Разгорнем часаў шаты, або Чытаем Шклоўшчыну як кнігу

№ 35 (801) 01.09.2007 - 07.09.2007 г

Для многіх беларусаў “Новая зямля” Якуба Коласа стала кнігай адкрыцця мілай сэрцу старонкі, першай і яркай карцінкай у жыццёвым буквары, з якой і пачынаецца Радзіма. Хтосьці чэрпае з гэтае крыніцы напоўніцу і глытае нагбом, хтосьці пакуль слібізуе — блытаецца ў складах, а хтосьці толькі прыглядаецца, як коласаўскі Костусь: маўляў, чытаць люблю, але яшчэ не ўмею. Аднак у любым выпадку на цікаўных да роднае зямлі няма ў нас нястачы, і кожны раён Беларусі — разгорнутая кніга. Лістай, усведамляй, атрымлівай асалоду ад спрычынення да культуры Бацькаўшчыны. І Шклоўшчына тут, натуральна, — не выключэнне. У яе палёў-лясоў пазычыў сілу не адзін дзесятак асоб творчых і таленавітых. Як напісаў паэт са Шклоўшчыны Анатоль Сербантовіч, “… я ўзяў у ячменю характар яршысты. Даў мне задуменнасць задумлівы бор…”. Дык вось, гэтыя яршыстыя, задуменныя і неабыякавыя спрадвеку пісалі і пішуць кнігу ўласнае зямлі, кожная старонка якой для нас — адкрыццё і ўрок сумленнага служэння нацыянальнай культуры. Таму наперад, чытач!

Над Дняпром нарадзілася песня

Замест уступу

 
Галоўны герой першай, уступнай старонкі, неаспрэчна, Валерый ІВАНОЎ — старшыня Шклоўскага райвыканкама, не толькі гаспадарнік цудоўны, але і ў праявах творчасці чалавек адметны. Гаворка не пра тое, што з кожнага гектара ў раёне сабрана сёлета больш за 40 цэнтнераў збожжавых, а ў асобных гаспадарках (напрыклад, у ААТ “Александрыйскае”) ураджайнасць хлебнай нівы сягнула за 60 цэнтнераў. Гаворка пра бліскучы артыкул “Дняпром амытая, талентамі апетая”, якім адкрываецца кніга пра Шклоўшчыну літаратурную, прымеркаваная выдавецтвам “Мастацкая літаратура” да сёлетняга Дня беларускага пісьменства. Аўтар — старшыня Шклоўскага райвыканкама.
 /i/content/pi/cult/127/591/Kultasvet1.jpg
 Старшыня Шклоўскага райвыканкама В.Іваноў і камбайнер С.Дзерваед на палях ААТ "Александрыйскае".
— Зямля ў нас унікальная не адно ўраджайнасцю хлеба, — гаворыць Валерый Мікалаевіч, — але і людзьмі, якія дзейсна ўплывалі не толькі на развіццё беларускай культуры. Напрыклад, мала хто ведае, што ў
XVIII стагоддзі сельскі завод ля Шклова вырабляў для царскага двара гадзіннікі, не горшыя за швейцарскія і па механізме, і па вонкавым выглядзе. Ужо тады беларуская культура была канкурэнтназдольнай… У Маскве вельмі цаніліся збройнікі, ганчары, срэбранікі, карэтныя майстравыя, краўцы са Шклоўшчыны. Глінамес Васіль Мікулаеў, патомны шкловец, ледзьве не ля вытокаў маскоўскай архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі стаяў… Восіп Гузікаў, самавук-вынаходца са Шклова, не ведаючы нот, матэматыкі і законаў акустыкі, сканструяваў правобраз ксілафона і ягоным гучаннем надта ж здзівіў у ХІХ стагодзі Вену — музычную сталіцу Еўропы… А шкловец Клім Міхайлаў у 1681 годзе узначаліў Палату разьбярскіх і сталярных спраў Маскоўскага Крамля… У Парыжы і Пецярбургу быў добра вядомы прыгонны балет Сямёна Зорыча… Я ўжо не кажу пра нашых паэтаў і празаікаў… Таму цалкам заканамерным падаецца і той факт, што першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь — таксама са Шклоўшчыны.
Прыдняпроўская зямля ўрадлівая на асоб, што дбаюць пра нашу культуру. Пра кожнага кнігі пісаць трэба, і вучыць па тых кнігах, як ведаць уласную зямлю, упрыгожваць яе ды ўшаноўваць.
Можна шмат разважаць пра гарманічную еднасць духоўных і матэрыяльных памкненняў. Ды гаворка гэтаятак і застанецца пустым гукам, калі не аддаць належнае і хлебаробскім самаадданым шчыраванням, і бліскучым песням нашага народнага гурта “Бліскавіца”. І першыя, і другія працуюць на наш дабрабыт — і матэрыяльны, і духоўны. Таму, як кіраўнік раёна, вельмі ганаруся, што Шклоў у 2000 годзе прыняў Рэспубліканскія дажынкі, а сёлета ладзіць Дзень беларускага пісьменства.
Песня і верш на Беларусі — заўжды і працяг сельскай працы, і яе вынік — гімн. Узгадайце Купалаву “Жняю” — “як сама царыца”. Дык вось, у нас гэтыя царыцы-творцы і на палях, і на фермах, і ў вясковых клубах. Таму сфера культуры ніколі не была на Шклоўшчыне

