Першыя хвіліны вайны

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

Чырвоныя ракеты заставы Усава

/i/content/pi/cult/327/5941/pic_18.jpgУ адрозненне ад абаронцаў Брэсцкай крэпасці, чый подзвіг з'яўляецца вядомым сімвалам стойкасці савецкіх салдат у першыя дні вайны, памежнікі Гродзенскай вобласці, якім таксама выпаў лёс прыняць на сябе першыя ўдары нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сёння не занадта "прапісаны" ў СМІ. І абарона заставы № 3 пад кіраўніцтвам лейтэнанта Віктара Усава праз 70 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны гучыць, бадай, як новая гісторыя...

 

Напярэдадні вайны

ў Беластоцкай вобласці, як і паўсюль у рэспубліцы, абстаноўка была складанай. З аднаго боку, правакацыяй лічылася кожнае распаўсюджанне інфармацыі аб нападзе Германіі, з іншага - тут жа з Цэнтра ў фармаце "цалкам сакрэтна" накіроўваліся дакументы, якія фарсіравалі "мерапрыемствы па ўмацаванні мясцовай супрацьпаветранай абароны" ці, да прыкладу, "будаўніцтва падземных сховішчаў". Не дзіва, што ў падобнай сітуацыі, пад час першых удараў, нанесеных гітлераўцамі, многія ваенныя апынуліся ў разгубленасці: як сябе паводзіць? Ці не чарговая гэта правакацыя?..

Захаваліся ўспаміны кіраўніка 86-га Аўгустоўскага /i/content/pi/cult/327/5941/pic_15.jpgпагранічнага атрада Гурыя Здорнага, каму падпарадкоўвалася, у тым ліку, і застава В.Усава. Менавіта рашэнню маёра, які аддаў загад падняць па трывозе ўсе падраздзяленні атрада з заняццем акопаў і іншых інжынерных пабудоў, нямецка-фашысцкія захопнікі "абавязаны" пэўным зрывам у аперацыі па імгненным пераходзе мяжы і хуткім прасоўванні ўглыб тэрыторыі Савецкага Саюза.

"Улічваючы даныя, што ў нас меліся, аб канцэнтрацыі вялікіх сіл фашысцкай арміі ў непасрэднай блізкасці да мяжы, - гаворыцца ва ўспамінах, - падзеі на ўчастках нашых застаў (прыкладна а другой гадзіне ночы савецкія пагранічнікі сутыкнуліся з групай фашысцкіх салдат, яшчэ пазней перахапілі варожую разведку. - Д.А.), я ацаніў абстаноўку як пачатак вайны або буйной правакацыі, і як кіраўнік пагранатрада прыняў рашэнне падняць усе падраздзяленні адрада па трывозе з заняццем акопаў і іншых інжынерных збудаванняў, якія маюцца ў кожным падраздзяленні для кругавой абароны...". Тут жа: "Тое, што заставы паспелі загадзя, яшчэ да агнявога налёту, стварыць сістэму абароны, дазволіла захав/i/content/pi/cult/327/5941/pic_16.jpgаць жывую сілу, і першыя атакі праціўніка захлынуліся..."

Тым не менш, нягледзячы на рашэнне Здорнага, многія савецкія памежнікі апынуліся ў цяжкім становішчы: сярод іх - і 1-я камендатура, у якую ўваходзілі 1-я, 2-я, 3-я і 4-я пагранзаставы. Гэтым абаронцам давялося весці бой з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка ў выключна складаных умовах, без падтрымкі і сувязі. А ў той самы час, згодна з данымі рассакрэчаных дакументаў савецкага ваеннага камандавання, за іх спінамі чакалі загаду аб выступленні значныя сілы Чырвонай Арміі, спецыяльна сабраныя для таго, каб у выпадку нападу контратакаваць ворага і абараніць мяжу.

 

3-я застава

1-й камендатуры 86-га Аўгустоўскага пагранічнага атрада знаходзілася ў былым манастыры Юзефатава, за 7 км на захад ад пасёлка Сапоцкін. Складалася яна з двух стралковых, аднаго кулямётнага і аднаго аддзялення кіналагічнай службы, мела на ўзбраенні вінтоўкі, два ручныя і станковы кулямёты. Усяго ў ёй налічвалася 30 чалавек.

У савецкай літаратуры было нямала апісанняў дзеянняў заставы Усава, але ж, абапіраючыся нават на скупыя, "па сутнасці", радкі маёра Здорнага, можна ўпэўніцца ў тым, што мужнасць савецкіх пагранічнікаў вартая вечнай памяці.

"...Як толькі вораг адкрыў агонь, кіраўнік заставы адразу аддаў загад усім пагранічнікам заняць месцы ва ўмацаваннях свайго апорнага пункта. Першае стралковае аддзяленне размясцілася ў акопе насупраць лесу, які падыходзіў да заставы з захаду і паўднёвага захаду; яго ўзначальваў сам лейтэнант Усаў. Другое аддзяленне, дзе знаходзіўся намеснік камандзіра заставы па палітычнай частцы палітрук Аляксандр Шарыпаў, заняло акоп, што прыкрываў заставу з поўначы і паўночнага захаду. Ручныя кулямёты былі ўстаноўлены на флангах аддзяленняў, разлік станковага кулямёта размясціўся на гарышчы стайні. Усаў яшчэ паспеў пасля заканчэння артпадрыхтоўкі падаць сігнал серыяй чырвоных ракет, але яго спыніла атака захопнікаў.

