Нацыянальнай — пяць!

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

Новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрыўся пяць гадоў таму — 16 чэрвеня 2006-га. У будаўніцтве гэтага знакавага аб’екта прымала ўдзел уся краіна.

/i/content/pi/cult/327/5928/3-1.jpg

Вось толькі некалькі лічбаў гэтай "пяцігодкі": за час існавання новага будынка бібліятэкі колькасць наведвальнікаў установы склала прыкладна пяць мільёнаў чалавек, а лік віртуальных гасцей перавысіў сем мільёнаў. За гэты перыяд выдана каля 14 мільёнаў экзэмпляраў дакументаў.

Увогуле ж, кожны дзень у НББ запісваецца больш за сто чытачоў, супрацоўнікі бібліятэкі выдаюць наведвальнікам каля дзесяці тысяч кніг. Агульная колькасць чытачоў на сёння - 170 тысяч чалавек.

З пяцігоддзем новага будынка "К" павіншавала дырэктара НББ Рамана Матульскага.

 - Вялікі дзякуй за віншаванне! - адказаў Раман Сцяпанавіч. - Але мне папраўдзе не верыцца, што прайшло столькі часу,- здаецца, мы пераехалі ў новы будынак літаральна ўчора. Пяцігоддзе праляцела незаўважна, быццам імгненне, але за гэты час істотна змянілася як аблічча бібліятэкі, так і- што яшчэ больш істотна - сам наш чытач. Маю на ўвазе электроннае абслугоўванне наведвальнікаў і выкарыстанне матэрыялаў бібліятэкі ў аддаленым доступе - тыя найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі, пра якія пяць гадоў таму мы і не марылі.

Што да нашых бліжэйшых задач, дык плануем працягваць працу па стварэнні Нацыянальнай электроннай бібліятэкі, а таксама дзейнасць па вяртанні тых беларускіх кніг, якія апынуліся за межамі краіны. Гэта звышскладаная задача ў наш час, бо для яе выканання патрабуюцца значныя фінансавыя выдаткі, асабліва калі весці гаворку пра вяртанне на Беларусь арыгіналаў выданняў розных эпох. Таму, акрамя гэтай праграмымаксімум, будзем працягваць вяртаць айчынныя кніжныя каштоўнасці праз копіі, факсімільныя выданні, алічбоўку і стварэнне электронных копій.