Макуха, салома і фота

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

Вайна-разлучніца - менавіта так магла б назваць падзеі 70-гадовай даўніны заслужаная артыстка Беларусі Нэлі БАГУСЛАЎСКАЯ. Паехаўшы з бацькам у адпачынак і праводзіўшы яго адтуль на фронт, яна сустрэлася, нарэшце, са сваёй маці толькі ў 1943-м.

- Мы з бацькам прыехалі да яго сваякоў 20 чэрвеня. 21-га мне споўнілася 6 гадоў. А 22-га... Забыць гэта немагчыма! Тата першым эшалонам пайшоў на фронт, я засталася са старэнькім дзядулем, якога практычна не ведала: дагэтуль ён бачыў мяне, калі мне быў усяго годзік. Эвакуацыю лепей не апісваць: было папраўдзе вельмі страшна. Усё гэта шмат разоў паказвалі ў кіно, але ў рэальнасці - яшчэ страшней. Эвакуіраваліся мы на Кубань, у нейкае сяло. Дзядулю прызначылі конюхам. А ён панічна баяўся коней! Праўда, даглядаць за імі не давялося: раней за нас у той канюшні пабывалі немцы і коней угналі. Але макуху, каб іх карміць, нам прывозілі рэгулярна. Мы з дзядулем яе самі елі. Гэта былі такія вялікія спрасаваныя кубікі, мы іх варылі. А палілі саломай, што таксама ў канюшні была. Не надта, вядома, саграваліся, але неяк жылі.

Усе дні былі падобныя адзін да аднаго, я нават не памятаю, як змяняліся поры года. Бо ўсё роўна есці хацелася заўсёды. Але адзін дзень я запомніла. Ва ўсіх дэталях! Я пайшла да ручая, каб адчысціць ад сажы казан. Шаравала яго і травой, і пяском, сама ўся перапэцкалася. І раптам бачу: спыняецца побач нейкі дзядзька. Глядзіць на мяне ўважліва, быццам "фатаграфуе" позіркам, і запытвае: "Ты - Нэля?" Я не паспела нічога падумаць, толькі закрычала адразу: "Мама! Дзе мая мама?!" А ён выцягнуў з кішэні фота: "Гэта ты? Тады мы з табой паездзем да мамы". Я ўхапілася за яго, не адпускаю, нават да ручая не пайшла сажу з рук адмываць: "Паехалі хутчэй!" І праз колькі дзён мы былі на Урале, я ўбачыла маму...

- Хто ж быў той незнаёмец?

- Гэта асобная гісторыя. Маці разам з іншымі жанчынамі рабіла пасылкі на фронт: вышывала кісеты, вязала рукавіцы. І ў адну з пасылак паклала сваё фота. Так у той час многія рабілі, спадзеючыся на ўдачу: а раптам пасылка трапіць да каханага, ад якога няма звестак? Ці, можа, хтосьці падкажа, дзе ён? Праз нейкі час з канцэртнай брыгадай яна выступала ў шпіталі. І адзін з параненых яе пазнаў: "Гэта я вашу пасылку атрымаў". Аказалася, у яго ампутавалі руку, і ён лічыў сваё жыццё скончаным. А мама яму кажа: "Навучыцеся фатаграфаваць, я вам дапамагу! Фатограф можа быць і без адной рукі". Ён і сапраўды стаў фатографам, і абяцаў маці мяне знайсці. У ваенкамаце аформілі дазвол, каб я магла з ім ехаць, і ён пачаў шукаць, мэтанакіравана аб'язджаючы ўсе мясціны, куды нас маглі эвакуіраваць. Але на гэтым гісторыя не заканчваецца. Я вырасла, вывучылася, стала спявачкай. Праз столькі гадоў ён убачыў мяне па тэлевізары - і знайшоў у другі раз. Толькі гэта сюжэт ужо для іншага "кіно"...

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"