14 чэрвеня ў Інфацэнтры "Культура-інфа" прайшла чарговая, ужо пятая па ліку, он-лайн-канферэнцыя. Гэтым разам рэдакцыя вырашыла прысвяціць яе 70-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай, Дню Усенароднай памяці ахвяр той вайны... Дата - трагічная, але менавіта ад яе бярэ адлік летапіс усенароднага гераізму, мужнасці і супраціўлення нямецка-фашысцкай навале. Усяго, што стала трывалым падмуркам Вялікай Перамогі. Свой уклад у яе набліжэнне ўнеслі, натуральна, і стваральнікі ды носьбіты культуры, дзеячы мастацтваў: бібліятэкары, музейшчыкі, музыканты, мастакі, пісьменнікі... Дык давайце разам згадаем той, сямідзесяцігадовай даўніны, дзень, што з'яўляецца своеасаблівым пунктам адліку гераічнай барацьбы за вызваленне нашай краіны... У гутарцы ў рэжыме он-лайн прынялі ўдзел галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Людміла ЛЕБЕДЗЬ, начальнік аддзела культуры Пінскага райвыканкама Тамара ЛЕБЯДЗЕЎСКАЯ, дырэктар Расонскага музея баявой садружнасці Ніна СВЯЖЫНСКАЯ, дырэктар Лоеўскага музея бітвы за Днепр Рыма СТАДНІКАВА, дырэктар Касцюковіцкага краязнаўчага музея Святлана ТЫМАНЮК, дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр ПРАНОВІЧ. Таксама мы распавядаем пра некалькі цікавых рэгіянальных праектаў, што падрыхтавалі да даты работнікі сферы культуры.
adm:
Добры дзень, шаноўныя сябры! 22 чэрвеня спаўняецца 70 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, што бязлітасна прайшла па беларускай зямлі. Раны загойваем і па сёння... Так, мы вытрымалі, выстаялі, перамаглі. Цана таму - невымерная. Ад 22 чэрвеня 41-га да 9 мая 45-га нас аддзялілі бясконца доўгія франтавыя вёрсты вайны. Але каваць Вялікую Перамогу наш народ пачаў з першага і трагічнага ваеннага дня. Якім ён быў для вашых землякоў, для работнікаў культуры?
grodna:
Шчыра вітаю ўдзельнікаў канферэнцыі! Як згадваюць сведкі тых жахлівых падзей, з чатырох да васьмі раніцы варожая авіяцыя здзейсніла аж шэсць бомбавых налётаў на Гродна. Уяўляеце, якое гэта было пекла?! Музейныя і архіўныя звесткі аб дзеяннях работнікаў культуры па вывазе з горада гісторыка-культурных помнікаў і прадметаў на пачатку Вялікай Айчыннай, мякка кажучы, даволі сціплыя. І тлумачэнне тут - простае: фашысты занялі Гродна на другі дзень вайны. Захапілі гарадскую бібліятэку і "пацікавіліся" зместам літаратуры...
adm:
Ваявалі не толькі з насельніцтвам, але і з кнігамі?
grodna:
Так. Па загадзе акупантаў частка выданняў была спалена, астатні фонд пачалі перавозіць у памяшканне школы па вуліцы Паўночнай і расстаўляць па раздзелах і мовах. Перавозкай кніг пад кантролем фашыстаў займаліся супрацоўнікі бібліятэкі А.Цыпіс, М.Чарвякоўскі і М.Гасперскі. Адну падводу кніг нейкім цудам удалося адправіць дадому Чарвякоўскаму. Гэта былі дарэвалюцыйная мастацкая і гістарычная літаратура, падручнікі і кніжкі для дзяцей. Рызыкуючы жыццём, Чарвякоўскі выдаваў тыя кнігі для чытання на кватэры. Праз сувязную Яворскую карысталіся фондам і партызаны...
adm:
Можа, якіясьці яшчэ культурныя каштоўнасці ўдалося схаваць ад акупантаў?