/i/content/pi/cult/327/5941/pic_17.jpgДзве групы немцаў накіроўваліся ў бок заставы: першая - колькасцю да роты - прасоўвалася да пазіцыі першага аддзялення, другая - да ўзвода - ішла на акоп другога. Калі да захопнікаў заставалася 300 метраў, пагранічнікі па камандзе Усава адкрылі агонь. Праціўнік спыніў наступленне і паспрабаваў абысці заставу з паўднёвага захаду, але там яго чакалі кулямётчыкі, якія загадзя занялі дыспазіцыю на флангах. Граматная расстаноўка сіл дазволіла спыніць разняволенага ранейшымі лёгкімі перамогамі ворага. У наступным падыходзе немцы задзейнічалі бронетранспарцёр - яго памежнікі вырашылі падарваць звязкай гранат. Дасягнуць сваёй мэты радавому М.Фацюшкіну, які паспрабаваў выканаць задачу, не ўдалося: звязка гранат, што ён кінуў, не падбіла машыну, але бронетранспарцёр быў вымушаны развярнуцца і схавацца за вышынёй. Немцы, для якіх стала нечаканым упартае супраціўленне, паспрабавалі наступным разам абысці заставу з тылу, але і там, накіраваная загадзя Шарыпавым, іх сустрэла група байцоў пад кіраўніцтвам Г.Сцябайлы. Будучы не ў стане адолець абаронцаў заставы, вораг падцягнуў зброю і адкрыў агонь прамой наводкай. Але і наступныя атакі былі адбіты савецкімі пагранічнікамі..."

Сем атак і тры артылерыйскія абстрэлы вытрымала застава пакуль... не пачалі разбурацца абарончыя пабудовы і знікаць уласна чалавечыя сілы. Загінулі кулямётчыкі, камандзір кулямётнага аддзялення, былі цяжка паранены іншыя байцы... Лейтэнант Усаў атрымаў пятае раненне, але ўсё роўна працягваў кіраваць супраціўленнем. Да заставы пачалі падцягвацца танкі, заканчваліся боепрыпасы...

Паводле адной з версій, Віктар Усаў, загадаўшы эвакуіраваць параненых, застаўся на перадавой і павёў у атаку ацалелых байцоў. Паводле іншай, атака не была ажыццёўлена. У той час, калі лейтэнант падабраў снайперскую вінтоўку радавога Сарокіна, які загінуў, яго напаткала варожая куля. Яна патрапіла дваццаціпяцігадоваму кіраўніку заставы ў скроню. Снарад, што разарваўся ў гэты ж момант, абваліў краі траншэі, і Усаў быў засыпаны зямлёй...

Камандаванне тымі, хто застаўся ў жывых, прыняў палітрук Шарыпаў. Група воінаў працягвала бой, пакуль з камендатуры не вярнуўся салдат, які прынёс загад адступаць на Гродна (сувязь з камендатурай страцілі ў першыя ж хвіліны вайны, і кіраўнік заставы быў вымушаны адправіць парны нарад на чале з яфрэйтарам Соласавым на пачатку ваенных дзеянняў).

Больш за шэсць гадзін пратрымалася застава, стрымліваючы ворага. З акружэння выйшлі толькі дзевяць байцоў.

 

Замест P.S.

Ды яшчэ былі 4-я застава пад кіраўніцтвам Ф.Кірычэнкі, якая пратрымалася дзесяць гадзін; 1-я - пад кіраўніцтвам А.Сівачова - больш за 7 гадзін; 2-я лінейная і рэзервовая застава 1-й камендатуры, лёс якіх склаўся трагічна. 2-я лінейная застава, згодна з планам, які прапрацоўваўся яшчэ ў перадваенны час, як толькі атрымала звесткі аб нападзе ворага, без прамаруджвання кінулася насустрач захопнікам. Кіраўнік штаба 1-й камендатуры капітан Гіль накіраваў сілы рэзервовай заставы таксама проста на ворага, які рухаўся па адкрытай мясцовасці. Колькі часу доўжыўся бой гэтых дзвюх груп савецкіх воінаў, сярод якіх былі і кавалерысты, супраць армады танкаў, аўтамашын і матацыклістаў нямецкай арміі, можна толькі ўявіць... Ці застаўся ў жывых хоць адзін з тых памежнікаў, якія прымалі ў ім удзел?..

Што да лейтэнанта Усава, то ягоныя астанкі былі знойдзены толькі праз адзінаццаць гадоў пасля таго самага бою. У зямлі знайшлі таксама вінтоўку, гранату, якую ён падрыхтаваў да кідка, патроны... У маі 1965-га кіраўніку заставы № 3 было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Сёння ягонае імя носіць адна з вуліц украінскага горада Нікапаля, адкуль ён родам, як і адна з вуліц Гродна. Таксама вёска Вулька-Доргунская, побач з якой адбываўся славуты бой, цяпер называецца Усава, як, вядома, і 1-я пагранічная застава Гродзенскай пагрангрупы, што атрымала ягонае імя.

Фота з фондаў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"