“Дзе той старшына?”

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

“Дарогай дальняю” да “Брэсцкай крэпасці”

/i/content/pi/cult/327/5937/pic_10.jpgТой дзень застаўся ў памяці абсалютна ўсіх, хто яго перажыў, - незалежна ад узросту. Вяртаючыся да 22 чэрвеня 1941-га, кожны з іх наноў "пракручвае" тыя падзеі - вось ужо 70 гадоў запар. Заслужанаму артысту Беларусі, опернаму салісту Віктару ГУР'ЕВУ было 14.

- Узгадваць той дзень, - кажа Віктар Фёдаравіч, - і вельмі проста, бо нічога не забылася, і надзвычай складана, бо сапраўдная ацэнка прыйшла не адразу. Мая сям'я жыла на Данбасе. Памятаю, як з хлопцамі ганяў па вуліцы "мяч"- дзіравыя жаночыя панчохі, напханыя анучамі і завязаныя, каб атрымалася штосьці больш-менш круглае. Такія "мячы" на той час былі ва ўсіх, і мы гулялі ў футбол, пачуваючы сябе майстрамі спорту. На вуліцы вісеў чорны рэпрадуктар, па ім транслявалі радыё. І раптам - аб'ява: вайна. Мы тады нават заказырыліся!..

- Нарэшце, маўляў, мы станем героямі? Дастаткова ўзгадаць тую ж песню "Калі заўтра вайна": "И на вражьей земле мы врага разгромим / Малой кровью, могучим ударом!"...

- А гэта ж песня з аднайменнага фільма! Штовечар у сяло прыязджала "перасоўнае кіно": вешалі экран, круцілі стужкі. "Калі заўтра вайна" была заснавана на дакументальных здымках, што рабіліся на вучэннях. А яшчэ нашы хлопцы марылі стаць лётчыкамі: тут і чалюскінцы былі для нас прыкладам, і тыя, хто ваяваў у Іспаніі ў 30-я гады. Мы так шкадавалі, што не можам апынуцца на месцы тых добраахвотнікаў!

- Якімі ж былі ваенныя будні?

- Вядома, было шмат "падказак лёсу", але ж ці прыслухоўваліся мы да іх? Калі пайшлі драматычныя звесткі з фронту, мы, падлеткі, усё роўна не верылі, успрымалі адступленне як нейкі хітры план, пастку для ворага: пэўна, хочуць заманіць фашыстаў углыб тэрыторыі - і там усіх пабіць, каб ніхто не схаваўся. Старэйшы брат Вісарыён служыў у Даўгаўпілсе, і сястра бегала па варажбітках: ці жывы ён? Я не мог уцяміць, навошта яна тое робіць, бо ён жывы, няма сумневу! Да вайны да нас прыязджаў - у такой прыгожай форме, што ўсе хлопцы зайздросцілі. Дый сама назва - Даўгаўпілс - настройвала на тое, што гэта нейкая чароўная краіна казак. Ці можа там здарыцца штосьці благое? Ужо ў час вайны непадалёк ад нас будавалі лінію Сталіна. Яна, праўда, засталася незапатрабаванай, немцы яе бокам абышлі, але доты там былі магутныя. Са зброяй! Калі доты закінулі, мы там гулялі. У вайну, зразумела! Я ўзяў лімонку, а тая зашыпела. Трымаю яе ў руках, усе глядзяць на мяне - нямая сцэна!.. Але, дзякаваць богу, не выбухнула. А колькі дзятвы так загінула, ужо пасля вайны! Толькі не думайце, што мы адно гуляліся. Мы з энтузіязмам працавалі: "Усё для фронту, усё для Перамогі!". Хадзілі па палях з торбачкамі, збіралі каласкі. Вывозілі навоз, пасвілі статкі. А на конях увогуле ўяўлялі сябе кавалерыстамібудзёнаўцамі! Падтрымліваў яшчэ адзін лозунг, які быў нават на запалках: "Вораг будзе разбіты. Перамога будзе за намі!". У сяло прыходзілі пахавальныя, фронт набліжаўся... За сорак кіламетраў ад нас быў аэрадром, і адтуль акурат над нашым сялом самалёты лёталі на фронт. Гэта былі бамбардзіроўшчыкі, якія ў народзе называлі "ціхаходы".

- Пра іх і фільм быў зняты - "Нябесны ціхаход", і ў нашым Музычным тэатры спектакль аднайменны ідзе...