 /i/content/pi/cult/127/591/Kultasvet2.jpg

 Райцэнтр з вышыні птушынага палёту.

падчаркай. І штогадовыя фінансавыя ўліванні ў яе развіццё — больш чым сур’ёзныя. З улікам мясцовага бюджэту ды інвестыцыйных праектаў — звыш трох мільярдаў рублёў.
Дый нашы ўстановы культуры самі навучыліся зарабляць за кошт прадастаўлення самых розных платных паслуг. Таму ў аддзеле культуры — чатыры аўтобусы, усе бібліятэкі на цэнтральных сядзібах сельскіх гаспадарак — камп’ютэрызаваныя, у вясковых клубах — самае сучаснае абсталяванне. Хто не зважае на культуру — не мае заўтрашняга дня…
Пагадзіцеся, за гэтым шчырым маналогам — асоба з пароды яршыстых, удумлівых і неабыякавых. Сачыць за дзеяннямі Валерыя Іванова давялося і на хлебным палетку, ля камбайна механізатара Станіслава Дзерваеда, і ў шклоўскіх установах культуры, якія на той час падвойнымі тэмпамі рыхтаваліся да Свята пісьменства: негаваркі, строгі, з затоенай энергіяй і дакладным веданнем, калі і на што яе выкарыстаць з максімальнай аддачай. Да прыкладу, даводзіў будаўнікам, якія рыхтавалі колішні гандлёвы цэнтр пад раённы гісторыка-краязнаўчы музей: “Калі да 20 жніўня, як дамаўляліся, не ўправіцеся — не крыўдуйце!”. Управіліся, канешне…Іваноў з Клімавіцкага раёна, але не менш роднай лічыць і Шклоўшчыну.Маўляў, усё па Коласу: “Свая зямля, свая пасада!.. Ці ёсць мацнейшая прынада?”. І гаспадарнік ад Бога, і нацыянальных класікаў цытуе з лёгкасцю. Дарэчы, да Купалы з Коласам у яго стаўленне асаблівае. Хоць і не вельмі гэта афішуецца, але не без падачы кіраўніка раёна вырашана перайменаваць шклоўскія вуліцы Урыцкага і Маркса ў вуліцы Купалы і Коласа. І кожны шкловец за абавязак лічыць патлумачыць госцю райцэнтра: “Не перакрыжоўваюцца ў нас гэтыя вуліцы, а паралельна ідуць!”. Нягучна спрычыніўся Іваноў і да таго, каб на Клубным пляцы ля цэнтральнага рынку ўзнік бронзавы помнік усюдыіснаму шклоўскаму агурку работы магілёўскага скульптара Андрэя Вараб’ёва, і да таго, што ў таямнічым гарадскім парку ў час Дня пісьменства з’явіцца, пасля ўдумлівага апытання жыхароў, помнік Зорычу — чалавеку ганарліваму, амбітнаму, але і творчаму, і да таго, што 12 народных і ўзорных творчых калектываў раёна маюць усе магчымасці для прапаганды і развіцця культуры і мастацтва Шклоўшчыны.Песня, распачатая над Дняпром стагоддзі таму, набірае моц. Давайце ж разгорнем часаў шаты і ўзгадаем, з якіх такіх векавых пластоў пачала бруяць жыццядайная крыніца шклоўскай культуры.  

