Фэнтазі-фольк, або Танцаваць як шанцаваць

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

Карункі для “прыкольнага” спектакля

/i/content/pi/cult/326/5912/10-1.jpgШтогод трэцякурснікі кафедры харэаграфіі БДУКіМ ладзяць фальклорны вечар, дзе паказваюць апрацаваныя імі народныя танцы, гульні ды забаўкі, якія ў былыя дзесяцігоддзі збіраліся навукоўцамі, выкладчыкамі і студэнтамі па ўсёй Беларусі. Ініцыятарам такога жывога захавання нацыянальнай танцавальнай спадчыны выступіла ў свой час доктар мастацтвазнаўства, прафесар Юлія Чурко, якая занатавала свае фальклорныя зборы ў шматлікіх выданнях.

Вечарына "Каму пашанцуе, той і станцуе", падрыхтаваная пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры, прафесара Святланы Гуткоўскай, складалася больш як з дваццаці фальклорных узораў, сплеценых у мудрагелістыя карункі вясёлага, папраўдзе "прыкольнага" спектакля. Тут былі і пародыі, і элементы фэнтазі, і сюжэтныя адгалінаванні, што склалі дзве паралельныя гісторыі. Адна - пра добрага чараўніка, які "прыкідваўся" злым, каб дапамагчы жыхарам казачнай вёскі выйсці з замкнёнага кола аднастайнай завядзёнкі. Другая - пра хлопца, што ўсё шукае ды шукае сваё творчае аблічча і, нарэшце, знаходзіць сябе ў ролі... хлебароба. І ўсё гэта - з папраўдзе "завадным" інтэрактывам, калі ў фінальнай кадрылі скакаць пайшоў нават рэктар навучальнай установы Барыс Святлоў. У адпаведнасці з назвай тэатралізаванай дзеі, яму - пашанцавала.

Насамрэч, шанцавала абсалютна ўсім. Удзельнікам - ужо таму, што спрычыніліся да крэатыву, дакрануліся да старажытных пластычных арнаментаў-сімвалаў, зрабіўшы іх часткай нашага сучаснага жыцця. Гледачам - што атрымалі мастацкую асалоду і сапраўдную душэўную радасць. А як пашанцавала ўсёй нашай культуры, што ў яе ёсць такія неабыякавыя, зацікаўленыя ахоўнікі!

 Спектакль атрымаўся ў поўным сэнсе слова сінтэтычным: акрамя ўласна танцавальных нумароў (вядома, касцюміраваных!), тут былі і размоўныя дыялогі, і добрая акцёрская ігра, і разнастайны сцэнаграфічны антураж, што ўключаў у сябе не толькі намёк на дэкарацыі, але і якасную відэапраекцыю - з дакументальна-мастацкімі і мульцяшнакамп'ютарнымі міні-сюжэтамі. А яшчэ - жывая музыка, прычым у розных выканальніцкіх варыянтах: тут табе і гурт "Рамэ" кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ, зроблены ў старадаўніх традыцыях так званай траістай музыкі (скрыпка, ударныя, дуда), і дуэт баяністаў. На дзіва натуральна спалучыліся ў спектаклі глыбінныя нацыянальныя традыцыі (прычым не толькі фальклорныя, але і прафесійныя) з найноўшымі музычна-тэатральнымі тэндэнцыямі. Ужо ў самой жанравай прыродзе гэтага відовішча праглядалі і вясковыя вячоркі з гульнямі ды скокамі, і рысы школьнага тэатра Беларусі ХVI - ХVIII стст., які яднаў у пастаноўках, часта на вучэбныя тэмы, настаўнікаў і вучняў. Даволі частым на шляхецкіх баляваннях бываў і фінал па прынцыпе "Танцуюць усе!": "культурная праграма" гасцявання пачыналася са спектакля, а завяршалася тагачаснай "дыскатэкай".

А колькі адметных пластычных прыдумак было ў саміх фальклорных узорах і іх апрацоўках! Што ні нумар - у кожным свая "разыначка", ды не адна. Шкада толькі, што ўсё гэта - без далейшых паўтораў на шырокую публіку. Між тым, падобныя пастаноўкі, заснаваныя не проста на нашым уяўленні пра беларускі танцавальны фальклор, а менавіта на яго рэальных узорах, калісьці зафіксаваных ад саміх носьбітаў, маглі б падштурхнуць і многія іншыя нашы калектывы, у тым ліку прафесійныя, да новых творчых пошукаў.

На здымку: каму ж пашанцавала ў танцы?

Фота Сяргея КАТА