Там, дзе гарэла зямля

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

Бетонны мур як раскрытая кніга

 

Зялёныя ўзгоркі, дагледжаныя палі, над якімі лунаюць буслы, - мірныя краявіды сучаснай Беларусі... Цяжка паверыць, што 70 гадоў таму тут літаральна гарэла зямля. Але ж тыя падзеі пакінулі па сабе матэрыяльныя сведчанні. Гэта доты, або дакі, як іх называлі па-беларуску ў даваенных дакументах, Мінскага ўмацаванага раёна (УРа). Таўшчэзныя бетонныя сцены па-ранейшаму спярэшчаныя пісагамі аскепкаў.

Аўтар навуковай канцэпцыі комплексу "Лінія Сталіна" Аляксандр Базарнаў перакананы, што палявыя даследаванні аб'ектаў фартыфікацыі часам могуць распавесці пра іх гісторыю значна больш за росшукі ў архівах.

- Нярэдка ход падзей у тыя чэрвеньскія дні выразна адлюстраваны на саміх мурах дака, - кажа ён. - Маючы пэўныя навыкі, іх можна чытаць, бы раскрытую кнігу...

Грунтоўная гісторыя фартыфікацыі ХХ стагоддзя на Беларусі сёння яшчэ толькі ў стадыі стварэння. Зразумела, што самая цікавая яе старонка - гэта менавіта першыя дні Вялікай Айчыннай вайны.

На вастрыі ўдару

Як вядома, пасля 17 верасня 1939 года памежныя некалі УРы лініі Сталіна апынуліся ў глыбіні краіны. На новай мяжы пачалі ўзводзіцца дакі новай лініі ўмацаванняў, неафіцыйна названай у гонар Молатава.

- На тагачаснай тэрыторыі БССР з'явіліся чатыры ўмацаваныя раёны,- распавядае Аляксандр Базарнаў. - Але паколькі пасля вайны мяжа змянілася, большасць дакаў апынулася на тэрыторыі Польшчы. На Беларусі засталіся толькі два невялікія фрагменты Брэсцкага і Гродзенскага УРаў...

На пачатку вайны ступень гатоўнасці новай фартыфікацыйнай лініі пакідала жадаць лепшага. Бетонныя канструкцыі былі ўжо адліты, але замаскіраваць дакі належным чынам не паспелі. Былі праблемы і з адладкай складаных інжынерных сістэм, без якіх дак- усяго /i/content/pi/cult/327/5930/4-3.jpgтолькі бетонная скрыня.

 - УР уяўляе з сябе складаны арганізм, - дадае Аляксандр Базарнаў.- Эфектыўна дзейнічаць паасобку дакі не ў стане. Для забеспячэння комплекснага эфекту патрэбна артылерыйскае прыкрыццё і палявое запаўненне - г. зн., звычайныя пяхотныя часткі. І неабходна, каб усё гэта дзейнічала ў суладнасці. На момант пачатку вайны УРы лініі Молатава нагадвалі механізм, які знаходзіцца ў напаўразабраным стане. У большасці выпадкаў гарнізоны агнявых кропак былі ўкамплектаваны не поўнасцю...

І, тым не менш, яны аказвалі супраціўленне. Першымі ў бой уступілі дакі ў раёне Брэсцкай крэпасці. Яны апынуліся на вастрыі ўдару.

- На жаль, узнавіць цэласную карціну таго, што там адбывалася, сёння, бадай, немагчыма, - распавядае Аляксандр Базарнаў. - З той прычыны, што ніхто з гарнізонаў гэтых дакаў не ацалеў. Тым больш, жудасны бой быў толькі пачаткам трагічных падзей, і калі хтосьці ўсё ж выжыў ранкам 22 чэрвеня, наступныя дні не пакінулі яму амаль ніякіх шанцаў...

Як адзначыў даследчык, можна з упэўненасцю казаць пра тое, што баі адбываліся і ў Гродзенскім УРы. Пра гэта сведчаць расколіны на мурах дакаў, размешчаных у ваколіцах Аўгустоўскага канала. Зразумела, на пустыя "скрынкі" ніхто не стаў бы марнаваць снарады.

- Так, на лініі Молатава здараліся пэўныя выпадкі дэзерцірства, але ж колькі ўзораў сапраўднага гераізму! - падсумоўвае даследчык. - Тым не менш, стрымаць варожую навалу гэтыя ўмацаванні- у іх тагачасным стане- ніяк не здолелі б. Але ў цэлым нейкую ролю яны, напэўна ж, адыгралі. Калі б савецкія войскі знаходзіліся толькі ў звычайных казармах, катастрофа першых дзён вайны была б яшчэ страшнейшай.

Дысбаланс сіл

Удзел у баях дакаў Мінскага УРа некаторыя гісторыкі ставяць пад сумнеў. У літаратуры можна сустрэць звесткі пра тое, што ўмацаваныя раёны старой лініі абароны, нібыта, былі ўзарваныя паводле загаду Сталіна яшчэ да пачатку вайны.

- Натуральна, тое - поўнае глупства, - кажа Аляксандр Базараў. - У ваколіцах Мінска кожны ахвотны знойдзе мноства дакаў, якія вельмі добра захаваліся да нашых дзён.

У той самы час, некаторыя з гэтых пабудоў і сапраўды пераўтварыліся ў гурбы бетону. Як перакананы даследчык, дакі ўзрывалі самі немцы: такія ўмацаванні ў глыбокім тыле былі ім зусім не патрэбны. Асабліва- у месцах росквіту партызанскага руху.

- Калі перадавыя часткі рэгулярнай арміі маглі даць рады дакам - у іх распараджэнні была артылерыя і спецыяльныя штурмавыя групы, - дык для тылавікоў і паліцаяў яны былі непрыступнай крэпасцю. Менавіта таму напрыканцы 1941 года немцы і прынялі рашэнне знішчыць старыя ўмацаванні. Але задума да канца так і не была ажыццёўлена: надта шмат патрабавалася ўзрыўчаткі, каб зруйнаваць кожны з дакаў...

Фашысцкая прапаганда ўмела рабіць з мухі слана. Таму прарыў лініі Сталіна быў пададзены як вялізная стратэгічная перамога вермахта. Пра відавочны дысбаланс сіл ведамства Гебельса, вядома, не згадвала. Як і пра тое, што ў авангардзе бліцкрыгу былі танкі, а пераважная большасць дакаў Мінскага УРа мелі на ўзбраенні адно легендарныя "максімы". Супраць пяхоты гэта вельмі моцная зброя, але ад брані кулі з віскатам адскокваюць...

 У 30-я гады, калі будавалася гэтая лінія абароны, верагодным праціўнікам СССР з'яўлялася Польшча, чые танкавыя войскі можна было папросту не ўспрымаць усур'ёз. А ў рэальнасці дакам давялося супрацьстаяць моцнаму бронекулаку Гота і Гудэрыяна.

Да таго ж, боегатоўнасць Мінскага УРа на пачатак вайны таксама была зусім не стопрацэнтнай. Пасля таго, як мяжа ссунулася далёка на захад, лінія Сталіна страціла сваё стратэгічнае значэнне. Гарнізоны дакаў перакінулі на новую мяжу, на старых жа ўмацаваннях засталася толькі ахова. Некаторыя дакі другой лініі былі закансерваваны. Фарміраванне новых гарнізонаў пачалося ўжо неўзабаве. Але на пачатку вайны большасць з іх была ўкамплектавана не да канца.

Пяхота супраць танкаў

25 чэрвеня байцы дакаў у раёне вёскі Казекава, што каля Радашковічаў, убачылі фашысцкія танкі. Гэта стала поўнай неспадзяванкай і для іх, і для высокага камандавання. Удар чакаўся з боку Брэста, але імклівы прарыў на Вільнюс танкавай групы Гота зблытаў усе планы... Абарона Мінска на гэтым напрамку была не гатова.

Вокамгненна і амаль без баёў прарваўшы лінію ўмацаванняў, танкі 7-й дывізіі 39-га матарызаванага корпуса ворага выйшлі да Смалявічаў, занялі дарогу на Маскву, і рушылі да беларускай сталіцы. На подступах да яе іх ужо чакалі байцы 100-й стралковай дывізіі.

- У Чырвонай Арміі дывізіі з "круглымі нумарамі" звычайна лічыліся ўзорнымі, і зусім недарэмна, - распавядае Аляксандр Базарнаў. - Тым больш, байцы занялі пазіцыі якраз у раёне палігонаў, дзе яны адпрацоўвалі свае вучэбна-баявыя задачы, і, адпаведна, ведалі ў той мясцовасці ці не кожнае дрэўца. Але... Усё адно гэта быў рызыкоўны экспромт: кідаць пяхотную дывізію супраць танкавай...

Якім чынам пяхота можа стрымаць націск магутнага бронекулака? 25 чэрвеня гэтае пытанне задаваў сабе і камандзір 100-й дывізіі Іван Русіянаў. На пошукі адказу часу зусім не было, але... Мозг працаваў ліхаманкава. "Я павярнуўся да начальніка штаба: "Падрыхтуйце, калі ласка, загад па дывізіі. Першае: сабраць у асабовага складу шкляныя біклагі і заправіць іх палівам. Другое: ва ўсіх частках сфарміраваць групы добраахвотнікаў - знішчальнікаў танкаў, звярнуўшыся перадусім да камуністаў і камсамольцаў. Трэцяе: начальніку інжынернай службы арганізаваць навучанне асабовага складу прымяненню бутэлек з бензінам для барацьбы з танкамі",- пісаў у сваіх мемуарах герой Савецкага Саюза.

Гэта быў першы досвед маштабнага прымянення знакамітага "кактэйля Молатава". І "ноу-хау" апраўдала сябе.

- Баі былі неверагодна жорсткія, прычым так іх ахарактарызаваў у сваіх дакументах сам праціўнік, - кажа Аляксандр Базарнаў. - Захопнікі страцілі камандзіра танкавага палка палкоўніка Ротэнбурга і даволі шмат баявых машын. Натуральна, большасць такіх страт не была незваротнай: поле бою засталося за немцамі, і таму яны мелі магчымасць адрамантаваць пашкоджаную тэхніку.

Капанір 06

 Мінскі УР апынуўся ў тыле ворага. У гэтым гармідары на яго тэрыторыі працягвала разгортванне 64-я стралковая дывізія РККА. Тым часам у наступленне рушылі новыя сілы немцаў. Па старым Кацярынінскім тракце грукаталі гусеніцы танкаў 20-й дывізіі ворага.

- Яе гісторыя сёння апублікавана і даступная для даследчыкаў,- кажа Аляксандр Базарнаў.- І там можна сустрэць згадкі пра лінію ўмацаванняў, праз якія немцам давялося прарывацца з цяжкімі баямі. Тым больш, 20-я дывізія натрапіла на самы моцны батальённы раён УРа, дзе ўжо паспелі разгарнуцца і палявыя часткі. Натуральна, баі былі хуткаплыннымі, бо надоўга стрымаць палком танкавую дывізію немагчыма ў прынцыпе. Але пэўныя страты немцам былі нанесены...

 На думку даследчыка, патэнцыял УРа мог быць выкарыстаны куды ў большай ступені, каб не памылкі высокага камандавання:

- Не зразумела, чаму 64-я дывізія, якая ніколі не была ў Мінску, апынулася ў першай лініі абароны, а 100-я, мінскага фарміравання, апынулася ў тыле. Да таго ж, у камандавання 64-й дывізіі не было паразумення з камандаваннем УРа. Папаўненне, скіраванае ў гарнізоны дака, "валявым рашэннем" камандзіра дывізіі было залічана ў яе склад.

 Дакі, пяхота і супрацьтанкавая артылерыя дзейнічалі адасоблена - яны не здолелі ўтварыць адзіны арганізм. А менавіта гэта і з'яўляецца галоўнай зарукай поспеху ўмацаваных раёнаў. Адна з прычын - у тым, што камендант Мінскага УРа Сяргей Лялькоў загінуў яшчэ да пачатку баявых дзеянняў. Цалкам магчыма, што ў тлуме першых дзён вайны яго прынялі за дыверсанта... А што такое вайсковае фарміраванне без камандзіра - усім вядома... Дакі першай лініі, якія апынуліся на шляху немцаў, амаль усе былі зніштожаны. Спаленыя станкі і выбітыя кулямётныя заслонкі сведчаць пра тое, што вораг не мог "проста прайсці міма" гэтых агнявых кропак.

- Тыя сведчанні баявых падзей, якія і сёння можна ўбачыць ў гэтых даках, часам выклікаюць мурашкі на скуры, - распавядае Аляксандр Базарнаў. - Уявіце сітуацыю: снарад трапіў у амбразуру, за якой, натуральна, знаходзіўся кулямётчык. Ззаду, на чыста выбеленай сцяне, выразна відаць выбоіны ад аскепкаў. І яны ўтвараюць контур, што нагадвае абрысы чалавечага цела...

Гісторыя асобных аб'ектаў УРа даследавана вельмі добра. Адзін з іх- артылерыйскі капанір 06, размешчаны ля вёскі Мацкі, што паміж Радашковічамі і Заслаўем. Гэта ці не найвялікшая пабудова Мінскага УРа, разлічаная на чатыры гарматы. На момант пачатку баёў гарнізон быў укамплектаваны толькі напалову, не хапала боепрыпасаў... Тым не менш, дваццаць вайскоўцаў і дзве жанчыны - жонкі камандзіраў - цягам чатырох сутак вялі цяжкія баі. Нават апынуўшыся ў глыбокім тыле і поўнай ізаляцыі...

- Гістарычныя даследаванні, якія грунтуюцца на ўспамінах мясцовых жыхароў, поўнасцю пацвярджаюць самі муры дака, спярэшчаныя аскепкамі, - распавядае Аляксандр Базарнаў. - Па іх ход баёў можна адсачыць бадай паэтапна...

 Харчаваннем байцоў забяспечвалі мясцовыя жыхары, але калі скончыліся снарады, супраціўленне страціла сэнс. Толькі тады агнявая кропка была пакінута.

■ ■ ■

Натуральна, гераізм асобных падраздзяленняў не мог кардынальна выправіць агульную сітуацыю. Але пэўную карэкціроўку ходу падзей гэты фактар усё ж зрабіў.

- Самае галоўнае, што Мінскі УР стаў для нямецкай навалы, па сутнасці, першым рубяжом, - кажа Аляксандр Базарнаў. - Менавіта там захопнікі ўпершыню сустрэлі сур'ёзнае супраціўленне. Натуральна, утрымаць гэты рубеж было папросту нерэальна...

Дзякуючы намаганням даследчыкаў спакваля ўсё менее "белых плям" у баявой гісторыі фартыфікацыі, і гэты працэс не пакідае ніякіх шанцаў гістарычным міфам. Даволі добра вывучана бітва за Полацк (гл. "К" № 9 за 2010 г.). Але звестак пра падзеі, звязаныя з яшчэ адным размешчаным на тэрыторыі Беларусі УРам - Мазырскім, - не так багата, і пытанняў тут засталося нямала...

У той самы час, узнікаюць і пытанні іншага кшталту: як захаваць парэпаныя аскепкамі дакі, што ўяўляюць і мемарыяльную, і архітэктурную, і, вядома ж, выхаваўчую каштоўнасць? Без сумневу, адказы на іх павінны мець комплексны, крэатыўны характар. Іх "палявыя" пошукі - сярод бліжэйшых планаў "К".