“Шклоўскую браму мураваць пачата”

Раздзел першы — гістарычны

Першыя пасяленні старажытных людзей на землях сучаснай Шклоўшыны ўзніклі ў канцы палеаліту — 10 — 12 тысяч гадоў таму. Па меркаваннях нашых навукоўцаў, развіццё пасяленняў у вёсках Хоцімка, Стары Шклоў з Х стагоддзя звязана з тым, што кіеўская княгіня Вольга ўстанавіла тут свае адміністрацыйна-гаспадарчыя цэнтры. Цягам наступных трох стагоддзяў землі Паўночна-Заходняй Беларусі шматкроць мянялі дзяржаўную прыналежнасць, уваходзячы ў склад Полацкага, Кіеўскага, Смаленскага краёў.
Ва унікальнай “Магілёўскай хроніцы Трафіма Раманавіча Сурты і Юрыя Трубіцкага” пазначана пад 1655 годам, што быў пад Магілёвам маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч з немалым войскам, які хадзіў пад Вільню і Рыгу, а далей паведамляецца: “…пасля гэтага за год і Шклоўскую браму мураваць пачата”.
У XVI стагоддзі Шклоў — уласнасць ваяводы Трокскага Альбрэхта Гаштольда. Потым уладанне пераходзіць да Ліфляндскага губернатара Івана Хадкевіча, які становіцца графам “на Шклове, Слуцку, Мышы і Быхаве”. Пасля смерці бацькі Шклоўскім графствам кіруюць сыны Аляксандр (адсюль назва мястэчка — Александрыя) і Карл Хадкевічы…З 1778 года землямі Шклоўшчыны ўладарыць Сямён Зорыч (Неранчыч) — генерал-маёр, герой руска-турэцкай вайны, фаварыт Кацярыны ІІ, які праславіўся стварэннем у Шклове тэатра, кадэцкага корпуса, некалькіх мануфактур. Пры вучэльні на 60 кадэтаў — дваранскіх дзяцей — былі бальніца і шыкоўная бібліятэка, купленая Зорычам у Пецярбургу за восем тысяч рублёў…Але, напэўна, хопіць пра магнатаў.
Якімі б уладарнымі яны ні былі, а галоўныя даглядчыкі нівы мастацтваў — простыя людзі, натхнёныя песняй дняпроўскіх дуброў. Пелагея і Кацярына Азарэвічы — прыгонныя балерыны зорычавага тэатра — спазналі неймаверны поспех на першых сцэнах расійскай дзяржавы. Ці варта паўтарацца пра разьбяра Кліма Міхайлава, глінамеса Васіля Мікулаева? Аб’ёмная ажурная разьба іканастасаў у Новадзявочым манастыры, аздобленая цёплай пазалотай, і яркія шматколерныя кафлі маскоўскіх печаў прыўнеслі ў расійскае мастацтва выразны прыдняпроўскі каларыт. І турэцкія тканіны, шытыя золатам камзолы і паясы на шаўковай фабрыцы Зорыча ў Шклове і на залаташвейнай мануфактуры ў Сямёнаўскім фальварку выраблялі на 30 краін свету не замежныя тынкоўшчыкі, а беларускія майстравыя са Шклоўшчыны.
Так што гэтая старадаўняя зямля знакамітая не толькі гандлем (з 1762 года Шклоў займеў герб, на якім у блакітным полі рука трымае срэбраны бязмен), але і шчырым народным мастацтвам, якое падтрымлівала і ў ваеннае ліхалецце, і ў мірны час. Напэўна ж, старадаўнія традыцыі зухаватых шклоўскіх збройнікаў дапамаглі кемліваму камісару Пятру Счаслаўскаму з партызанскай брыгады “Чэкіст”, што дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай на Шклоўшчыне, наладзіць выпуск самаробных аўтаматаў у лясных умовах! А ўпартасць продкаў, здольных насуперак нягодам праявіць сябе ў творчасці, падштурхнула сляпога спевака з вёскі Мерч Івана Тамашэвіча набыць вышэйшую музычную адукацыю і стаць заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь! Насамрэч — і яршыстыя, і ўдумлівыя, і неабыякавыя.12

