Колькі кніг выйшла з “Лебедзем”?

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

“Праектная дзейнасць” Магдаліны Радзівіл

/i/content/pi/cult/326/5917/14-2.jpgВялікасвецкае хатняе выхаванне ХІХ стагоддзя давала бліскучую адукацыю і рыхтавала дзяўчыну да сямейнага жыцця. Магдаліна з роду Завішаў не стала выключэннем. Пасля заканчэння так званых "ўніверістэтаў" у 19 гадоў яе выдалі замуж за старога магната. Аднак яна стала адзінай у айчыннай гісторыі краіны княгіняй, якая лічыла і называла сябе менавіта беларускай, а таксама пакінула вялікі след у культурным адраджэнні пачатку ХХ ст.

Магдаліна Іванаўна - дачка знакамітага беларускага этнографа і археолага Івана Завішы, які напрыканцы XIX стагоддзя быў у ліку найбуйнейшых землеўласнікаў Мінскай губерні. У сваіх успамінах пра дзяцінства Магдаліна звяртае ўвагу на тое, што ў ейнай сям'і вельмі паважліва ставіліся да сялян, імкнуліся не абцяжарваць іх, а ў цяжкую хвіліну і дапамагчы. Якія б тэндэнцыі ні былі пашыраны ў Расійскай імперыі, Завішы заўсёды мелі выразнае ўяўленне пра свой радавод. Невыпадкова ў іхняй сям'і захоўваўся адзін з найлепшых сямейных архіваў, з якога відаць не толькі беларускае паходжанне роду, але і ўклад продкаў у скарбонку дзяржаўнага развіцця Вялікага Княства Літоўскага. Беларускасць Магдаліны, якую яе сучаснікі адзначалі як эксцэнтрызм натуры, блазанства, моднае на той час, была яе існасцю.

 З безлічы варыянтаў жаночага існавання, якія пасля смерці мужа даваў ёй стан найбуйнейшай землеўласніцы Паўночна-Заходняга краю, яна самастойна абрала шлях падтрымкі першых парасткаў нацыянальнага культурнага адраджэння. Гэтаму спрыяла і імя бацькі, якога добра ведалі не толькі ў навуковых колах Расіі і Польшчы, але, перш за ўсё, у Вільні і Мінску, дзе ў Магдаліны было шмат сяброў.

У той жа час, цалкам прысвяціць сябе грамадскай дзейнасці перашкаджалі справы. Яно і не дзіва: кіраўніцтва агромністымі зямельнымі і ляснымі абшарамі (маёнткі Кухцічы і Жорнаўка на тэрыторыі сучасных Уздзенскага і Асіповіцкага раёнаў) патрабавала штодзённага асабістага кантролю.

 У 1906 годзе Магдаліна выйшла замуж другі раз. Гэты шлюб, варты рамана, даў ёй не толькі маладога рухавага гаспадара (афіцэр Мікалай Радзівіл быў маладзейшы за яе на дзевятнаццаць гадоў), але і абарону. Як вынік, неўзабаве Магдаліну пачалі згадваць у шэрагу перадавых гаспадарнікаў краю.

Зразумела, што ў свае гады (у 1911-м ёй споўнілася 50) яна не магла быць удзельніцай нацыянальных маладзёжных суполак, ды і ім наўрад ці патрабаваўся ейны непасрэдны ўдзел. Але тое, што княгіня Радзівіл спрыяе беларускай культуры, што яна свой чалавек, у коле адраджэнцаў пачатку ХХ стагоддзя з'яўлялася агульнавядомым фактам. Яе дом у маёнтку Жорнаўка быў пастаянна адкрыты для наведвальнікаў, саму яе можна было ўбачыць то ў Мінску, то ў Вільні, то, разам з мужам, у Санкт-Пецярбургу, дзе ў час размовы з Браніславам Эпімах-Шыпілам дамовіліся адкрыць першую айчынную выдавецкую суполку "Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ".

 І хоць большасць непасрэдных удзельнікаў культурнага адраджэння пачатку ХХ ст. пазней ніяк не ўзгадае пра яе ролю ў патрыятычнай справе, але ж зразумела, што выдавецкія праекты фінансаваліся не са сціплай студэнцкай стыпендыі. Як сведчаць факты, у тым ліку запісы грамадскага дзеяча пачатку мінулага стагоддзя Аляксандра Уласава, княгіня выдаткоўвала заўсёды шмат сродкаў і на канкрэтныя мэты. Зразумела, што фінансаванне ішло, так бы мовіць, з рук у рукі.

