Вяртанне скарбаў

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

Фонды Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі папоўніліся новымі культурнымі і гістарычнымі каштоўнасцямі мінулых стагоддзяў, якія былі раней вывезены з тэрыторыі краіны.

 

У Міністэрстве замежных спраў 13 чэрвеня адбылася цырымонія перадачы ў дар установам некалькіх каштоўных рэчаў. На ёй прысутнічалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, міністр замежных спраў краіны Сяргей Мартынаў, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка, старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі Валерый Казакоў, дырэктар НББ Раман Матульскі і дырэктар музея-запаведніка "Нясвіж" Сяргей Клімаў.

Па словах апошняга, у пошуку прадметаў даўніны дапамог Валерый Казакоў. "Менавіта дзякуючы яго намаганням, - адзначае Сяргей Клімаў,- у нясвіжскім музеі з'явіўся медаль "Узяцце Смаленска Уладзіславам IV, каралём Рэчы Паспалітай" (1634 г.), гравюра, што належала роду Радзівілаў, нямецкае выданне 1711 г. "Настаўленне па складанні родавых гербаў" ды іншыя. Усе яны ўвойдуць у асноўную экспазіцыю музея..."

Некаторыя рэчы супрацоўнікі музея знаходзяць на аўкцыёнах у Сеціве, да пошукаў нават далучаюцца звычайныя людзі з Беларусі і замежжа. Так, некалькі экспанатаў ужо куплена на аўкцыёнах у Бельгіі. Гэта прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мінулых стагоддзяў: камінны гадзіннік, вазы, горн. Яшчэ каля 40 прадметаў музей збіраецца набыць пазней.

Як стала вядома карэспандэнту "К", сёлета экспазіцыю могуць папоўніць каля 600 - 800 рэчаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Культурна-гістарычная каштоўнасць іх сёння вызначаецца. У наступным годзе папоўніцца калекцыя нумізматыкі, з'явяцца паясы слуцкага тыпу. Такім чынам, хутка нясвіжскі музей прадэманструе новыя цікавыя скарбы.