Вяліка- ці Маларыта, а іміджа не стае

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

Турперспектывы на памежжы

/i/content/pi/cult/326/5920/Clip_47.jpgНовы этап развіцця cяла: сацыякультурны зрэз  

Згодна з планам нашых камандзіровачных выездаў, гэтым разам выправіўся ў Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці. Едучы ў гэты куток Беларусі, думаў аб... Вялікарыце - вёсцы, якая знаходзіцца на тэрыторыі раёна і ў якой нарадзіўся вядомы беларускі мастак Мікалай Селяшчук. Цікава, ці памятаюць пра яго на малой радзіме, ці ёсць у Вялікаабо Маларыце музей славутага земляка? Маларыцкі раён з'яўляецца непаўторнай часткай Беларускага Палесся і знаходзіцца, да таго ж, на памежжы Украіны і Польшчы. На сённяшні дзень на Маларытчыне існуе разгалінаваная сетка ўстаноў культуры. Крэатыўныя знаходкі супрацоўнікаў Цэнтральнай раённай бібліятэкі, плённая праца культработнікаў Раённага цэнтра народнай творчасці, Гарадскога дома культуры зацікавяць кожнага наведвальніка гэтых устаноў. Напрыклад, у РЦНТ сабрана ўнікальная калекцыя ўзораў народнага касцюма Маларытчыны: тканы строй з Замшанаў, вышываны - з Радзежа і апратка з Вялікарыты, Гвозніцы, Сбуража... Унікальнасць строю Маларыцкага раёна, згодна з даследаваннямі вядомага этнакультуролага, мастацтвазнаўцы Міхася Раманюка, - у ягонай архаічнасці, класічнай завершанасці формаў... Але далейшай паспяховай працы мясцовых культработнікаў перашкаджае шэраг аб'ектыўных фактараў. Гэта слабая матэрыяльна-тэхнічная база сельскіх устаноў культуры, адсутнасць у Маларыце раённага краязнаўчага музея, нястача спецыялістаў харэаграфічнага, драматычнага, эстраднага жанраў для паспяховай работы клубнай сістэмы. Да таго ж, супрацоўнікі сферы культуры толькі распачынаюць працу па рэкламе, "раскручванні" і стварэнні адметных брэндаў Малырыччыны, якія паспрыялі б турыстычнай папулярнасці раёна. Галоўную ролю ў гэтай справе кіраўніцтва мясцовага райвыканкама небеспадстаўна адводзіць культработнікам. Ці здолеюць яны зацікавіць сваімі брэндамі як беларусаў, так і замежнікаў - пакажа час.  

 

 

Народ пытаецца і прапануе

"Без мультымедыя - як без рук..."  

Летась у Маларыце адбылося абласное свята "Дажынкі2010". Пад гэтую дату ў райцэнтры былі добраўпарадкаваны вуліцы, адрамантаваны шэраг устаноў, у тым ліку - і аб'екты культуры. Але гэта не вырашыла ўсіх праблем у горадзе і на сяле. Менавіта на іх засяроджвалі маю ўвагу жыхары і культработнікі Маларытчыны.

Васіль Сцяпанавіч, служачы, г. Маларыта:

 - Наш Раённы цэнтр народнай творчасці знакаміты на ўсю Брэстчыну. Але летась у будынку РЦНТ былі распачаты рамонтныя работы, і яны пакуль, на жаль, не скончаны. Таму дзеці цяпер займаюцца ў адным з памяшканняў гарадскога Дома культуры. Калі ж РЦНТ "пераедзе" ў свой будынак?..

Марына, студэнтка, г. Маларыта:

- Чаго ў нас не стае - дык гэта раённага музея. Крыўдна...

Ала Алесіюк, дырэктар СДК аграгарадка "Лукава":

- Адрамантавалі наш СДК выдатна, маем якасную апаратуру. А вось чаго не хапае - дык гэта мультымедыйнай устаноўкі. А без яе ў нашай справе - як без рук. Пакуль выходзім з сітуацыі за кошт таго, што бяром гэтую тэхніку ў школе. А хацелася б займець сваю...

Анатоль Дзямянка, мастацкі кіраўнік СДК вёскі Дарапеевічы:

- Наша галоўная праблема - набыццё новага баяна. Ды і тэлевізар сучасны не пашкодзіў бы, каб падключаць да яго DVD-прайгравальнік...  