- У жыцці было крыху інакш. У бок фронту самалётаў ляцела шмат, назад жа - куды меней. А ўлетку 1942-га пачалася эвакуацыя. Як гэта было, добра апісана ў рамане Аляксандра Фадзеева "Маладая гвардыя", там папраўдзе ўсё дакладна: шахты залівалі вадой, ваенныя заводы ўзрывалі... Адзін з іх быў за 15 кіламетраў ад нашага сяла, там сястра мая працавала, разам з іншымі порах рабіла. Калі яго падпалілі, дык зарава і ў нас было бачна. Працоўныя засталіся без сродкаў да існавання. У сяле штосьці на градках вырасце, а ў горадзе? І яны ішлі па сёлах мяняць сямейныя рэліквіі. Маці давала ім малако, тварог. Заўсёды вучыла: не бярыце тыя пярсцёнкі, на чужым горы шчасця не збудуеш. Праз наша сяло ўсё ішлі ды ішлі абозы на поўдзень і на ўсход. Неяк рухаліся цыгане, і я як зірнуў на адну дзяўчыну ў квяцістай хустцы, так і пайшоў следам. Ужо і сяло прайшлі, і за сяло, а я вачэй ад яе адвесці не магу. Нарэшце, яна паклікала: "Дай мне сваю руку - пагадаю". І напрарочыла "далёкую дарогу". Я толькі ўсміхнуўся: нікуды я ехаць не збіраюся! Але хутка зазбіраліся і мы. Пэўна, толькі тады я адчуў тое, што давялося перажыць жыхарам Беларусі: нязжатыя палеткі, калоссе асыпаецца, бамбёжкі, фашысцкія самалёты, што на брыючым палёце літаральна расстрэльваюць калоны жанчын і дзяцей... Бомбы вылі жудасна! Гэта ўжо потым мы даведаліся, што на іх наўмысна рабілі дзірачку, праз якую вецер свістаў. Але некаторыя гінулі ўжо ад саміх тых гукаў: сэрца не вытрымлівала. Эвакуіравацца мы не паспелі. Пантонны мост праз Дон на нашых вачах узарвалі, каб ворага стрымаць. Вось тут ледзь не ўпершыню стала страшна. Асабліва ад тых здраднікаў, каго лічылі добрымі суседзямі. Рабавалі, найперш, паліцаі - гэтае жахлівае "племя" спарадзіла вайна. Неяк я пажартаваў над дачкой старасты, дык мяне так білі! А потым вывезлі ў Германію, так што прадказанне пра "далёкую дарогу" спраўдзілася. Там я быў без прозвішча і без імені- № 67. І голас цалкам страціў. Хтосьці падумае- узроставая мутацыя. Не, на той час яна ўжо мінула. Тут было штосьці іншае...

- У нашым тэатры вы працавалі з 1960-га, калі скончылі Белдзяржкансерваторыю, да 1992-га. І ў вас было некалькі "ваенных" партый. Сярод іх - Сяргей у "Алесі" Яўгена Цікоцкага, Старшына ў "Брэсцкай крэпасці" Кірылы Малчанава...

- Абедзе яны ставіліся ў 1967 годзе. "Алеся" дагэтуль неаднойчы ў нас ішла- і з гэтай назвай (прэм'ера была ў 1944-м, адразу пасля вызвалення Беларусі), і як "Дзяўчына з Палесся". Але тое была чарговая рэдакцыя і новая пастаноўка. Я і са Святланай Данілюк спяваў, і з Лідзіяй Галушкінай. Прэм'ера ж "Брэсцкай крэпасці", дарэчы, была трэцяй у былым Савецкім Саюзе: саму тэму, як вядома, толькі ў 1960-я ўзнялі. Пастаноўка была цікавая. Рэжысёр Дзмітрый Смоліч прыдумаў такі фінал, што мы, абаронцы, заміраем і ператвараемся ў манумент. Я там спяваў Старшыну - гэткага балаку, веселуна, які сыпле прыпеўкамі, каб падтрымаць настрой байцоў. На спектакль запрасілі Героя Савецкага Саюза Пятра Міхайлавіча Гаўрылава - папраўдзе легендарнага чалавека, аднаго з нямногіх абаронцаў Брэсцкай крэпасці, хто ацалеў. Усе хваляваліся: як ён успрыме дзею? Усё ж опернае мастацтва вельмі ўмоўнае. Пасля спектакля, зразумела, адбылася сустрэча. Ён глядзіць і запытвае: "Дзе ж той старшына?" Яму на мяне паказваюць. "Не, - кажа, - гэта проста артыст. А там сапраўдны старшына быў!" Потым, калі ўсё растлумачылі, ён мне аўтограф пакінуў на праграмцы. Але найвышэйшай узнагародай стала тое, што ён паверыў убачанаму, успрыняўшы мяне за жывога героя.

Фота з архіва тэатра

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"