганізацыі. Эвакуацыю здолеў арганізаваць дырэктар музея П.М. Свірыдаў. Ён загінуў разам з калекцыямі пад час бамбёжак у наваколлі Смаленска.

У цяжкім стане апынуўся Віцебскі абласны музей, дзе падрыхтоўка фондаў да эвакуацыі адбывалася ў вельмі сціслыя тэрміны. Пад кіраўніцтвам дырэктара В.К. Зэйлерта частка калекцый была пагружана ў вагон разам з фондамі Мастацкай галерэі Ю.М. Пэна і адпраўлена ў Куйбышаў, а потым - у Саратаў. Музейныя каштоўнасці суправаждала навуковы супрацоўнік М.Саламонік. Часу на пламбіроўку скрыняў з музейнымі прадметамі і складанне эвакуацыйнага вопісу з указаннем дакладнай колькасці адзінак не хапіла. Недахопам часу тлумачыцца таксама тое, што ў Віцебску была пакінута каля 15 тысяч прадметаў калекцый абласнога музея. Абсалютная большасць з іх знікла ў невядомым напрамку. Гэта складала прыкладна палову ад агульнай колькасці яго фондавых збораў, у тым ліку найбагацейшую калекцыю фарфору, нумізматычную калекцыю, карціны. Засталіся ў Віцебску таксама зборы Антырэлігійнага музея, дзе захоўваліся бібліятэкі зачыненых каталіцкіх кляштараў.

/i/content/pi/cult/327/5945/pic_26.jpgТрагічны лёс напаткаў і Гомельскі абласны гістарычны музей. З пачаткам вайны ў памяшканні палаца Паскевіча размясціўся штаб Цэнтральнага фронту. Дэмантаж экспазіцыі, а таксама ўпакоўка прадметаў у скрыні адбывалася ў планавым парадку. Фондавыя калекцыі, што складалі 4299 адзінак, у суправаджэнні навуковай супрацоўніцы музея Э.Р. Чэчык былі эвакуіраваны спачатку ў Сталінград, а потым - у г. Камышын Сталінградскай вобласці. Разам з калекцыямі з'ехаў дырэктар музея С.Т. Антонаў. Аднак, нягледзячы на добра арганізаваную работу па эвакуацыі, значная колькасць пераважна аб'ёмных прадметаў (а гэта - 3241 адзінка) засталася ў палацы. Сярод таго, што не было ўратавана, трэба згадаць мэблю эпохі Рэнесанса, Людовіка ХV і Людовіка ХVІ, скульптуры работы Кановы, Трэсконі, Рауха, Джузэпэ дэль Нора, фарфоравыя вырабы расійскіх, нямецкіх, французскіх заводаў, калекцыю хрусталя, мастацкую разьбу па косці, больш за сто партрэтаў на слановай косці работы Белоні і Маршалкевіча, дываны, мундзіры і калекцыю зброі Паскевічаў. Дакументальных сведчанняў пра лёс пакінутых у Гомельскім палацы каштоўнасцей няма.

Амаль цалкам загінулі ацалелыя пасля шматлікіх "перакідак" 1930-х гадоў калекцыі Магілёўскага абласнога гістарычнага музея, будынак якога згарэў у першыя дні вайны. Трэба агаварыцца, што ў гэтым памяшканні знаходзіліся матэрыялы, прысвечаныя пераважна савецкаму перыяду. Найбольш важныя ў гісторыка-мастацкіх адносінах помнікі матэрыяльнай культуры засталіся ў старым будынку музея (былога земскага банка), у бранірованым пакоі-сейфе. Там змяшчаліся залаты і сярэбраны ключы ад Магілёва, дзве сярэбраныя пячаткі горада, залатыя ўпрыгожанні і пліткі з выявамі, якія былі знойдзены пры раскопках Пампеі, сярэбраная булава караля Жыгімонта ІІІ, залатыя і сярэбраныя кубкі, крыжы, дараносіцы, кадзільніцы, іконы Бялыніцкай (XV cт.), Спаскай (1670 г.), Казанскай, Іверскай Божай Маці, святых Мікалая, Пятра і Паўла, аздобленыя каштоўнымі камянямі, карціны І.Айвазоўскага, В.Баравікоўскага, А.Вато, І.Рэпіна ды іншых мастакоў. У ліпені 1941 г. разам з гэтымі каштоўнасцямі адсюль бясследна знік і Крыж Ефрасінні Полацкай. Агульная колькасць вывезеных і загінулых у Магілёве музейных прадметаў склала каля 5 тысяч, у тым ліку калекцыі нумізматыкі, зброі (Х - ХІV стст.), беларускай драўлянай разьбы (XVI - XVIII стст.), мастацкага фарфору (XVIII - XIX стст.), а таксама вялікія прыродазнаўчыя калекцыі і гістарычная бібліятэка.

