А калі пад’ёмны мост?

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

Падсумаванні і планы Мірскага замка

/i/content/pi/cult/326/5918/14-3.jpgАмаль паўгода прайшло з дня ўрачыстага адкрыцця Замкавага комплексу "Мір". За гэты час тысячы айчынных і замежных турыстаў азнаёміліся з усімі архітэктурнымі асаблівасцямі славутай беларускай фартэцыі і яе інтэр'ерным рашэннем, што спалучыла старадаўнія традыцыі і сучасныя дызайнерскія напрацоўкі.

 Не менш, чым турыстаў, цікавіць лёс Мірскага замка і айчынных вучоных, у тым ліку гісторыкаў, археолагаў, краязнаўцаў, мастацтвазнаўцаў, нумізматаў, рэстаўратараў, многія з якіх непасрэдна ўдзельнічалі ў аднаўленні і музеефікацыі Мірскага замка. А таму абмеркаваць канчатковыя вынікі працяглага працэсу рэстаўрацыі было вырашана ў межах навукова-практычнай канферэнцыі "Вынікі і ўрокі рэстаўрацыі і музеефікацыі Замкавага комплексу "Мір", што днямі адбылася пры непасрэдным удзеле Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага мастацкага музея.

У межах выніковай, сёмай па ліку, канферэнцыі, якая стала чарговай спробай аналізу спосабаў і метадаў захавання беларускай гісторыка-культурнай спадчыны, айчыннымі спецыялістамі былі прааналізаваны вынікі працы, праведзенай у замкавым комплексе. Апрача станоўчых момантаў на прадстаўнічым форуме гучалі і прапановы па далейшым удасканаленні Мірскага замка. У прыватнасці, па словах дырэктара Замкавага комплексу Сяргея Беразоўскага, плануецца далейшая праца па развіцці музейных экспазіцыяй; цягам бліжэйшага часу мае быць даведзены да ладу маляўнічы парк, што акаляе колішнюю рэзідэнцыю Святаполк-Мірскіх; не застанецца без увагі і пад'ёмны механізм замкавага моста.

Вынікам навукова-практычнай канферэнцыі павінна стаць магчымасць выкарыстання назапашанага вопыту пры аднаўленні Мірскага замка з улікам шэрагу заўваг у наступных работах па рэстаўрацыі і музеефікацыі беларускіх замкаў айчыннымі спецыялістамі.

 К.А.