Ідэалогія Бацькаўшчыны
Раздзел другі — клубна-бібліятэчны

Мы доўга разважалі з начальнікам аддзела культуры Шклоўскага райвыканкама Галінай Валозінай, калі ўзнікла на гэтай зямлі Культура.
Не ўстановы, бо дакладна вядома, што да 1 мая 1919 года ў сёлах Высокае і Аўчыненкі былі створаны культурна-асветныя бюро, паўсюдна арганізоўваліся самыя разнастайныя гурткі і перасоўныя тэатры, у хатах-чытальнях распачалася актыўная барацьба з непісьменнасцю, а палац Апалона Крывашэіна — расійскага міністра шляхоў зносін — быў урачыста перайменаваны ў Палац пралетарскай культуры імя 1 мая. З установамі ўсё зразумела. А вось калі на Шклоўшчыне ўзнікла культура як праява творчасці?
Нават трошкі паспрачаліся, але прыйшлі да адзінай высновы: тады ўзнікла культура, калі жыхары першых тутэйшых пасяленняў пачалі працаваць на зямлі і, спажыўшы хлеб свайго поля, адчулі яе і карміцелькай, і ўтульным гняздом, і адзінай радзімай. І калі дбайны продак, задаволены добрым ураджаем, ладам у сям’і ды выгодным гандлем, выйшаў да Дняпра, уздыхнуў радасна вольнага паветра — нарадзілася шчаслівая песня як першы парастак магутнай культуры. І ў кожным радку той песні — гімн рукам, зямлі і радзіме. Не мянялася з таго часу беларуская ідэалогія Бацькаўшчыны: шануй зямлю, як маці, не шукай іншага гнязда, бо песні на чужыне — пра іншае, шануй род ды ўслаўляй яго як мае быць — захаваеш і мову, і душу, і дабрабыт…
Культасветработнікі Шклоўшчыны працуюць не масавікамі-забаўляльнікамі, а ідэолагамі-інфарматарамі. 67 устаноў культуры ў раёне, кожная — аналітычна-інфармацыйны цэнтр, дзе не толькі захоўваюць нацыянальныя традыцыі, але і думаюць па-беларуску, па-коласаўску: “…трэба грунт мець пад нагамі, каб не бадзяцца батракамі”. Які ж то грунт? Зямля, навука… Навука быць беларусам і працаваць на Беларусь — не з лёгкіх. Аднак вясковыя культасветработнікі з Александрыі і Крывеля валодаюць ёю не без поспеху (пра гэты досвед — крыху пазней).
 /i/content/pi/cult/127/591/Kultasvet4.jpg
 Шклоўскі РДК.
Мазгавы цэнтр усіх раённых культурнаасветніцкіх захадаў — Шклоўскі РДК, паводле рашэння райвыканкама — установа высокай культуры і ўзорнага парадку. Пасля таго, як РДК узначаліў Вячаслаў Вялічка — выпускнік Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ, жыццё творчага калектыву, паводле справаздачы Галіны Валозінай, “набыло дакладна інавацыйны накірунак”. Які райцэнтр, да прыкладу, можа пахваліцца такой па-сталічнаму прэстыжнай выстаўкай як “Традыцыі і культура Японіі”, арганізаванай у выставачнай зале (знаходзіцца ў будынку РДК) пры дапамозе прадстаўніцтва японскай амбасады ў РБ?!