grodna:
Гродзенцы схавалі ў першыя дні вайны бюст Элізы Ажэшка. На жаль, людзі тыя загінулі ў акупацыі, і сляды скульптуры згубіліся. Бясследна знікла і ікона Каложскай Божай Маці з Барысаглебскай царквы. Пасля яе копія была зроблена расійскімі майстрамі, і ў 2008 годзе, пад час Фестывалю нацыянальных культур, перададзена гарвыканкаму.
kascykovichy:
Усім добры дзень! Жыхарка Касцюковічаў Курбацкая так згадвае пра 22 чэрвеня 1941 года: "Быў ясны светлы дзень. Настрой - добры... Мы жылі ў цэнтры, ля сквера, дзе быў уладкаваны вялізны рэпрадуктар-"талерка". А 12-й дня прагучалі пазыўныя і дыктар паведаміў, што на нашу краіну звалілася навала: пачалася вайна... Увобмірг кудысьці знікла радасць. Мірнае жыццё спынілася. Абвясцілі мабілізацыю. Ужо назаўтра ў горад сталі прыбываць бежанцы..." Гэтыя ўспаміны занатаваны пад час Урока міру, што адбыўся ў Касцюковіцкім краязнаўчым музеі 22 чэрвеня 2008-га. Менавіта тады музейны фонд значна папоўніўся відэаўспамінамі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікоў тылу, вязняў...
loeu:
Шчыра ўсіх вітаю! Хачу пазнаёміць удзельнікаў он-лайн-канферэнцыі з унікальным чалавекам - Іванам Іванавічам Лямешкам. Яму 81 год. У 1950-х скончыў Ленінградскі інстытут культуры, па размеркаванні трапіў у КоміАССР, працаваў бібліятэкарам, намеснікам міністра культуры Мардовіі, у 1970-х вярнуўся ў Гомель, быў загадчыкам аддзела культуры мясцовага гарвыканкама, да пенсіі - дырэктарам Абласнога тэатра лялек... Вось што ён узгадвае пра першы дзень вайны, якую сустрэў у 11 гадоў у піянерскім летніку пад Ленінградам, куды сям'я перабралася з Лоеўшчыны: "...У тую нядзелю нас, піянераў, сабраў начальнік летніка і абвясціў, што пачалася вайна. Асаблівага страху не было, бо ўсе чакалі, што баявыя дзеянні хутка скончацца. Страх з'явіўся з пачаткам масавых бамбёжак і крывавай бойні, што адбывалася на Гатчыне... Праз акупаваную тэрыторыю мы месяц дабіраліся да роднага Лоева. Бацька неўзабаве пайшоў у партызаны. За сувязь з імі была арыштавана мая старэйшая сястра... Гонар за наш народ, што не проста выстаяў, а здабыў Вялікую Перамогу, дапамагаў мне пасля вайны акрыяць, вывучыцца. Гонар гэты падтрымліваў, даваў сілы і тады, калі я працаваў у сферы культуры - на Беларусі і за яе межамі"...
adm:
Сапраўды, лёс, які чарговы раз пераконвае: непераможны народ - заўжды шчодры ў праявах шматграннай творчасці... А ці захаваліся згадкі пра пачатак вайны менавіта на Лоеўшчыне?
loeu: Вестка пра фашысцкую бамбёжку Кіева даляцела да Лоева па тэлефоне. Не хацелася верыць, што пачалася вайна... З першага дня пачалася мабілізацыя. На ўсход адпраўляліся абсталяванне, станкі, насенны фонд, жывёла... Ужо ў жніўні 1941-га быў сфарміраваны Лоеўскі партызанскі атрад "За Радзіму".
rasony:
Вітаю ўдзельнікаў канферэнцыі! Так атрымалася, што першы дзень вайны ў Расонах супаў з чарговым пасяджэннем раённага партактыву. Аб нападзе гітлераўцаў стала вядома перад пачаткам мерапрыемства. Адразу былі абдуманы першачарговыя задачы, старшыні сельсаветаў атрымалі партзаданні па мабілізацыі. На наступны дзень у сельсаветы і райваенкамат ішлі мужчыны з усіх вёсак Расоншчыны. Многія нават павестак не чакалі. Па першай мабілізацыі было прызвана каля дзвюх з паловай тысяч чалавек, у тым ліку - і са сферы культуры. Аб першых днях акупацыі добра памятае Соф'я Чашніцкая. Ёй у 1941-м было толькі 9 гадоў: "Калі аб'явілі аб пачатку вайны, я была ў вёсцы, у гасцях у дзядзькі. Пакуль вярнулася дадому, бацька ўжо пайшоў на фронт. Дасюль памятаю першыя жахлівыя дні вайны: бамбёжкі, капанне акопаў, тое, як хаваліся разам з маці ды іншымі дзецьмі ад немцаў і ад самалётаў, якія нас бязлітасна бамбілі..." Пасля вайны Соф'я Сцяпанаўна паступіла ў Гродзенскае культасветвучылішча, а скончыўшы яго, прыйшла працаваць інспектарам аддзела культуры Расонскага райвыканкама. Пасля выконвала абавязкі загадчыка аддзела культуры, працавала дырэктарам Цэнтральнай раённай бібліятэкі, дырэктарам музея, а перад выхадам на пенсію - старшым навуковым супрацоўнікам Расонскага музея баявой садружнасці.
pinsk:
Добры дзень! За гады вайны ў Пінску і Пінскім раёне гітлераўцы знішчылі 108 тысяч чалавек, на франтах і ў партызанскіх атрадах загінула звыш дзвюх тысяч нашых землякоў. Акупанты спалілі 21 вёску, адна з іх - Семенча - так і не адрадзілася... Усё менш і менш застаецца жывых сведкаў той далёкай вайны. Але ёсць надзейны спосаб захавання Памяці: перадача ўбачанага і пачутага з вуснаў у вусны, ад бацькоў да дзяцей, ад дзядоў да ўнукаў. Вось што запісаў ад свайго бацькі-франтавіка Міхаіла Герасімавіча Кулеша бібліятэкар вёскі Дабраслаўка Алена Кулеш: "Паведамленне аб вайне прыйшло ў вёску з пасыльным. Як і мае быць, усе мужчыны прызыўнога веку, сабраўшы свае рэчы, скіраваліся ў Лагішанскі райваенкамат. Ды ці то прызыўнікі ішлі павольна, ці то служачыя ваенкамата хутка з'ехалі, але давялося дабравольцам вяртацца дадому. А ў хуткім часе ў вёску Дабраслаўка прыбыў атрад карнікаў для ўсталявання "новага парадку". У той дзень былі расстраляны восем чалавек, сярод іх - і загадчык хаты-чытальні Дайко Мікіта Іванавіч... Памяць майго дзяцінства і юнацтва данесла расповеды бацькі аб яго ваенных гадах: як ён быў і снайперам, і разведчыкам, і кулямётчыкам, і пра тое, як фарсіраваў Віслу ды Одэр, як вада ў гэтых рэках была чырвонай ад крыві..."
adm:
Такая бібліятэчная праца па захаванні Памяці і патрыятычным выхаванні заслугоўвае самай высокай ухвалы.