Музеі, якія знаходзіліся ў заходняй і цэнтральнай частках БССР, за невялікімі выключэннямі, эвакуіраваць на паспелі. Яны панеслі вялікія страты. Значная частка іх фондавых калекцый загінула, былі разбураны будынкі, з'ехалі ў вёскі або эвакуіраваліся большасць музейных супрацоўнікаў. Выяўленнем і адпраўкай у Германію калекцый займалася Міністэрства па справах усходніх абласцей пад кіраўніцтвам А.Розенберга. "Айнзатцштаб" міністэрства раскінуў сетку сваіх аддзяленняў па ўсёй акупаванай тэрыторыі СССР. Адно з іх знаходзілася і ў Мінску.

Калекцыі Мінскага сацыяльна-гістарычнага музея не ўратавала ад рабавання нават тое, што яны знаходзіліся ў складскім памяшканні (экспазіцыя музея, размешчаная ў былым Архірэйскім доме, распавядала пра дасягненні сацыялістычнага будаўніцтва ў БССР). У Германію вывезлі 19 старажытных гармат (большая частка іх - з Нясвіжскага збору), а таксама карціны, кнігі, рукапісы, прадметы рэлігійнага культу, звязаныя з яўрэйскай культурай Беларусі, у тым ліку "Гадзіннікавага майстра" Ю.Пэна, партрэт Скарыны работы Я.Кругера, гравюры С.Юдовіна і інш.

З Баранавіцкага абласнога мастацкага музея акупанты вывезлі "Партрэт старога" Рэмбранта, работы Яна Матэйкі, каля 60 мініяцюр заходнееўрапейскіх мастакоў, беларускія абразы і драўляную скульптуру XVII - XVIII стст., французскі габелен XIV ст., японскія вазы, каля 160 статуэтак заводаў Заходняй Еўропы, больш за 200 карцін савецкіх мастакоў, а таксама вялікую бібліятэку па гісторыі мастацтва.

З Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея ў Беласток, а потым у Германію было вывезена каля 200 прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, 4370 старажытных манет і медалёў, 626 кніг і 45 карцін. Акрамя таго, з Гродна забралі каля 20 адзінак асабістых рэчаў Э.Ажэшка. Прыродазнаўчыя зборы С.П. Жыўны з рызыкай для жыцця здолеў схаваць ад немцаў супрацоўнік музея А.К. Звяржэвіч.

З Пінскага абласнога гісторыка-краязнаўчага музея былі цалкам забраны аддзел нумізматыкі (амаль 1100 адзінак), калекцыя шкла (123 адзінкі), дываны, мэбля, старажытная зброя, карціны (амаль 150 адзінак), каля 140 тамоў рукапісных летапісаў Пінскага і Тураўскага княстваў, якія датаваліся ХV - XVII стст.

Полацкі музей страціў партрэтную галерэю дзеячаў дамініканскага ордэна (47 адзінак), пяць слуцкіх паясоў, дзве рукапісныя кнігі ХV i XVI стст., некалькі дрэварытаў і абразоў. Са Слонімскага музея вывезлі жывапіс ХVІ - ХІХ стст., мэблю, фарфор, дываны, зброю, сцягі, царкоўнае начынне, медалі, крыжы, пячаткі, старадрукі, этнаграфічную калекцыю. З Беластоцкага абласнога мастацкага - творы жывапісу і скульптуры. З Ваўкавыскага музея - старажытныя абразы, рукапісы, кнігі, карты. Ад трапляння нямецкай авіябомбы ў Дом-музей А.Міцкевіча загінулі ўсе экспанаты, у тым ліку насценны гадзіннік бацькі паэта, хустка яго каханай Марылі, ейны куфэрак, карціны ХІХ ст., а таксама невялікая нумізматычная калекцыя.

 

■ ■ ■

...Паводле акта Беларускай рэспубліканскай камісіі садзейнічання працы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, якая выяўляла памеры страт былога СССР, у час з 1941 па 1944 гг. у БССР было разрабавана 11 музеяў. У Музеі рэвалюцыі, Доме-музеі І З'езда РСДРП і Мемарыяльным музеі А.Міцкевіча акупанты знішчылі будынкі. Так, шкода, панесеная ад страты будынкаў і калекцый, была ў свой час вызначана дзяржкамісіяй. Аднак гэтыя лічбы, безумоўна, далёка не поўныя...

Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ, доктар гістарычных навук, прафесар БДУ

На здымках: экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея ў Мінску і Мемарыяльнага музея Э.Ажэшка ў Гродне ў 1930-х; дзякуючы артылерыстам, што трымалі абарону Гомеля, многія каштоўнасці паспелі своечасова эвакуіраваць.