Хатынскія аповесці

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

Абпаленая памяць вёсак — з першага дня вайны

Да 70-й гадавіны з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь разам з Беларускім фондам міру правёў прэзентацыю зборніка дакументаў "Трагедыя беларускіх вёсак. 1941 - 1944 гг." і электроннай базы даных спаленых вёсак, а таксама адкрыў тэматычную выстаўку. У прадстаўленых праектах разгортваецца бачанне той катастрофы, якую прынеслі нашай зямлі нацысты 22 чэрвеня 1941-га.

Зборнік стаў лагічным працягам фаліянта "Хатынь: трагедыя і памяць", выдадзенага у 2009-м. Над яго стварэннем працавалі Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі, Нацыянальны архіў, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў і Расійскі фонд садзейнічання актуальным гістарычным даследаванням "Гістарычная памяць". У выніку "Трагедыя беларускіх вёсак. 1941 - 1944 гг." - адзіны на постсавецкай прасторы том такога кшталту, які цэласна і дасканала адлюстроўвае гэтыя чорныя старонкі з гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Як зазначыў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве краіны Уладзімір Адамушка, дзякуючы намаганням аўтараў, у кнігу ўвайшло 212 дакументаў, большая частка якіх апублікавана ўпершыню. У друк трапілі дакладныя запіскі, акты, даведкі, звесткі, спецпаведамленні ЦК КП(б)Б, НКУС БССР, БШПР, мясцовых партыйных і дзяржаўных органаў, партызанскіх фарміраванняў пра злачынствы, што здзяйснялі нацысты на гэтых землях. Жорсткія лічбы і факты афіцыйных дакументаў эмацыйна дапаўняюць паказанні сведкаў, жыхароў спаленых вёсак, якія ўратаваліся. Акрамя гэтага, на старонках змешчаны загады, дзённікавыя запісы, паведамленні, справаздачы розных часцей і арганізацый вермахта, СС, паліцыі аб правядзенні карных аперацый.

- Дакументы сведчаць аб тым, што палітыка генацыду і тактыка "выпаленай зямлі" былі распрацаваны яшчэ да нападу на Савецкі Саюз, - зазначыла каардынатар праекта "Павышэнне статуса ўратаваных жыхароў спаленых беларускіх вёсак" Наталля Кірылава, якая шмат гадоў працавала на пасадзе дырэктара Мемарыяльнага комплексу "Хатынь". - На тэрыторыі рэспублікі было праведзена больш за 140 буйных карных аперацый. У прыватнасці, толькі пад час аперацыі "Зімовае чараўніцтва" ў адным Асвейскім раёне было спалена 156 вёсак...

- Крывавая рана на сэрцы застанецца са мной да апошніх дзён, - са слязьмі на вачах падзялілася з карэспандэнтам "К" жыхарка спаленай вёскі Скірмунтава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці Зінаіда Леванец.- Але мае дарослыя ўнукі, бывае, кажуць: маўляў, бабуля, гэта ж так даўно было... Сёння, лічу, не стае пастаяннай паўнаважнай інфармацыі, якая дапамагла б моладзі адчуць наш боль. Прадстаўленая праца можа стаць адным з крокаў да гэтага...

Яшчэ адна дэталь. З 2006 года па ініцыятыве Германіі праходзіць Міжнародны кангрэс "Нацысцкія рэпрэсіі і знішчэнне вёсак у гады Другой сусветнай вайны". Аднак, па словах галоўнага архівіста Нацыянальнага архіва Беларусі, кандыдата гістарычных навук, аднаго з аўтараў праекта Вячаслава Селемянёва, наша краіна трапіла толькі на трэцяе пасяджэнне, бо пра трагедыю беларускіх вёсак у Еўропе... амаль не чулі.

- І гэта прытым, што Беларусь як ніякая іншая краіна пацярпела ад нацызму: за перыяд з чэрвеня 1941-га па ліпень 1944 года фашысты спалілі 9200 нашых сёл і вёсак, з іх - больш за пяць тысяч разам з усім насельніцтвам ці яго часткай! - узрушаны Вячаслаў Селемянёў. - Аднак, на дзіва, і ў нас з дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны не было праведзена ніводнага спецыяльнага навуковага даследавання, дзе разглядалася б гэтая тэма. На цяперашні момант нават не распрацаваны адмысловы паняційны апарат. У прыватнасці, "часткова спаленая вёска" ці "вёска з часткова знішчаным насельніцтвам" - як трактаваць? Колькі жыхароў ці двароў уваходзіць у гэтае паняцце?..

Даследчык упэўнены, што дадзены зборнік якраз і можа стаць добрым падмуркам для аналітыкаў, якія будуць вывучаць складаную тэматыку.

Сапраўднай знаходкай для навукоўцаў стане электронная база даных беларускіх вёсак, спаленых у гады Вялікай Айчыннай. Яна створана на аснове прыблізных спісаў, якія вялі мясцовыя органы ўлады яшчэ ў 1960-я гады мінулага стагоддзя. Па меркаванні Вячаслава Селемянёва, галоўная праблема спісаў у тым, што яны складаліся, у асноўным, паводле ўспамінаў сведкаў. Цяпер жа архівісты шукаюць дакументальныя пацвярджэнні фактаў і ўводзяць новыя. На сённяшні дзень у электронную базу даных уведзены афіцыйныя звесткі пра 5291 беларускую вёску.

Акрамя статыстыкі пра даваенную і сучасную тэрытарыяльную прыналежнасць населенага пункта, пра колькасць двароў і насельніцтва да і пасля трагедыі, пра лёс вёскі пасля вызвалення Беларусі, пошукавыя даныя крыніц, у каталогу можна знайсці архіўныя дакументы, фотаздымкі, пратаколы допытаў нямецкіх ваеннаслужачых, а таксама аўдыяфайлы з успамінамі ўратаваных жыхароў. База даных дазволіць не толькі лёгка адшукваць неабходныя факты, але і праводзіць аналітычную працу па колькасці знішчаных вёсак па раёнах, гарадах, абласцях. У бліжэйшы час электронны каталог размесцяць на сайце Нацыянальнага архіва Беларусі і адкрыюць да яго доступ гісторыкам, даследчыкам і ўсім зацікаўленым.

Праект, што прэзентавалі ў Мінску,- толькі пачатак працы. Аўтары плануюць дадаць у базу вёскі, знішчаныя без насельніцтва. Дакументальныя пацвярджэнні многіх трагедый чакаюць даследчыкаў у абласных і занальных архівах краіны. Для паўнавартаснага завяршэння работы неабходна выйсці таксама на найбуйнейшыя архівы Расіі, куды ў савецкі час накіроўвалі найбольш каштоўныя дакументы. Мяркуецца папоўніць каталог і фотаздымкамі помнікаў, памятных знакаў, устаноўленых на месцах спаленых вёсак, што павысіць яго інфармацыйную насычанасць. Цяпер па меры магчымасцей будуць працягваць працу над электроннай базай даных, каб у абноўленым варыянце прэзентаваць яе праз год на IV Міжнародным кангрэсе "Нацысцкія рэпрэсіі і знішчэнне вёсак у гады Другой сусветнай вайны", які ў маі 2012-га адбудзецца нарэшце ў Мінску. У яго межах пройдзе навукова-практычная канферэнцыя "Грамадскае насельніцтва ў вайне". Сустаршынёй міжнароднага аргкамітэта прызначаны намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"