pinsk:
Гэтую сапраўды высакародную працу імкнёмся выконваць сістэмна. Жахлівыя ўспаміны пра часы ваеннага ліхалецця захоўваюцца і ў іншых паселішчах Піншчыны. Напрыклад, у гарадскім пасёлку Лагішын пражываюць жывыя сведкі жахаў, якія тварылі фашысты ў лагерах смерці. Мясцовыя бібліятэкары захоўваюць памяць пра боль вайны праз запісы жывых сведкаў. Нарыс Лагішынскай гарпасялковай бібліятэкі так і называецца: "Маленькія дзеці на вялікай вайне". Ён прысвечаны аднавяскоўцам, якія пабывалі ў фашысцкіх лагерах. Вось фрагмент з успамінаў малалетняй вязніцы № 1676741 канцлагера Дзібах Лявонавай Тамары Савельеўны: "...Дасюль у мяне перад вачыма стаіць той шпрыц, у які адцягвалі маю кроў. Страчваючы прытомнасць і пасля прыходзячы да розуму, я бачыла каля сябе сваю маці, якая выхаджвала мяне пасля гэтых працэдур. Але асабліва яскрава помніцца той момант, калі нас вызвалялі... Я праляжала суткі ў канаве, з яе мяне выцягнуў чорны салдат. Я ніколі не бачыла дагэтуль неграў, моцна спужалася і заплакала, а ён усміхнуўся мне і працягнуў нешта бліскучае. Як аказалася, гэта была шакаладка, смак якой быў мною даўно падзабыты".
puhaviczy:
Шчыра вітаем удзельнікаў он-лайна! Ужо праз колькі дзён з пачатку вайны жыхары Пухавіцкага раёна зведалі, што з сабой прынеслі нямецкафашысцкія захопнікі: генацыд, холад, голад, разбурэнні... Пачаліся доўгія гады акупацыі, аднак распачалася і гераічная барацьба з ворагам. Пухавіцкая зямля, як і іншыя рэгіёны Беларусі, панесла вялікія страты. Расстраляна, закатавана больш за 6000 мірных жыхароў, 5457 воінаў не вярнуліся з франтоў, многія прапалі без вестак. Восем нашых землякоў сталі Героямі Савецкага Саюза, адзін- поўным кавалерам ордэна салдацкай Славы.
adm:
Якая экспазіцыйная структура ў вашай установе?
pyhaviczy:
Наш музей вядзе вялікую пошукавую работу, каб захаваць для маладога пакалення памяць аб мінулай вайне, пра якую апавядаюць тры экспазіцыі. Адна з іх - у краязнаўчым музеі аграгарадка "Блонь". Называецца яна "У гады ліхалецця: Вялікая Айчынная вайна". Тут на аснове дакументаў, фотаздымкаў, рэчавых экспанатаў паказана жыццё людзей у час акупацыі і барацьба жыхароў раёна з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
adm:
Колькі слоў, калі ласка, пра вашых землякоў - дзеячаў культуры і мастацтваў, што літаральна з першых дзён вайны пайшлі на фронт.
kascykovichy:
Народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў, які нарадзіўся ў вёсцы Саматэвічы, на фронт пайшоў не з нашага раёна, але, як вядома, з 1941 па 1943 гады быў ваенным карэспандэнтам армейскай газеты "Сцяг Саветаў", пазней удзельнічаў у беларускім партызанскім руху...
adm:
Ягонае апісанне першага дня Вялікай Айчыннай вайны ў паэме "Сцяг брыгады", падаецца, - адно з самых трагічных, шчырых і кранальных.
kascykovichy:
Цалкам з гэтым пагаджаюся... Апрача Куляшова ваявалі пісьменнікі Аляксей Русецкі, заслужаны работнік культуры БССР, ураджэнец вёскі Студзянец, і Васіль Хомчанка з вёскі Канічы, а таксама заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, мастак Антон Бархаткоў.
rasony:
Унікальныя факты захаваліся ў нас аб першых днях вайны. Яшчэ далёка было да першых баёў, арганізацыі партызанскіх атрадаў, а падлеткі з Расоншчыны ўжо распачалі барацьбу з акупантамі. Менавіта 17 ліпеня 1941 года група хлопцаў першымі сустрэла ворага і закідала калону фашысцкіх машын гранатамі. Не змог сысці ад пагоні Вася Прыбыткоў, яго схапілі гітлераўцы. Хлопец перанёс катаванні, пасля чаго яго растралялі. Цяпер насупраць сярэдняй школы ў вёсцы Альбрэхтава насыпаны Курган у памяць аб школьніках, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Васю Прыбыткову, Гену Кузякову, Валодзю Драздову.