Пад адным дахам тут і клубныя фарміраванні, і метадслужба (кіруе зместам усёй работы ў раёне, складае картатэку носьбітаў фальклору, вядзе навуковыя даследаванні па адраджэнні традыцый Шклоўшчыны…), бібліятэкі — цэнтральная і дзіцячая, аддзел культуры.Спадарыня Валозіна кадрам надае першарадную ўвагу: 34 працэнты раённых культасветработнікаў — з вышэйшай адукацыяй.
“Моладзь, якая ідзе да нас пасля Магілёўскіх музвучэльні і бібліятэчнага тэхнікума, — надзвычай прафесійная і актыўная, — радуецца Галіна Алегаўна. — Нядаўна адно дзеўчанё заяўляе, што хоча кіраваць СДК у аграгарадку.
І я штодня пераконваюся: за гэтым хаценнем — і жаданне самаахвярна працаваць, і прага вучыцца далей…”.
Таму і натуральным выглядае той факт, што летась установы культуры раёна правялі амаль пяць тысяч масавых мерапрыемстваў, у якіх брала ўдзел ледзь не 18 тысяч жыхароў Шклоўшчыны. Галоўная аўдыторыя — моладзь. Ёй падхопліваць песню продкаў і мацаваць традыцыі Шклоўшчыны. З гэтае нагоды культасветработнікі каардынуюць свае дзеянні і з медыкамі, і з настаўнікамі, і з міліцыяй, і з БРСМ. 1365 дзяцей і падлеткаў займаюцца ў 132 клубных фарміраваннях…
Няма ў бібліятэках раёна праблемы з абнаўленнем і папаўненнем кніжных фондаў. Закупка літаратуры, у тым ліку і на роднай мове, — цэнтралізаваная. Сёлета на гэтыя мэты выдаткавана 6 мільёнаў рублёў. Бібліятэкі цэнтральных сядзіб сельскіх гаспадарак і аграгарадкоў — камп’ютэрызаваныя, з выхадам у Інтэрнет, з магчымасцю пастаянных віртуальных кантактаў і з Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам, і з адпаведнымі раённымі структурамі.
У Шклоўскай цэнтральнай райбібліятэцы — таксама канцэнтрацыя досведу, карыснага, на наш погляд, для ўсіх кніжнікаў рэспублікі.
Па-першае, электронны чытацкі каталог, які змяшчае амаль 30 тысяч кніжных назваў. Па-другое, камп’ютэрны банк даных Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі РБ са штомесячным абнаўленнем звестак. Па-трэцяе, выключна поўны фонд краязнаўчай літаратуры і матэрыялаў, без якіх гэты артыкул, напэўна, быў бы проста не напісаны. Больш таго — штоквартальна бібліятэка выдае універсальныя інфармацыйныя спісы краязнаўчых звестак “Што чытаць аб Шклоўскім раёне”, “Шклоўшчына: з гісторыі краю і лёсу людзей”, “З гісторыі вёсак”, “Шклоўшчына літаратурная”…А для аматараў інавацыйнай экзотыкі зазначым, што з 1995 года пры бібліятэцы дзейнічаюць клуб аматараў кветак “Фларыяда” і фітабар, дзе чытачу заўжды прапануюць гарбату, настоеную на самых розных беларускіх зёлках. Здаровы напой пасля здаровага чытання — таксама дзяржаўная ідэалогія!13

