Галерэя — дарэчы!

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

Погляд мастацтвазнаўцы

/i/content/pi/cult/326/5921/Clip_49.jpgМікалай Селяшчук - лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, працаваў у розных жанрах станковага жывапісу, пераважна - у фігуратыўнай карціне і партрэце, а таксама ў станковай ды кніжнай графіцы, у экслібрысе. Быў узнагароджаны 18 дыпломамі і прэміямі прэстыжных конкурсаў кнігі, залатым медалём і дыпломам Біенале кніжнай ілюстрацыі ў Братыславе (Славакія, 1989 г.). Біяграфічным цэнтрам Кембрыджскага ўніверсітэта быў названы Чалавекам года ў галіне культуры (1992 г.).

У гісторыю беларускага жывапісу ўвайшоў як вынаходца своеасаблівага аазіса Свабоды - захавальнікам культурнай памяці, віртуозным умельцам-майстрам кампазіцыі і колерарытмікі. Тэмы і сюжэты яго мастацтва знітаваны з думкамі аб радзіме, яе гісторыяй, казачнай прыродай, людзьмі, сучаснымі праблемамі экалогіі зямлі і экалогіі душы, метамарфозамі чалавечых пачуццяў і надзей. Яму былі ўласцівы не толькі асобая іранічнасць і гратэскавасць, але і незвычайная сардэчная шчодрасць і дабрыня. Ён пісаў свет такім, якім ён яго бачыў: агрэсіўным і чалавечным, безабаронным і магутным, рацыянальным і фантастычным, жахлівым і добрым, карнавальным і жорсткім. І ў гэтых творах ён таленавіта аб'ядноўваў у прасторы палатна, здавалася б, нез'яднаныя ў жыцці з'явы і рэчы. Як Сталкер у Таркоўскага, мастак вёў гледача да сваёй мэты, да сэнсу адлюстраванай светабудовы не простым, ілюстрацыйным, а складаным, шматзначным, сімвалічным шляхам, шляхам пазнання існага, шляхам складаных вобразных асацыяцый і пластычных метафар. Стыхія іррацыянальнага ў яго заўжды ўтаймавана мастацтвам. Дары фантазіі ювелірна апрацаваны, упарадкаваны, акультываваны ў чарадзейнай майстэрні ўяўлення.

Апошнія карціны Міколы Селешчука называюцца "Вяртанне на Радзіму" і "Дарога дадому". Па якіх бы краінах і кантынентах ён ні вандраваў, заўжды сумаваў па роднай зямлі і імкнуўся хутчэй да яе вярнуцца. Чым не яшчэ адзін важкі доказ на карысць неабходнасці стварэння карціннай галерэі майстра на ягонай малой радзіме?

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"