loeu:
Вось яшчэ адзін унікальны лёс. У сялянскай лоеўскай сям'і нарадзіўся Аляксей Казлоў, будучы Герой Савецкага Саюза. У 1934 годзе ён скончыў Севастопальскую школу лётчыкаў, а потым - Качынскае лётнае вучылішча. За час Вялікай Айчыннай здзейсніў 247 баявых вылетаў, збіў 14 варожых самалётаў. У сакавіку 1944-га быў збіты, з цяжкімі раненнямі здолеў сесці непадалёк ад лініі фронту. Знайшлі яго на шостыя суткі з адмарожанымі ступнямі ног, якія давялося ампутаваць. Аляксей Васільевіч працаваў інструктарам Краснадарскай школы пілотаў, пасля дэмабілізацыі загадваў ім жа арганізаванай дзіцячай бібліятэкай у Лоеве. Пайшоў з жыцця ў 1976 годзе. Адна з вуліц райцэнтра носіць ягонае імя.
puhaviczy:
У партызанскай брыгадзе "Полымя" ваяваў жывапісец, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Уладзімір Сухаверхаў. Веданне партызанскай вайны дапамагло творцу напісаць такія вядомыя палотны, як "Сустрэча партызанаў Савецкай Арміяй" (1946 г.), "За родную Беларусь" (1948 г.), а таксама акварэльныя партрэты ўдзельнікаў партызанскага руху. Некалькі твораў мастака знаходзяцца ў Мастацкай галерэі Пухавічаў. Тут жа месціцца зала мастака Генрыха Францавіча Бржазоўскага, які таксама змагаўся з ворагам у партызанскай брыгадзе, а потым у атрадзе імя Калініна. Знаходзячыся ў партызанах, мастак стварыў алоўкам на паперы партрэтную галерэю мсціўцаў. Гэтыя малюнкі, датаваныя 1943 - 1944 гадамі, у далейшым сталі асновай для напісання карцін "Пахаванне партызанаў", "Выхад з блакады", "Партызаны на чыгунцы". Генрых Бржазоўскі - ганаровы грамадзянін Мар'інай Горкі.
adm:
Як у вашых рэгіёнах будзе адзначацца 70-годдзе пачатку вайны? Якія мястэчкі і паселішчы застаюцца ў гэтым плане знакавымі?
grodna:
21 чэрвеня ля абеліска загінулым воінам у гродзенскім парку імя Жылібера пройдзе акцыя "Памяць". Студэнты Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы ладзяць тэатралізацыю. Плануецца выступленне песеннай капэлы. 22 чэрвеня ўрачыстасці пройдуць на Аўгустоўскім канале, ля дотаў, дзе калісьці размяшчаўся 68-ы ўмацавальны раён. Гродзенская школа № 3 імя Віктара Усава гэтым памятным днём ладзіць мерапрыемствы ля вёскі Доргань, дзе ў першы дзень Вялікай Айчыннай гераічна змагалася з ворагам пагранічная застава на чале з гэтым мужным лейтэнантам. Ва ўсіх раённых цэнтрах Гродзеншчыны адбудуцца мітынгі-рэквіемы, інфармацыйна-творчыя мерапрыемствы. Шэраг імпрэз ваеннай тэматыкі будзе доўжыцца да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. 1 ліпеня ля вёскі Каробчыцы Гродзенскага раёна адкрыецца музей пад адкрытым небам "Партызанскі лагер".
rasony:
У нашым музеі ўжо цяпер ладзяцца мерапрыемствы са школьнікамі: гутаркі, экскурсіі па экспазіцыі і памятных мясцінах, што размешчаны на адпаведных турыстычных маршрутах, звязаных з падзеямі мінулай вайны. Экскурсіі па раёне карыстаюцца найбольшым попытам - да прыкладу, лясны прыпынак на месцы стаянкі брыгады Ракасоўскага, камісарам якой быў Пётр Міронавіч Машэраў. Тут можна агледзець штабную, жылую зямлянкі, канавязь, лазню, зброевую майстэрню і наведаць сапраўдную партызанскую сталоўку. Праязджаючы па другім маршруце, можна завітаць у вёску Альбрэхтава, на курган у гонар юных герояў-антыфашыстаў, потым - на месца партызанскага аэрадрома ў вёсцы Сяляўшчына і ў Музей партызанскай славы ў вёсцы Межна.