 

Намеснік старшыні Малырыцкага раённага выканаўчага камітэта Вадзім ШПЕТНЫ працуе на сваёй пасадзе прыкладна два гады, але да драбніц ведае ўсе нюансы сацыякультурнага развіцця Маларытчыны. На традыцыйнай райвыканкамаўскай "лятучцы", ініцыяванай "К", быў абмеркаваны шэраг перспектыўных задумак і планаў мясцовага кіраўніцтва па ўдасканаленні работы сферы культуры Маларыцкага раёна. У гутарцы, натуральна, узяў удзел і начальнік мясцовага аддзела культуры Андрэй ГАРБАЦЭВІЧ.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Вадзім Паўлавіч, Маларыцкі раён знаходзіцца на мяжы з Украінай і Польшчай. Як выкарыстоўваеце такое выгаднае геапалітычнае становішча раёна, як развіваеце міжнароднае супрацоўніцтва ў культурнай сферы?

Вадзім ШПЕТНЫ:

- Сапраўды, мы знаходзімся як бы ў эпіцэнтры трох культур: у раёне акрамя беларусаў пражывае шмат палякаў і ўкраінцаў. Яшчэ пазалетась падпісалі дамову аб супрацоўніцтве з Ратненскім раёнам Валынскай вобласці Украіны, а летась - з адміністрацыяй горада Менжынец Падляскі, што ў Польшчы. Пагадненні гэтыя прадугледжваюць шматбаковае супрацоўніцтва, у тым ліку - і ў сферы культуры. Таму нашы калектывы ўжо неаднойчы пабывалі як ва Украіне, так і ў Польшчы. Натуральна, і замежныя госці прыяджаюць да нас досыць часта.

Андрэй ГАРБАЦЭВІЧ:

- Цягам доўгага перыяду мы ладзім сустрэчы ў парку Дружбы, што размешчаны паміж пагранічнымі пераходамі між нашым раёнам і Ратненскім раёнам Украіны. Плануем праводзіць гэтыя сустрэчы на памежжы пад нейкія юбілейныя даты.

/i/content/pi/cult/326/5920/Clip_48.jpgЮрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Мо варта задумацца і пра міжрэгіянальны або міжнародны праект? Напрыклад, прысвечаны народнай творчасці... Гэтая сфера, наколькі ведаю, у раёне вельмі развітая: у вас звыш 20 фальклорных калектываў...

Вадзім ШПЕТНЫ:

 - Дадзеную тэму мы ўжо абмяркоўвалі. Цяпер ідзе праца па ўсталяванні сувязей, наладжванні кантактаў з нашымі суседзямі, а пасля выканання гэтай першачарговай задачы абавязкова будзем выходзіць на новыя рубяжы ў міжнародным культурным супрацоўніцтве. І тое- адзін з накірункаў, у якім абавязкова будзе працаваць аддзел культуры райвыканкама. Дадам, што ў раёне пад эгідай Еўрасаюза наладжана супрацоўніцтва Беларусі з Польшчай, Літвой, Украінай у рамках маладзёжных праектаў. Нашы калектывы запрашаюць выступаць у Польшчу. Яшчэ адзін бок супрацоўніцта - рэалізацыя Міжнароднай праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва "Польшча - Беларусь - Украіна".

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Ведаю, па дадзенай праграме працуе ўжо шэраг раёнаў Гродзеншчыны. Не так даўно пабываў у Мастоўскім раёне. Там з дапамогай гранту менавіта пад гэтую праграму збіраюцца адрамантаваць Гудзеевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей, абнавіць музейную экспазіцыю...

Вадзім ШПЕТНЫ:

- Мы толькі падступаемся да супрацоўніцтва ў яе рамках: гаворка ідзе пакуль пра падпісанне дамовы. А на наступны год можна будзе закласці частку грошай пад рэалізацыю тых праектаў, якія ў гэтым пагадненні прапішам. Сума гранту- прыкладна 80 тысяч еўра. На гэтыя грошы, так бы мовіць, не надта разгорнешся, але некаторыя дробныя праекты можна рэалізаваць...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- У вас ёсць вёска Вялікарыта, дзе нарадзіўся Мікалай Селяшчук. Чаму б не стварыць, да прыкладу, у гэтым паселішчы невялічкі музей, звязацца з родзічамі мастака, каб папрасіць некалькі экспанатаў для будучай установы: карціны, дакументы, фотаздымкі? Тым больш, прыкладаў дзейнасці падобных устаноў у Беларусі дастаткова: згадайма хаця б Музей Уладзіміра Караткевіча ў Оршы, Карцінную галерэю твораў Яўсея Майсеенкі ў Буда-Кашалёве... Падобная музейная ўстанова, цалкам у гэтым упэўнены, працавала б на імідж раёна...

