Муза і ўлюбёны герой

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

На персанальных выстаўках заўсёды размяшчаюць біяграфіі мастакоў, з якімі глядач можа азнаёміцца перад аглядам экспазіцыі. У экспазіцыі твораў Вячаслава Зіноўевіча Ражкова — дзве біяграфіі: уласная і яго жонкі Антаніны Мікалаеўны. Упершыню ўбачыўшы гэта, здзіўляешся: чаму так? І толькі пагутарыўшы з музай жывапісца, разумееш: у кожнай рабоце Ражкова — часцінка не толькі ягонай, але і ейнай душы.

/i/content/pi/cult/326/5911/8-1.jpgВячаслаў Ражкоў, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, у складзе 101-й танкавай брыгады 19-гадовым юнаком гераічна змагаўся на Курскай дузе. Пасля Перамогі паступіў у Палехскае мастацкае вучылішча імя М.Горкага і пасля яго заканчэння пачаў выстаўляцца як майстар лакавай мініяцюры. Галоўныя тэмы, канешне ж, - ваенна-патрыятычная ("Гераічная застава", "Беларускі Сусанін", "Кулікова поле", "Дзмітрый Данской", а таксама сюжэты народных казак, рускі і беларускі фальклор, матывы сялянскага побыту. Лепшыя творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Рускім музеі Пецярбурга, у музеях Загорска, Палеха, Барнаула і г. д.

 Антаніна Мікалаеўна - з тых вартых захаплення і такіх рэдкіх у нашы дні жанчын, якія ўсё жыццё прысвяцілі мужу, пестуючы і развіваючы яго таленты, часам забываючыся на свае. Успамінаючы дзясяткі гадоў, што пражылі разам, Антаніна Мікалаеўна толькі мімаходзь адзначае, як шмат даводзілася працаваць, колькі разоў трэба было пераязджаць з месца на месца, як нялёгка было ім станавіцца на ногі ў Мінску... Затое доўга і з асалодай расказвае пра тое, як разам з мужам ездзілі адпачываць на мора, куды замест стосу вопраткі і ўласных рэчаў ён браў эцюднік, фарбы, алоўкі; пра тое, як усе цёплыя месяцы былі на лецішчы, і там ён таксама гадзінамі маляваў свайго ўлюбёнага "героя" - прыроду... "Вячаслаў Зіноўевіч заўсёды пісаў з натуры, - дзеліцца Антаніна Мікалаеўна, - таму такая шчырасць бачная ў яго работах. І яшчэ адна асаблівасць ёсць у яго творах: ён заўсёды імкнуўся наблізіць прыроду да чалавека, такім чынам на кожнай карціне - хай нават і вельмі маленькі, умоўны, але сустрэнецца чалавек: ці то рыбак, ці то вершнік"...

Цягам вось ужо дзевяці гадоў мэтай жыцця Антаніны Ражковай з'яўляецца арганізацыя выставак мужа. За гэты час ёй удалося зладзіць іх ужо больш за 25. Апошняя з экспазіцый была прадстаўлена ў Доме Масквы. Яшчэ адна - у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а адна з выставак акварэлі - у Мінскім дзяржаўным гандлёвым каледжы - увогуле не закрывалася. Работы Ражкова ўпрыгожваюць навучальную ўстанову ўжо не першы год. Дар'я ДАНІЛЕВІЧ