Асаблівым яе клопатам было станаўленне беларускіх літаратараў-творцаў. У прыватнасці, грошы на выданне першай і адзінай прыжыццёвай кнігі Максіма Багдановіча - далёка не адзіны з эпізодаў яе мецэнацкай дзейнасці. Цікавая дэталь: Іван Луцкевіч і іншыя супрацоўнікі першых беларускіх выданняў, якія яна на той час ужо шчодра фінансавала, мелі, як сведчаць дакументы, для выдання гэтай кніжкі грошы. Але паколькі размова ішла пра Максіма Багдановіча, з сям'ёй якога княгіню звязвалі цесныя сяброўскія сувязі, яны вырашылі скарыстацца гэтай акалічнасцю і здабыць у Магдаліны Радзівіл дадатковыя сродкі на выданне. Не раз ашуканая тымі, каго падтрымлівала, яна паставіла ўмову, каб выданне пабачыла свет з яе фамільным гербам "Лебедзь". Выдаўцы задаволілі патрабаванне, пра што і сведчыць той самы "Лебедзь" на тытуле "Вянка". Але ці толькі ў гэтай кніжцы? Следам у вядомай з паэтычных радкоў Максіма Багдановіча друкарні Марціна Кухты ў Вільні пабачыў свет шэраг кніг з гербам княгіні Радзівіл. Гэта сведчыць,/i/content/pi/cult/326/5917/14-1.jpg што яна фінансавала не асобную кніжку, а цэлую серыю, куды ўвайшлі зборнікі Канстанцыі Буйло, Ядвігіна Ш. і нават Якуба Коласа (пад псеўданімам "Тарас Гушча"). Але ніводны з аўтараў ніколі не згадваў пра гэтае фінансаванне, бо, хутчэй за ўсё, пра яго і не ведаў. Княгіня заставалася публічнай фігурай: пра дзейнасць яе згадвалася не ў нацыянальным друку, а ў афіцыйных мінскіх ці варшаўскіх выданнях, побач з імёнамі дэпутатаў Дзяржаўнай думы. Можна лічыць выключэннем з правілаў, што літоўцы ў 1913 годзе даведаліся пра перадачу Магдалінай 20 тысяч рублёў у Вільню братам Луцкевічам і А.Уласаву на развіццё беларускай выдавецкай справы, і ледзь не наклікалі бяды. Усё абышлося толькі дзякуючы знаходлівасці яе юрыста, які непасрэдна ажыццяўляў гэтую перадачу.

 Фінансавае служэнне Айчыне ажыццяўлялася Магдалінай Радзівіл на фоне няспыннай грамадскай дзейнасці. То яна фундуе бясплатныя ложкі для хворых у шпіталі мінскага Дабрачыннага таварыства, то будуе для каталікоўбеларусаў касцёл у Лондане, то выступае аўтаркай праекта пабудовы велічнага касцёла і шпіталя ў Мінску. Ды і адначасова - безліч дабрачынных спраў.

Пасля смерці другога мужа (ён быў забіты на пачатку Першай сусветнай вайны ў 1914 годзе) грамадская дзейнасць Магдаліны Радзівіл не перапынілася. Мінскімі ўладамі яна была запрошана ў кіраўніцтва "Таварыства дапамогі сем'ям ніжэйшых чыноў", брала на свой кошт у Жорнаўку на летні адпачынак дзяцей ахвяр ваенных дзеянняў, працягвала змаганне за будаўніцтва касцёла, штодзённа прымала шматлікіх абяздоленых.

Тым часам набліжалася рэвалюцыя. І ўсё ж Магдаліна Радзівіл паспела зрабіць яшчэ колькі добрых і важных для асветы Айчыны спраў. У прыватнасці, ёй удалося ажыццявіць сваё разуменне беларускасці і ўвесці ў сваіх маёнтках у якасці афіцыйнай беларускую мову. У верасні 1918 года газета "Вольная Беларусь" пісала: "Коштам княгіні Радзівіл у Ігуменскім павеце адкрыты тры беларускія пачатковыя школы, апроч таго, чатыры школы намечаны да адкрыцця ў бліжэйшы час. У м[ястэчку] Узда Ігуменскага павета памянёная землеўласніца адкрывае рамесніцкае вучылішча для сялянскіх дзяцей..."

Потым віхура перамен закінула яе за мяжу - у Швейцарыю, дзе Магдаліна Іванаўна правяла свае апошнія дні і пайшла з жыцця ў 1945 годзе.

Думаецца, што нават удалечыні ад Радзімы ў слаўнай мецэнаткі на ўспамін захоўвалася сціплая брашурка, выдадзеная ў 1918-м у Мінску. Там імя Магдаліны Іванаўны - у шэрагу волатаў нацыянальнага культурнага адраджэння нароўні з імёнамі Браніслава Эпімах-Шыпілы, Яўхіма Карскага, Браніслава Тарашкевіча, Аркадзя Смоліча, Максіма Гарэцкага, Янкі Купалы, Якуба Коласа.

Віктар ХУРСІК

На здымках: княгіня Магдаліна Радзівіл з дачкой Людвікай на карціне невядомага мастака 1880 - 1890 гг. (выява з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі); герб "Лебедзь".