У Нясвіж на “…Паляванне…”

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

Хто сказаў, што каралеўскія паляванні прапісаліся адно ў Белавежскай пушчы? 24 — 26 чэрвеня вы зможаце стаць удзельнікам непаўторнага нясвіжскага палявання-балявання.

 

 І гэта не простая гульня слоў! Бо ў знакамітым радзівілаўскім замку, ва ўнутраным дворыку перад палацам, дзе могуць змясціцца некалькі тысяч гледачоў, ужо другі раз пройдзе Летні фестываль опернага і балетнага мастацтва.

Сімвалічна, што падзеяй першага вечара стане опера Уладзіміра Солтана "Дзікае паляванне караля Стаха". Спектакль, пастаўлены 27 гадоў таму, калісьці меў вопыт паказу на адкрытай сцэне - у мінскім Траецкім прадмесці. Акустыка там, можа, і пакідала жадаць лепшага, але відовішча - уражвала. У Нясвіжы ж, як паказаў леташні фэст, добрай акустычнай аўры спрыяе сама архітэктура. Дый нашаму тэатру не прывыкаць да выступленняў у рэжыме open-air: яшчэ ў 80-я гады такія гастрольныя спектаклі пад адкрытым небам праводзіў Беларускі балет, з сярэдзіны 1990-х - Беларуская опера, якая стала заўсёдніцай "паветраных" фестываляў у тых жа Швейцарыі і Германіі. З часам далучыліся і айчынныя гарадскія ландшафты: узгадайма і мінскія канцэрты (на прыступках АНТ, ля Ратушы), і цыклы канцэртаў ля сцен Святой Сафіі ў Полацку і ў Мірскім замку, адзначаныя спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Чым жа, акрамя "Дзікага палявання...", будзе адметны цяперашні нясвіжскі оперна-балетны збор? Найперш - разнастайнасцю: жанравай і "геаграфічнай". У ратушы прагучаць рамансы - пад акампанемент струннага квінтэта "Серэнада". У знакамітым Фарным касцёле - араторыя "Жальбы" Ігара Хадоскі. А непасрэдна на тэрыторыі замка - згаданая опера У.Солтана, аднаактовы балет Л.Мінкуса "Пахіта" і дзве канцэртныя праграмы.

У тэатра ёсць намер зрабіць такія фестывалі не толькі традыцыйнымі, але і больш працяглымі, праводзячы там выступленні цягам усяго вяснова-летняга перыяду, пакуль дазваляе надвор'е. Сапраўды, чаму б не займець нашаму Вялікаму свой філіял? Не абавязкова, дарэчы, "маленькі".

Н.Б.