Верасень — месяц насычаны

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

Вераснёўская праграма дзейнасці Міністэрства культуры РБ была агучана на традыцыйнай сустрэчы з журналістамі, якая адбылася 29 жніўня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

Міністр культуры У.Матвейчук паведаміў, што пасля жнівеньскага зацішша верасень будзе досыць насычаным на самыя розныя падзеі. Сярод рэспубліканскіх мерапрыемстваў — Дзень беларускага пісьменства ў Шклове, Дзень ведаў у навучальных установах культуры і мастацтваў, якія ўжо прайшлі, фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі — 2007”, які адбудзецца напрыканцы месяца ў Рэчыцы. Аматары нацыянальнай літаратуры збяруцца 15 верасня ў Стаўбцоўскім раёне, дзе пройдзе Рэспубліканскае свята паэзіі, прысвечанае 125-годдзю Якуба Коласа. У сярэдзіне месяца распачнуцца і ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды 85-годдзя з дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Тут будзе зладжаны “круглы стол” на тэму “Новыя бібліятэчныя тэхналогіі ў абслугоўванні карыстальнікаў”, заняткі распачне расійска-беларуская школа якасці бібліятэчных работнікаў.
Цікавай абяцае быць і вераснёўская фестывальная праграма. Услед за нядаўнім ІІІ рэгіянальным фэстам духоўнай і камернай музыкі ў Тураве пачынае працу Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа” ў Брэсце. У Магілёве пройдзе дзесятая па ліку “Анімаёўка”, а маршрут Рэспубліканскага фэсту “Майстры мастацтваў — працаўнікам сяла” на гэты раз будзе скіраваны ў Стаўбцоўскі і Хоцімскі раёны. У Мінску і Віцебску аматараў музыкі парадуе Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, а Брэст у апошнія дні верасня стане сталіцай Рэспубліканскага фестывалю беларускіх фільмаў. Будуць прадоўжаны і міжнародныя культурніцкія стасункі. У Анапе 16 — 25 верасня беларускія кінематаграфісты прымуць удзел у Адкрытым фестывалі кіно краін СНД і краін Балтыі “Кінашок”.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы 5 верасня адкрыў сезон традыцыйнай купалаўскай “Паўлінкай”.“Адвечная песня” па п’есе Янкі Купалы пройдзе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Гледачоў запрашаюць таксама Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета РБ (Вялікая зала Палаца Рэспублікі) і Нацыянальны акадэмічны рускі драмтэатр імя Максіма Горкага.27 верасня плануецца пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры, на якім будуць разгледжаны пытанні “Аб рабоце ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама па выкананні галіновай праграмы развіцця музейнай дзейнасці РБ на 2006 — 2010 гады” і “Аб ходзе выканання рашэння калегіі ад 22.02.2007 №11 па ўкараненні сістэмы інфарматызацыі кіравання галіной”.
Галоўнымі будаўнічымі аб’ектамі ў верасні, як зазначыў міністр, застаюцца палацавыя комплексы ў Міры і Нясвіжы, палац Пацёмкіна ў Крычаве, будынак Вялікага тэатра і інтэрнат Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. 

Усё вырашаюць кадры

Месца сустрэчы з журналістамі — БДУ культуры і мастацтваў — было абрана невыпадкова: кіраўнікі ВНУ сферы культуры паведамілі і пра стан падрыхтоўкі да навучальнага года, і пра кірункі дзейнасці на перспектыву.
Першы прарэктар БДУКіМ М.Кузьмініч гаварыў пра тое, што спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у клубных установах рэспублікі толькі 20 працэнтаў, у бібліятэках — 40. Таму кантакты з абласнымі ўпраўленнямі і раённымі аддзеламі культуры універсітэт лічыць сваёй першараднай задачай. Пасля красавіцкага размеркавання рабочыя месцы прадастаўлены 321 выпускніку, але заявак з рэгіёнаў было ўдвая больш. Самыя запатрабаваныя спецыяльнасці — бібліятэкар, рэжысёр святаў, харэограф.
Універсітэт, разумеючы важнасць кадравага пытання, змяніў прыярытэты і больш увагі стаў надаваць рэгіёнам. Яшчэ зусім нядаўна палова выпускнікоў заставалася ў Мінску. Сёлета — толькі 16 працэнтаў. У пэўнай ступені сяло будзе забяспечана кадрамі культуры і дзякуючы мэтаваму набору. У гэтым годзе ва універсітэце, як і прадугледжвалася,— 28 мэтавікоў.
“Наш абітурыент,— распавёў рэктар Акадэміі музыкі А.Рашчупкін, — рыхтуецца паступіць да нас з пяці гадоў. Таму палову сваіх студэнтаў ведаем з дзяцінства”. Не дзіва, што такое адсочванне талентаў дае плён. Выпускнікі акадэміі — стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ, пераможцы самых прэстыжных міжнародных конкурсаў. Выказаў рэктар і заўвагу: прафіліруючы прадмет пры паступленні варта ўлічваць як галоўны. Маўляў, вынікі тэставання — рэч важная, але творчая ўстанова павінна заставацца творчай.
Гэтай жа думкі прытрымліваецца і рэктар Акадэміі мастацтваў Р.Смольскі.
Правілы залічэння студэнтаў не могуць не ўлічваць, што мастак, акцёр, музыка — прадукт штучны, эксклюзіўны. І за творчы экзамен трэба ставіць не 10 балаў, а трыццаць! Толькі тады ў групе з 6 чалавек будуць вучыцца не добрыя матэматыкі, а добрыя мастакі.
Паведаміў Р.Смольскі і пра тое, што інтэрнат акадэміі, па зручнасцях не горшы за чатырохзоркавы гатэль, будзе здадзены ў кастрычніку — менавіта з гэтага месяца пачынаецца навучанне будучых мастакоў і дызайнераў.
Начальнік упраўлення навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры РБ Н.Шмакава гаварыла пра стан спраў у сярэдніх спецыяльных установах культуры. З 1302 сёлетніх выпускнікоў 261 размеркаваны ў аграгарадкі. 

Запрашае Юрый Башмет

Дырэктар — мастацкі кіраўнік Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета Р.Крымер выказаў удзячнасць Прэзідэнту краіны, Міністэрству культуры і Мінгарвыканкаму за дзейсную падтрымку фестывалю. Сёлета ён будзе больш маштабны па колькасці і канцэртаў, і ўдзельнікаў. Фестывальныя мерапрыемствы пройдуць не толькі ў Мінску, але і ў Летнім амфітэатры Віцебска. Канцэрты таксама будуць ладзіцца ў Маскве і Боне… У Мінску збяруцца такія бліскучыя майстры, як Ю.Башмет, Г.Крэмер, В.Траццякоў, В.Лабанаў… Будуць прадстаўлены такія праекты, як “Вечар венскай класікі” з удзелам маладых і вядомых артыстаў, “Вечар музыкі П.І. Чайкоўскага” і “Класіка сустракае джаз”— на сцэне ў Віцебску камерны ансамбль “Салісты Масквы” Ю.Башмета сустрэнецца з Джаз-бэндам І.Бутмана. Прычым, Башмет будзе іграць джаз, а Бутман — класіку.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