Жытнёвыя рамансы

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

“Харошкі”. Пацеркі Памяці

/i/content/pi/cult/327/5923/3-2.jpg

 

22 чэрвеня Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль "Харошкі" пакажа праграму "Памяць сэрца". У Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі збяруцца ўдзельнікі, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і проста прыхільнікі танца. Вечар пройдзе пад патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і пры падтрымцы Мінгарвыканкама.

Сама назва ансамбля - "Харошкі"- настройвае на штосьці толькі добрае. Але некалькі гадоў таму ў калектыве з'явіліся незвычайныя для яго нумары: не фальклорныя, не старажытныя, не гулліва-жартоўныя, а ваенныя. Такія ж пранікнёныя, шчымлівыя, як і многія лірычныя, а часам і лірыка-драматычныя кампазіцыі ансамбля пра каханне. Такія ж заўзятыя, тэхнічна адточаныя, як і іншыя "харошкаўскія" танцы-сцэнкі. "Жытнёвы раманс", "Журавы", "Ішлі салдацікі дамоў", "Вот кто-то с горочки спустился" - усё гэта не эпічны, а, хутчэй, псіхалагічны аповед пра падзеі Вялікай Айчыннай, якія жорстка разбурылі мірную рэчаіснасць ("Мядуначка"). Гэта аповед пра тое, што Перамога кавалася не толькі зброяй, мужнасцю, адвагай, але і ўсім сэрцам - і саміх ваяроў, і тых, хто іх чакаў, узваліўшы на свае плечы ўвесь цяжар вайны./i/content/pi/cult/327/5923/3-3.jpg

 - Мы вельмі даўно збіраліся правесці такі канцэрт,- кажа мастацкі кіраўнік ансамбля, народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая. - Літаральна з таго часу, як толькі ў нас з'явіліся першыя ваенныя нумары, што сталі часткай праграмы "Беларусы". Гэта наш абавязак, тая сапраўдная "памяць сэрца", якая пульсуе не толькі ў ветэранаў і дзяцей вайны, але і ва ўсіх пасляваенных пакаленнях. Спецыяльна да гэтай праграмы кампазітар Марына Марозава напісала некалькі дадатковых музычных нумароў, якія вельмі ўпрыгожылі агульную кампазіцыю, надалі ёй яшчэ большую эмацыйнасць. Бо сама музыка праз вядомыя мелодыі і нашу музычна-інтанацыйную памяць далучае нас да тых падзей і перадае нам усё тое, што адчувалі сведкі вайны. А завяршаем мы праграму "Вяселлем": гэта, бадай, лепшы сімвал і пасляваеннага адраджэння, і, шырэй, адраджэння мірнага жыцця ды светлай надзеі на ўсё лепшае.

На здымку: сцэны з харэаграфічнай балады "Журавы", якую калектыў прадставіць у Мінску 22 чэрвеня.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"