Вадзім ШПЕТНЫ:

- Наконт музея ў Вялікарыце варта падумаць. Бо там цяпер ідзе працэс станаўлення аграсядзіб, прыватнікі хочуць узяць ва ўласнасць участак, дзе знаходзіцца стары парк, і пабудаваць там з дзясятак гасцявых домікаў. Калі гэты праект ажыццявіцца, дык і музей там будзе дарэчы. Можна будзе сапраўды прадставіць у ім карціны Міколы Селешчука, і паказаць у гэтай установе іншых знакамітых людзей раёна. Карацей, планы такія ёсць.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- А як думаеце працаваць з тымі ж турыстамі? Адзін з варыянтаў - задзейнічаць у іх абслугоўванні шматлікія фальклорныя калектывы раёна, паказваць абрады, спяваць, прадаваць сувеніры...

Вадзім ШПЕТНЫ:

- Пра гэта мы таксама неаднаразова гаварылі з Андрэем Сяргеевічам, і культура абавязкова будзе абслугоўваць турыстаў. Напрыклад, ладзіць сваю праграму, паказваць нашы адметнасці. Ды і з прыватнікамі папярэдняя гутарка ўжо вялася, - яны таксама гатовы да супрацоўніцтва. Перспектыўным у гэтым плане выглядае турбаза ў Лукаве. А непадалёк ёсць вёска Ужова, дзе размешчаны Дом фальклору. Вось у тых мясцінах праца з турыстамі павінна быць пастаўлена на высокім узроўні. Ды і ўвогуле, трэба, каб сферы культуры і турызму ўзаемадзейнічалі больш шчыльна. Ад гэтага будуць у выйгрышы ўсе.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- А як піярыце сябе? Ці наладжана рэклама адметнасцей Маларытчыны, ці ёсць указальнікі да старадаўніх драўляных цэркваў, якіх шмат на гэтай зямлі, ці даяце аб'явы і сваю рэкламу ў Інтэрнэце або ў газетах?

Вадзім ШПЕТНЫ:

- Вось з гэтым у нас пакуль што праблемы: сапраўднага менеджменту, сістэмнага падыходу у рэкламнай дзейнасці не стае...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Не так даўно ў Маларыце адкрылася гасцініца годнага ўзроўню, так што спыніцца прыезджым ёсць дзе. А вось што, напэўна, не спрыяе развіццю турыстычных паслуг, дык гэта адсутнасць у раёне краязнаўчай музейнай установы...

Андрэй ГАРБАЦЭВІЧ: - У нас невялічкія музеі ёсць у школах горада. А музей у сярэдняй школе №2, які найбольш наведваюць і ў якім даволі багатая экспазіцыя, у хуткім часе займее яшчэ адно памяшканне для размяшчэння экспанатаў.

Вадзім ШПЕТНЫ:

 - Так, мы размаўлялі з дырэктарам той школы, з прадстаўнікамі раённай ветэранскай арганізацыі, якія таксама зацікаўлены ў пашырэнні музейных плошчаў, і вырашылі спыніцца на гэтым варыянце. Бо, на жаль, пакуль што ў горадзе няма вольнага будынка, каб размясціць у ім раённы музей. Хоць размова пра ства-рэнне гэтай установы доўжыцца не першы год, і мы выдатна адчуваем яго запатрабаванасць як для мясцовых жыхароў, так і для турыстаў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Яшчэ адна ўстанова, у якую абавязкова завітае патэнцыйны турыст,- Раённы цэнтр народнай творчасці. Ягоныя супрацоўнікі працуюць даволі плённа ў плане адраджэння і захавання народных традыцый, сабралі ўнікальную калекцыю ўзораў народнага касцюма Маларытчыны. Але, на жаль, пакуль што ў будынку РЦНТ не скончаны рамонтныя работы. Калі плануецца іх завяршэнне?

Вадзім ШПЕТНЫ:

- Летась правялі абласныя дажынкі, і цяпер вяртаем крэдыты. Плануем завяршыць рамонт у РЦНТ да канца бягучага года.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- А чаму ў тым жа РЦНТ няма салона-крамы? Продаж сувенірнай прадукцыі - яшчэ адзін шлях да задавальнення турыстычных патрэб і да папаўнення "скарбонкі" плана платных паслуг...