Александрыя часін Адраджэння

Раздзел трэці — аграгарадскі


Магутны Днепр паміж Копыссю і Александрыяй — як адмысловая закладка паміж віцебскай і магілёўскай старонкамі ёмістай і адкрытай для ўсіх кнігі пад назвай “Беларусь”.
Не ведаем, што кажуць у Копысі (дабрацца не паспелі, хоць і вабіў нядаўна ўзведзены мост), але ў Александрыі сцвярджэнне агульнае: будучы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Аршаншчыне толькі нарадзіўся, а на Шклоўшчыне вырас, выхаваўся, стаў на крыло, адчуў сябе асобай. Таму падчас рабочых паездак па Магілёўшчыне ніколі не абмінае ўвагай і радзіму. “Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы!”.“Ну дык ходзяць да вас людзі?”— у час аднаго з апошніх візітаў запытаўся Аляксандр Рыгоравіч у бібліятэкара Александрыйскай бібліятэкі Алены Ісаковай. “Ды яшчэ як ходзяць! Чатырыста чытачоў з Александрыі і трох прылеглых вёсак: Малога і Вялікага Замошшаў, Герасімоўшчыны!”Александрыя стала аграгарадком летась. Алена Ісакова, родам з Горак, прыехала сюды пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума сем гадоў таму. За гэты час, па яе словах, вёска змянілася неймаверна. Цяпер замест пахілых хацін і непралазных ад гразі завулкаў — аграгарадская раскоша: дыхтоўныя катэджы, паўсюдны асфальт, філіял дзіцячай школы мастацтваў, крыты басейн, сучасная амбулаторыя, увесь комплекс бытавых паслуг, Цэнтр культуры і адпачынку — установа культуры новага тыпу, абсталяваная сучаснай музычнай і гукаўзмацняльнай апаратурай. А на мясцовай тэатральна-філарманічнай пляцоўцы выступілі ўжо, бадай, усе вядучыя творчыя калектывы і выканаўцы Беларусі.
 /i/content/pi/cult/127/591/Kultasvet6.jpg/i/content/pi/cult/127/591/Kultasvet6.jpg
 Бібліятэкар Александрыйскай бібліятэкі А.Ісакова.
Алена Ісакова — чалавек шматгранных талентаў.
Сур’ёзна займаецца краязнаўствам і піша летапіс вёскі Александрыя. Сіламі дзяцей-чытачоў ладзіць спектаклі і кіруе гурткамі рамонту кніг (справы хапае, бо ў фондзе — больш за 13 тысяч кніг, а сёлета ён цэнтралізавана папоўніўся на 737 асобнікаў) і бісерапляцення, спявае ў вакальным ансамблі “Крынічанька”. Але асноўным абавязкам лічыць прапаганду літаратуры, у першую чаргу — айчыннай. І хіба ж гэта не заслуга прафесіянала, што “Новую зямлю” Якуба Коласа чытаюць актыўна не толькі шкаляры па патрэбе, але і вяскоўцы больш сталага веку — і саракагадовыя, і пенсіянеры. Свая новая зямля — у кожнага…
Але не толькі ў лепшых узорах мастацкай літаратуры добра арыентуецца кіраўніца Александрыйскай бібліятэкі (як назва гучыць, спадарства!). На яе паліцах — і унікальны збор спецыялізаваных кніг, выпісаных па замове і цэнтралізавана — самыя сучасныя дапаможнікі па ветэрынарыі, аграноміі. Таму спецыялісты ААТ “Александрыйскае” ў храме кнігі — госці ледзь не штодзённыя.
Не толькі мастацкі падыход да асэнсавання роднае зямлі, але і гаспадарча-навуковы — адзін са складнікаў ідэалогіі і Александрыі, і Беларусі…Алена Ісакова збіраецца паступаць у БДУ культуры і мастацтваў. Два маленькія сыны і муж, работнік мясцовай службы МНС, не супраць: развіваецца на вачах вёска, развівацца павінны і людзі. Звычайная дыялектыка эпохі Адраджэння. 

