Вавулічы на фота

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

Бабруйскія нашчадкі Пушкіна

/i/content/pi/cult/326/5919/14-4.jpgГісторыя шэрагу гарадоў і мястэчак Беларусі цесна звязана з іх уладальнікамі. У іх ліку - і імя ваеннага ды дзяржаўнага дзеяча Ламба, якому імператрыца перадала 24 тысячы дзесяцін у Бабруйскім павеце Мінскай губерні.

Але сёння гэтае прозвішча ні пра што не кажа ні жыхарам вёскі Ламбава Бабруйскага раёна, ні жыхарам самога Бабруйска. Між тым, менавіта ад Івана Варфаламеевіча Ламба, які аддаў дочкам у пасаг велізарныя зямельныя ўладанні, пачынаецца гісторыя з'яўлення прадстаўнікоў такіх дваранскіх родаў у нашым краі, як Галахваставы, Васьковы, Варанцовы-Вельямінавы і Пушкіны.

Менавіта апошняму роду прысвечана новая фотавыстаўка "Сусвет дваранскай сядзібы. Нашчадкі А.С. Пушкіна на Бабруйшчыне", якую падрыхтавалі супрацоўнікі Бабруйскага краязнаўчага музея. У межах праекта прадстаўлены невядомыя дагэтуль шырокай публіцы і краязнаўцам фотаздымкі Вавуліцкай сядзібы (сёння гэта вёска Дубоўка). На жаль, большасць пабудоў маёнтка Вавулічы Бабруйскага павета беззваротна страчаны, але фота дома, флігеля, парку, гаспадарчых пабудоў беражліва захоўваюцца ў старых альбомах нашчадкаў А.С. Пушкіна. Апрача гэтага, на выстаўцы дэманструюцца таксама і партрэты І.Ламба, яго зяця П.Галахвастава, а таксама прадстаўнікоў некалькіх пакаленняў нашчадкаў паэта.

Гэтыя ўнікальныя фотаздымкі з'явіліся ў музеі дзякуючы жыхарцы Фларэнцыі Ганне Варанцовай-Вельямінавай, прапраўнучцы Аляксандра Пушкіна: яна пераслала ў Бабруйскі краязнаўчы музей каштоўныя матэрыялы з сямейнага архіва. Да таго ж, асобныя фота былі атрыманы ўстановай яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя ад іншай праўнучкі А.Пушкіна - Соф'і Паўлаўны Варанцовай-Вельямінавай, з якой музей вёў актыўную перапіску.

 Іна АЎСЕЙЧЫК, навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея

На здымку: сядзіба ў Вавулічах і яе жыхары.