Вадзім ШПЕТНЫ:

- З сувенірнай прадукцыяй у нас пакуль слабавата...

Андрэй ГАРБАЦЭВІЧ:

 - На мой погляд, добрым попытам карыстаюцца ў турыстаў сувеніры з керамікі, ганчарныя вырабы. У нас такога няма. Тут патрэбны чалавек з вопытам, адпаведнае абсталяванне. А тое, што можам зрабіць - ручнікі, вырабы з саломкі, атрымліваецца дарагім па сабекошце, і купіць гэта бывае папросту не па кішэні.

Вадзім ШПЕТНЫ:

- Але ўсё адно варта ўшчыльную заняцца гэтай справай: прадаваць сувеніры, кнігі аб Маларыце, буклеты не толькі ў РЦНТ, а, да прыкладу, і ў гасцініцы. Нядаўна быў у Жыровічах: там побач з манастыром працуе сувенірная лаўка, дзе добра разыходзяцца сувеніры з дрэва. Мо і нам паспрабаваць развіваць гэты накірунак? Таксама можна наладзіць супрацоўніцтва з ЗАГСам і прапаноўваць маладажонам купляць вясельны ручнік. Нават калі ён будзе каштаваць 80 тысяч, жаніх з нявестай гэтых грошай не пашкадуюць, бо гэта - сувенір на ўсё жыццё. Трэба проста шукаць і знаходзіць свой стыль, сваю "фішку".

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Дарэчы, пад час роспісу маладых у ЗАГСе можна было б ладзіць тэатралізацыі з элементамі вясельнага абраду. У іншых рэгіёнах Беларусі такое робіцца і не толькі прыносіць прыбытак установам культуры, але і працуе на захаванне традыцыйнай культуры.

Андрэй ГАРБАЦЭВІЧ:

- Гэта практыкуецца і ў нашых установах культуры, але пакуль што бясплатна. Абавязкова будзем пераводзіць дадзены від дзейнасці на платную аснову.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- І апошняе. Пасля паездкі па Маларытчыне адно з галоўных уражанняў- слабая тэхнічная база шматлікіх СДК раёна. Не стае найноўшай светлавой і гукаўзмацняльнай апаратуры, камп'ютараў. Ды і аб'екты культуры ў некаторых аграгарадках - Чарняны, Макраны, "Арэхава"- не даведзены да ладу...

Андрэй ГАРБАЦЭВІЧ:

- СДК у аграгарадку "Арэхава" сёлета адрамантуем. А вось у Макранах і Чарнянах - сапраўды досыць праблемная сітуацыя: патрабуецца вельмі шмат грошай пад рамонт аб'ектаў культуры, што там месцяцца.

Вадзім ШПЕТНЫ:

- Сапраўды, даволі шмат пытанняў у нас па вёсцы, і мы гэтага не хаваем. Паступова, пры наяўнасці фінансавых сродкаў, будзем рамантаваць СДК, камплектаваць іх апаратурай. Нядаўна купілі новы раяль у Маларыцкую школу мастацтваў, адрамантавалі СДК у аграгарадку "Гвозніца", паставілі туды новую апаратуру, ды і Дом культуры ў аграгарадку "Лукава" выглядае пасля рамонту вельмі добра. Цяпер наша задача - каб тыя рэсурсы, якія мы маем (і матэрыяльныя, і чалавечыя), працавалі на аддачу, каб ва ўстановах з'яўляліся новыя гурткі, ладзіліся цікавыя мерапрыемствы, каб культработнікі прываблівалі сваёй працай дзяцей і падлеткаў. Тады і павысіцца імідж саміх работнікаў сферы культуры.

Андрэй ГАРБАЦЭВІЧ:

- Я заўжды кажу, зразумела напаўжартам, сваім калегам: можаце нават "заваліць" план платных паслуг, але павінны здзівіць людзей сваёй працай. У мяне падыход такі, і я яго не прыхоўваю ад Вадзіма Паўлавіча.

Вадзім ШПЕТНЫ:

- Скажу так. Супрацоўнікам сферы культуры варта заўсёды памятаць, што яны працуюць у такой жа дзяржаўнай установе, як школа, бальніца, крама. І калі чалавек прыходзіць туды, ён чакае якаснага абслугоўвання. Так і ў сферы культуры. Вось мы заўсёды крыўдуем, што культура ў нас фінансуецца па астаткавым прынцыпе. А які імідж культурнай сферы? Трэба працаваць так, каб культуру шанавалі, неабходна здзіўляць людзей цікавымі мерапрыемствамі, каб усе разумелі: культработнікі працуюць зладжана і якасна, і аддача ад іх дзейнасці не меншая, чым ад іншых супрацоўнікаў сацыяльнай сферы. Толькі такая праца прынясе плён і вынік.