У Крывелі чакаюць кожнага

Раздзел чацвёрты — грамадска-палітычны

Вёска Крывель Гарадзецкага сельсавета знакамітая не толькі тым, што тут у 1936 годзе выяўлена гарадзішча першай паловы першага тысячагоддзя нашай эры.
І не толькі тым, што ў 1914 годзе тут нарадзіўся Пётр Алейнікаў — будучая кінематаграфічная зорка.
Самы час тут, як падаецца, пагаварыць пра рэч не менш унікальную — пра дынастыі культасветработнікаў Шклоўскага раёна. Дык вось, у Доме-музеі Пятра Алейнікава не першы год працуе даўняя сяброўка нашай “Культуры” Тамара Антонаўна Давідовіч,
 /i/content/pi/cult/127/591/Kultasvet9.jpg
 Галоўны ідэолаг Крывеля Т.Давідовіч.
чалавек дзяржаўнага мыслення і надзвычай актыўнай жыццёвай пазіцыі. Афіцыйна працуе музейнай прыбіральшчыцай, але і з функцыямі экскурсавода і асветніка спраўляецца, калі трэба, на “выдатна”, бо вёску да драбніц ведае і Алейнікава цудоўна памятае.
А на грамадскіх пачатках, як сама кажа, — кіраўнік цэнтра ідэалагічнай работы, створанага на базе Крывельскага музея. І ніякіх тут жартаў. У свой час поруч з Аляксандрам Лукашэнкам працавала ў “Гарадцы”: ён — кіраўніком гаспадаркі, яна — начальнікам вытворчага ўчастка. А потым тройчы была даверанай асобай Аляксандра Рыгоравіча на прэзідэнцкіх выбарах: “Яшчэ ў “Гарадцы” ён навучыў нас працаваць з поўнай аддачай. Маўляў, рабі, як я раблю!”. Па гэтым прынцыпе Тамара Антонаўна і дзейнічае ўсё жыццё. Таму і асабісты яе ўнёсак ва ўмацаванне ідэалогіі і развіццё культуры раёна больш чым важкі.
Дзве дачкі ў Антонаўны: Таццяна Рыданава — дырэктар Дома-музея П.Алейнікава і Ларыса Кажакіна — намеснік дырэктара Шклоўскай раённай цэнтральнай бібліятэкі. А дачка Ларысы Віялета Новікава пасля заканчэння Магілёўскай музвучэльні працуе ў РДК, кіруе народным ансамблем песні і музыкі “Бліскавіца”. Вось такая сямейная група хуткага культурна-ідэалагічнага рэагавання!..
Мала таго, што Дом-музей Пятра Алейнікава — з’ява проста выбітная (пахаваны Пётр Мартынавіч на Новадзявочых могілках у Маскве, а памяць аб ім жыве ў Крывелі, бо ў Расіі музея кінаакцёра проста няма!). Але тут, сапраўды, цэнтр ідэалагічнай і сацыяльнай работы. Сюды і аўтакрама пад’язджае, тут і Дзень вёскі святкуецца з удзелам раённых
 /i/content/pi/cult/127/591/Kultasvet8.jpg
 Дом-музей П.Алейнікава.
самадзейных артыстаў (у час апошняга канцэрта навальніца распачалася — святло “вырубілася”, але “Бліскавіца” свае песні і без апаратуры як мае быць выканала — у чарговы раз Антонаўна ўнучкай Віялетай ганарылася бязмежна), і народ, не толькі з Крывеля, Шклова, але і з Магілёва, Мінска, збіраецца: не толькі пра Алейнікава даведацца (у Інтэрнеце рэклама Дома-музея ёсць — вынік усеагульнай камп’ютэрызацыі абласной сферы культуры), але і пра палітычны клопат дзяржавы пагаварыць. І тут рэй, як заўжды, ідэолаг Тамара Антонаўна вядзе:
— Я ж на сваім матацыкле 14 вёсак аб’ехала, з кожным чалавекам гаварыла, што без ідэйнай перакананасці няма сэнсу ў жыцці. Трэба ў Радзіму верыць і працаваць на яе дабрабыт з сумленнем і поўнай аддачай… І людзі вераць, і працуюць як мае быць на роднай зямлі. Гляньце, якая ў нас ураджайнасць!.. Работнік культуры — у першую чаргу ідэолаг. А ідэалогія — грунт, на якім беларусы і жыццё, і працу ладзяць. А гэта згода і лад, у выніку якіх — і песня, і хлеб… Я 40 гадоў за рулём, восем матацыклаў з’ездзіла (адзін з іх Аляксандр Рыгоравіч падарыў!), усіх вяскоўцаў наўкола ведаю… А Прэзідэнт наш, калі на радзіме бывае, заўжды мяне спыніць: “Як здароўе, Антонаўна, як матацыкл?”. Сам за руль сядзе: “Штосьці са счапленнем, Антонаўна, — у майстэрню заедзь, хлопцы наладзяць…”. І старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Канаплёў, наш зямляк, шмат для Шклоўшчыны робіць — для развіцця сацкультбыту. Дзякуючы яму я ў Ізраіль аднойчы трапіла. А якраз сухмень была неверагодная. Вяскоўцы кажуць: “Ты там, на святой зямлі, памаліся, каб дождж над нашымі палямі прайшоў”. Я і памалілася — за Аляксандра Лукашэнку, а на дождж, мілыя мае, і забылася. А як вярнулася ў Беларусь, дык адразу і дождж пайшоў. Гаварылі ўсе пасля доўга, маўляў, Антонаўну і Бог любіць…Тамару Антонаўну можна слухаць бясконца: цікава распавядае і пра Прэзідэнта, і пра культуру нашу, і пра аднавяскоўцаў, і пра музей, і пра Алейнікава. Таму і гасцей у музейным дворыку заўжды шмат: і дачнікі, і нават сталічныя госці (адзін апантаны нават у зімовую завею скрозь снежныя гурбы на матацыкле прабіўся: даведаўся, што музей тут унікальны ёсць, якому ўжо дзесяцьгадоў споўнілася). Кожнаму госцю ў Крывелі рады. Прыязджайце і вы, каб разгарнуць яшчэ адну старонку бясконцай Беларусі. Пабачыце лясную рэчку Дзедву, цікавую музейную экспазіцыю, дзе ёсць і малюнкі Пятра Алейнікава, і поўны відэазбор ягоных фільмаў, пазнаёміцеся са слаўнымі людзьмі— не пашкадуеце! 