pinsk:
Бібліятэкі Пінскай раённай бібліятэчнай сістэмы запланавалі кніжныя выстаўкі, гадзіны гісторыі, Урокі памяці і мужнасці, экскурсы ў мінулае. Заслугоўвае ўвагі кніжная выстаўка "Сорак першае лета..." , арганізаваная ў Пінскай ЦРБ імя Я.Янішчыц. 22 чэрвеня бібліятэка-бібліобус запросіць жыхароў маланаселенай вёскі Стахавічы на выступленне літаратурна-паэтычнай групы, якое называецца "Подзвіг. Памяць. Слава".
adm:
Бібліятэкары ў вас, мы пераканаліся, на вышыні, а клубнікі як да агульнай справы спрычыніліся?
pinsk:
Яны будуць ладзіць сустрэчы з ветэранамі, выязныя канцэрты, кінавідэалекторыі, віншаванні ўдзельнікаў вайны дома. У клубных установах пройдзе таксама дзіцячы конкурс малюнка "Дзеці малююць Перамогу", запланаваны і многія іншыя мерапрыемствы... Забывацца пра вайну нельга. І таму работнікі культуры нашага раёна робяць усё, каб праз мастацкае слова, песню, кінаі відэапрагляды, электронныя прэзентацыі, а галоўнае - праз успаміны ветэранаў данесці да падрастаючага пакалення гістарычную панараму трагічных і гераічных падзей Вялікай Айчыннай вайны.
puhaviczy:
Натуральна, і наш музей - не ў баку ад агульнай справы. Праведзены і праводзяцца музейныя ўрокі "Так гэта было на пачатку вайны", выстаўкі "Пачатак Вялікай Айчыннай", "Наш раён у ваенныя гады", "Партызанскі край". Адбудзецца і навукова-практычная канферэнцыя на тэму ваенна-патрыятычнага выхавання. А наперадзе, безумоўна, новая работа і выстаўкі.
loeu:
Як і паўсюль на Беларусі, культурна-масавыя мерапрыемствы плануецца правесці ў кожным паселішчы раёна, бо ў нас пад час вайны фашысты знішчылі 1635 жыхароў і ваеннапалонных, 2625 вывезлі ў Германію. А пры вызваленні раёна ўвосень 1943-га ўвесь Лоеўскі край стаў арэнай кровапралітных баёў уздоўж дняпроўскіх берагоў... Адно з асноўных мерапрыемстваў 22 чэрвеня запланавана ў вёсцы Сінск: там адкрыецца мемарыял на брацкіх могілках, дзе пахаваны 151 воін-вызваліцель.
kascykovichy:
На Касцюковіччыне першае мерапрыемства 22 чэрвеня адбудзецца а чацвёртай раніцы, у той момант, калі семдзесят гадоў таму і была распачата апошняя вайна: у раённым цэнтры пройдзе маладзёжная акцыя, прысвечаная Дню Усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай. Моладзь раёна запаліць на плошчы Агонь Памяці. А вось апоўдні ўвесь транспарт спыніцца на хвіліну, загучаць званы і сірэна, а пасля пад час мінуты маўчання мы яшчэ раз узгадаем тых, хто загінуў на палях вайны, хто набліжаў вызваленне Бацькаўшчыны ад гітлераўскіх акупантаў і аддаў сваё жыццё дзеля Перамогі. Памяць пра іх застанецца ў сэрцах удзячных унукаў і праўнукаў назаўсёды.
adm:
Дзякуй за ўдзел, за добрыя, шчырыя словы, да якіх рэдакцыя далучаецца!
Па он-лайн-канферэнцыі дзяжурылі Яўген РАГІН і Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