Пра глобус і чараўніка

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

Не будзе перабольшваннем сказаць, што сёлетні філарманічны сезон, пры ўсёй яго разнастайнасці, прайшоў пад знакам фартэпіяннай музыкі. Міжнародны конкурс піяністаў, два форумы— “Дуэцісіма” і “Магія раяля”, асобныя прыезды знакамітасцей, сярод зусім нядаўніх — найвіртуозная, музычна-тонкая, з надзвычайным пачуццём мастацкай формы Элісо Вірсаладзэ, якая грала з Камерным аркестрам Беларусі на чале з Яўгенам Бушковым. А некалькімі днямі раней — сольнік Андрэя Паначэўнага, які ўвогуле змяніў наша ўяўленне пра сучаснае выканальніцтва.

/i/content/pi/cult/326/5913/10-2.jpg Сусветна прызнаная зорка, гастролі якой распісаны на некалькі гадоў наперад, Андрэй не забываецца на радзіму. Выхаванец нашай фартэпіяннай школы, колішні выпускнік гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, потым - самой Акадэміі, саліст нашай філармоніі, ён ужо колькі гадоў жыве і працуе ў замежжы. Таму, мабыць, такімі відавочнымі становяцца з кожным чарговым прыездам тыя змены ў яго выканальніцкай манеры, што сведчаць пра ўсё новыя ўзятыя вяршыні.

Ён заўсёды быў не па гадах мудрым, яму і раней не была ўласціва залішняя "рамантызацыя" выканання, тая дзіцячая непасрэднасць, "заліхвацкасць", што, бывае, вылучае найбольш схільных да акцёрства музыкантаў. Але цяпер у яго ігры з'явілася яшчэ больш прароцтва. Усё надзвычай проста - і чароўна. Так, пэўна, выглядае сапраўдны, не падманны, чараўнік: быццам нічога асаблівага не робіць, так, крыху "варожыць" штосьці рукамі- ды ўсё атрымліваецца, бы само па сабе. І гэтае "ўсё" - дыхае, жыве, радуецца і пакутуе "адасоблена" ад свайго стваральніка.

Рэдкія, але такія заўважныя, сур'ёзныя па непадробным драматызме кульмінацыі ўзнікаюць як нястрыманы крык на мяжы магчымасцей, імгненны ўсплёск. Ды ўсё ж не яны становяцца цэнтрам прыцягнення ўвагі, а тое, як гэты піяніст увогуле даносіць музыку да слухача. Аксіёмай лічыцца неабходнасць выяўлення ў творах стылёвых асаблівасцей таго або іншага кампазітара. Андрэй Паначэўны аспрэчыў гэты класічны пастулат, прапанаваўшы замест "трох кітоў" глабальна-глобусавую музычную планету, што трымаецца ў прасторы самастойна, ды яшчэ і "круціцца"! Ён не "грае" тых або іншых кампазітараў, акцэнтуючы знешнія праявы іх стылю, а даносіць да слухача сам сэнс іх музыкі. Не "распісвае" творы "па ролях", а чытае "ад аўтара" адразу "за ўсіх", не хаваючы папраўдзе зацікаўленага голасу самога "апавядальніка". Бо яму ёсць што сказаць самому! Пры такім поглядзе зверху, з адлегласці ў стагоддзе, становяцца зразумелымі не толькі "палярнасць" Скрабіна і Рахманінава, але і іх еднасць у еўрапейскай мастацкай аўры 1900-х, высвечваюцца нябачныя раней нітачкі ад Шапэна да Скрабіна і Мэтнера, іх "суладдзе" з Яначакам. І кожны гук - бы асэнсаванае, узважанае слова з незабыўным па тэмбры гучаннем, з якіх і складаецца агульнае эстэтычнае палатно, заснаванае на зачараванасці, заварожанасці прыгажосцю.

На здымку: Андрэй Паначэўны.