Папера — хлеб культуры

Раздзел пяты — творча-вытворчы


Выснову, што папера — хлеб культуры, прыдумалі, напэўна, кітайцы-вынаходнікі гэтага матэрыялу, без якога цяжка ўявіць развіццё мастацтва. У Шклове выснову зразумелі своечасова. У канцы ХІХ стагоддзя Апалон Крывашэін купіў Шклоўскі маёнтак і ў 1898 годзе пабудаваў ля гарадскога парку кардонную фабрыку.
З 1908 года асноўнай яе прадукцыяй стала папера — папяросная, газетная, абгортачная. Фабрыку назвалі “Спартак”.
За савецкім часам прадпрыемства ўзначаліў Аляксееў (імя невядома). Ён становіцца ініцыятарам будаўніцтва новага фабрычнага цэха па выкарыстанні адыходаў ільнопрадукцыі для вырабу паперы… Уяўляеце, колькі беларускіх ды рускіх літаратараў занатоўвалі свае прачулыя радкі на шклоўскай пісчай паперы!
Цяпер “Спартак” выпускае самыя розныя віды кардону. Але Шклоў па-ранейшаму застаецца сталіцай беларускай газетнай паперы. У чацвёртым квартале бягучага года на выездзе з райцэнтра ў бок Бялынічаў будзе здадзены завод газетнай паперы.
Намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама па эканоміцы Валерый Гузаў паведаміў нам, што прадпрыемства, узвядзенне якога заканчвае генпадрадчык з Магілёва, абсталёўваецца як мае быць. Якаснай прадукцыяй будзе забяспечвацца не толькі Беларусь, але і частка Расіі.
— Не бядуйце, журналісты, — супакойвалі нас у Шклове, — без хлеба не застанецеся! Папера — наша, а ідэі — вашы! 

“Каб і да кніг, як да аладак”

Замест заканчэння

Памятаеце, як у “Новай зямлі” Міхал даводзіў сынам: “І самі знайце свой парадак, каб і да кніг, як да аладак…”. І мы ніколькі не сумняваемся, што сёння ў Шклове на пачатку Дня беларускага пісьменства знаныя пісьменнікі з райцэнтра, Магілёва і Мінска завітаюць у класы да шкаляроў і на першым уроку Ведаў яшчэ раз нагадаюць маладзёнам, што пачаткам усяму стала Слова, а потым нарадзілася Кніга, і ўсім нам наканавана напісаць у ёй сваю незабыўную старонку!

Андрэй СТАРЖЫНСКІ,
Юрый ІВАНОЎ (фота),
нашы спецкарэспандэнты
Мінск — Шклоў — Александрыя — Крывель — Мінск