Мінск - Маларыцкі раён - Мінск Фота аўтара

 

 

 Дэталь да агульнай карціны

Кніжку і дыск? Калі ласка!

План платных паслуг для Маларыцкай ЦБС - не маленькі: звыш 20 мільёнаў рублёў. Але больш за палову гэтай сумы мясцовыя бібліятэкары ўжо зарабілі. Выкананню плана спрыяе ўвядзенне новых відаў платных паслуг. Іх тут - 29. Ёсць і даволі цікавыя.

- Мы заключылі дамову з Брэсцкім абласным кінавідэапракатам, і цяпер у кожнай бібліятэцы раёна фактычна створаны пункты пракату фільмаў,- распавяла дырэктар Маларыцкай ЦБС Надзея Курдзюк. - Для нас гэтае супрацоўніцтва вельмі выгаднае: з тысячы рублёў за суткі пракату аднаго дыска 100 рублёў ідзе ў Брэст, а 900 рублёў - нам. Прычым гэтая паслуга карыстаецца вялікім попытам...

Ёсць у мясцовых бібліятэкараў і іншыя крэатыўныя знаходкі. Як распавяла загадчык аддзела маркетынгу Маларыцкай ЦРБ Галіна Кучына, ужо цягам дзесяці гадоў мясцовыя бібліятэкары дапамагаюць сваімі метадычнымі матэрыяламі не толькі сельскім бібліятэкам, але і настаўнікам усіх школ раёна.

- У жніўні ў нас гарачая пара, - кажа Галіна Уладзіміраўна, - бо завітваем на пасяджэнні секцый настаўнікаў па розных прадметах і прапаноўваем ім свае сцэнарныя і інфармацыйныя распрацоўкі класных і пазакласных гадзін па розных тэмах: здаровы лад жыцця, барацьба з курэннем, п'янствам, наркотыкамі... Кошт матэрыялаў - невялікі: усё прадаём па цане ксеракопіі. Закупілі нядаўна перфабіндэр ды ламінатар, і цяпер асвоілі новыя віды паслуг: робім пад заказ календары памятных дат, граматы, буклеты, выдаём брашуры па краязнаўстве, па народным касцюме Маларытчыны, заснавалі серыю выданняў "Гісторыя прадпрыемстваў", "Маларытчына праваслаўная"... Усяго і не пералічыш!..

Наладжанай працы ЦБС раёна спрыяе і бібліобус, які на пачатку года атрымалі бібліятэкары. І, па сцвярджэнні загадчыка аўтабібліятэкі Алены Зінчук, перасоўная ўстанова ўжо займела аўтарытэт у жыхароў раёна: чытачы з маланаселеных і аддаленых вёсак з нецярплівасцю чакаюць "бібліятэку на колах", заказваюць шмат разнастайнай літаратуры. Ужо сёлета ў аўтабібліятэцы з'явяцца ноўтбук і прынтар.

І яшчэ адна цікавая навіна. Маларыцкая ЦБС сёлета заключыла дамову з раённым Цэнтрам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. І таму ў летнія месяцы, пад час школьных канікул, у Дзіцячай раённай бібліятэцы будуць працаваць дзеці. Яны будуць дапамагаць бібліятэкарам падклейваць, падшываць, "рэаніміраваць" старыя ці парваныя кнігі. Праца - нескладаная, але карысная для ўсіх: бібліятэка аднаўляе свае фонды і, у той жа час, выхоўвае дзяцей, бо цалкам зразумела, што, папрацаваўшы ў бібліятэцы, падлеткі пасля будуць ставіцца да кніг з павагай, беражлівасцю і піетэтам. Тым больш, за сваю працу на карысць чытачоў хлопчыкі і дзяўчынкі атрымаюць досыць неблагі заробак.

- Самае галоўнае - гэта людзі, тыя высокакваліфікаваныя кадры, што працуюць у нашых бібліятэках, - кажа Надзея Курдзюк, дарэчы, дэпутат раённага Савета дэпутатаў. - Без іх высілкаў, без гэтай каманды аднадумцаў, творчых і ініцыятыўных людзей, наўрад ці можна было б казаць пра паспяховасць нашай дзейнасці.  

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"