Драматургія

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

“З любоўю і павагай да гісторыі сваёй Айчыны“

/i/content/pi/cult/327/5932/pic.jpgБадай, самымі вядомымі творамі Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" на ваенную тэматыку цягам апошніх гадоў сталі карціны народнага артыста Беларусі Аляксандра ЯФРЭМАВА. "Снайпер. Зброя помсты", "Замах", "Немец" знайшлі ўдзячных гледачоў не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Напярэдадні знакавай для ўсіх беларусаў даты - 22 чэрвеня - карэспандэнт "К" вырашыў звярнуцца да Аляксандра Васільевіча з пытаннямі пра тое, з якімі пачуццямі кінематаграфісты ХХІ стагоддзя падыходзяць да падзей сямідзесяцігадовай даўніны. 

- Аляксандр Васільевіч, якую мэту ставяць сабе тыя, хто сёння здымае стужкі аб Вялікай Айчыннай?

- Асабіста для мяне галоўная задача пры гэтым - перадаць той эмацыйны вопыт, пачуцці ўдзельнікаў самай страшэннай вайны ў гісторыі чалавецтва, адлюстраваць моц і прыгажосць Подзвігу савецкага чалавека, дзякуючы якому свет быў вызвалены ад страшэннай небяспекі нацызму, распавесці моладзі пра подзвіг людзей, якія разам змаглі адолець страшэнную, здавалася б, непераадольную навалу. Пытанне, навошта цяпер, праз столькі гадоў, распавядаць пра вайну, - рытарычнае. Перамога ў Вялікай Айчыннай, без сумнення, - слаўная падзея нашай гісторыі ХХ стагоддзя. Здымаць стужкі на ваенную тэматыку - гэта значыць аддаваць даніну павагі нашым бацькам і дзядам, якія здзейснілі Подзвіг, падарылі нам, іхнім нашчадкам, мірнае неба.

- Магчымасці паказу ваенных падзей у кіно трыццаць - сорак гадоў таму былі непараўнальна больш вялікімі. За прыклад можна прывесці эпапеі Юрыя Озерава або стужкі Сяргея Бандарчука. Сёння кінематаграфістам даводзіцца звяртацца да гледача з куды больш сціплымі стужкамі...

- Лічу, справа - не ў сродках, а ў драматургіі, у тым, што і як рэжысёр збіраецца паказаць на экране. На мой погляд, лепшае, што было напісана пра вайну, зрабілі так званыя "тры Б": Юрый Бондараў, Георгій Бакланаў і Васіль Быкаў. Дык вось, іхнія кнігі ніколі не апавядаюць пра нейкія маштабныя падзеі, іх погляд - погляд простага чалавека, звычайнага лейтэнанта, які змагаецца з ворагам на нейкім абмежаваным участку фронту. Галоўная барацьба заўсёды праходзіць не на полі бою, а ў душы і сэрцы чалавека, простага салдата вялікай вайны. Калі ты як рэжысёр, асоба ў стане разгледзець гэтую барацьбу, паказаць яе на экране, то кіно ў цябе атрымаецца цікавае і актуальнае, нягледзячы на памер бюджэту і магчымасці студыі.

- Што можна сказаць тым скептыкам, якія ўпэўнены, нібыта Вялікая Айчынная на экране скончылася?..

- Тое, што існуе неверагодная колькасць "белых плям" вайны, кожная з якіх можа стаць вельмі добрых штуршком для напісання сцэнарыя. Сам я планую наступную сваю работу прысвяціць іншай вайне, якая значыла для беларускіх зямель вельмі шмат, але пра яе, што парадаксальна, беларусам дасюль вядома вельмі мала, - вайне 1812 года. Трэба разумець: любая вайна не павінна выглядаць на экране адно нейкай "схемай", пустой машынэрыяй, дзе ўдзельнічаюць танкі і гарматы, - за кожнай вайной на экране павінны стаяць лёсы канкрэтных людзей, іх перажыванні і пачуцці. Хоць, безумоўна, "машынэрыя" і робіць стужку больш пераканаўчай, без відовішчных эфектаў цяпер не абыдзешся, эфекты "падтрымліваюць" гісторыю на экране...

- Але сучаснае кіно размаўляе на сваёй мове...

- Я прызнаю ў кіно толькі мову любові! Любові і павагі да сваёй Радзімы, яе гісторыі, у тым ліку ваеннай. Калі рэжысёр любіць свой народ, сваю краіну, то і стужкі ў яго - атрымліваюцца!

Фота Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА