- Наш калектыў паставіўся да прапановы такога выступлення з вялікім энтузіязмам, - адзначае мастацкі кіраўнік "Песняроў" Вячаслаў Шарапаў. - Сёння да нас вяртаецца гісторыя ў выглядзе такіх помнікаў, як Мірскі замак і Нясвіжскі палац. Будзе цудоўна, калі ў Навагрудку захаваецца ў належным стане аб'ект спадчыны - гэта патрэбна нам, нашым дзецям, унукам, турыстам. Як не дапамагчы такой добрай справе?..
Кожны жыхар краіны можа прыняць удзел у акцыі, ахвяруючы сродкі на банкаўскі рахунак № 3642521000622 "Беларусбанка", ЦБУ № 416 філіяла № 413 г. Ліды. Таксама для гэтай мэты будуць устаноўлены скрыні ва ўстановах культуры Навагрудка, а таксама ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальным гістарычным музеі краіны ды іншых.
Летась ахвяраванні жыхароў рэспублікі склалі 21 млн. рублёў, паведамляе Міністэрства культуры. Рэалізацыя ж рэспубліканскай тыражнай латарэі "Скарбніца" ў 2010 годзе прынесла ў фонд захавання Навагрудскага замка 39 млн. рублёў. На рэстаўрацыйныя работы летась усяго было накіравана 101,5 млн. рублёў, з гэтай сумы 41,5 млн. складаюць сродкі з рэспубліканскага бюджэту.