Метафізіка і аўтар

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

Паводле ўласнай міфалогіі

/i/content/pi/cult/326/5910/pic_39.jpgЗ 7 чэрвеня ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва працуе выстаўка твораў Людмілы Русавай "Бесцялеснае". Яна прымеркавана да дня нараджэння мастачкі (11 чэрвеня 1954 года), з'яўляецца своеасаблівай квінтэсэнцыяй самой творчасці аўтаркі, якая стварала мастацтва паводле ўласнай "міфалогіі".

У 1997 г. у сваёй "Дэкларацыі свабоды творчасці абароны аўтарскай волі" Людміла выбудавала канцэпцыю:

"1. Аўтар і яго біяграфія як лёс творчай асобы - аснова персанальнай міфалогіі; 2. Аўтар як самастойная творчая адзінка, якая здольная рэалізаваць свой творчы патэнцыял; 3. Аўтар мае права на самаідэнтыфікацыю, таму што аўтар стварае; 4. Аўтар любіць мастацтва, а не мастацтва ў сабе ці, тым больш, сябе ў мастацтве; 5. Аўтар можа быць у прэтэнзіі толькі да ўласнай персоны..."

Людміла Русава - знакавая фігура сучаснага беларускага мастацтва. Яна адна з заснавальніц і актыўны ўдзельнік авангарднага руху на Беларусі. Акрамя жывапісу, графікі, габеленаў і арыгінальнай аўтарскай тэхнікі, мастачка ініцыявала і рэалізавала шэраг канцэптуальных праектаў, займалася перформансам, "метафізічнай" паэзіяй, педагогікай, аналітыкай, тэорыяй і гісторыяй мастацтваў. Для яе творчасці набывае важнае значэнне разуменне гледача, дыялог з ім, зносіны на роўных. Сама прырода перформансу, як яна лічыла, пабудавана на роўным удзеле і сааўтарстве гледача і мастака.

А зараз некалькі слоў з яе біяграфіі. Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча ў 1973 г., потым - аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Сярод яе педагогаў - Альгерд Малішэўскі, Гаўрыла Вашчанка, Уладзімір Стэльмашонак. У 1980 - 1990-я была членам творчых аб'яднанняў "Плюраліс" і "Форма". Рэалізавала Людміла Русава больш за сто мастацкіх выставак і канцэптуальных праектаў. Аўтар першага перформансу на тэрыторыі Беларусі ў 1980-я гады. У канцы 1990-х выдала арт-кнігу "Наскрозь".

Людміла Русава пайшла з жыцця летась, 30 мая, у Мінску.