Самае кароткае “Рабаванне...”

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

А самы галоўны падарунак — любоў!

/i/content/pi/cult/326/5908/pic_34.jpgСёння свой 65-ы дзень народзінаў адзначае папулярны акцёр тэатра і кіно Аляксандр КАШПЕРАЎ. "Някруглая", здавалася б, дата сталася добрай нагодай для артыста, каб сабраць сяброў і прыхільнікаў на творчы вечар. Падзеі ў "родным" для Аляксандра Барысавіча мінскім Тэатры-студыі кінаакцёра пачнуцца з вадэвіля "Рабаванне апоўначы", дзе імяніннік выконвае галоўную ролю не толькі сярод дзейных асоб, але і як рэжысёр-пастаноўшчык...

- "Рабаванне апоўначы" па п'есе Міраслава Мітровіча для творчага вечара мы абралі таму, што гэта... кароткі спектакль, у адным акце. Пакуль не ведаю, які сюрпрыз мне падрыхтавалі калегі па сцэне, але спадзяюся, яны не стомяцца пад час кароткай, аднаактовай пастаноўкі, - як заўсёды, з жартам, падышоў да размовы з карэспандэнтам "К" Аляксандр Барысавіч. - Калі больш сур'ёзна, то лічу "Рабаванне апоўначы" адной са сваіх найвялікшых творчых удач апошнім часам...

- І ў вас ёсць з чаго выбіраць, бо Аляксандр Кашпераў - адзін з самых запатрабаваных акцёраў як у беларускім тэатры, так і ў кіно...

- Так. Дзякаваць богу, здымаюся часта. Калі адказаць на пытанне аб сваіх любімых ролях у кіно, то тут трэба назваць, найперш, "Масакру" Андрэя Кудзіненкі, "Дасціш фантасціш" Аляксандра Канановіча, "Зграю" Дзмітрыя Зайцава, тэлевізійны серыял "Помста" Уладзіміра Янкоўскага... Ролям у гэтых стужках я вельмі рады! Што да Тэатрастудыі, то тут мне вельмі падабаецца працаваць у спектаклях "Тэатр купца Япішкіна" Аляксандра Бяспалага і Уладзіміра Грыцэўскага, "Забыцца на Герастрата" Аляксандра Яфрэмава. А ў "Рабаванні апоўначы" я і сам выступіў у якасці пастаноўшчыка, што мне, лічу, удалося.

- Адчуваецца, Тэатр-студыя кінаакцёра - родны дом для Аляксандра Кашперава...

- Так! Колькі разоў атрымліваў прапановы змяніць тэатр, горад, краіну, і кожны раз упэўнена даваў адмову! Тэатр-студыя, яе калектыў - родныя для мяне паняцці. Апошнім разам, калі запрашалі ў адзін з тэатраў Санкт-Пецярбурга, то так і сказаў: Мінск - галоўны для мяне горад, хоць вырас я ў Маскве.

- І, пэўна, як для многіх акцёраў, тэатр больш родны, чым кіно?..

- Вы маеце рацыю. Не бачу сябе без Тэатра-студыі, на іншай сцэне. Што да кіно, то праца на здымачнай пляцоўцы заўсёды больш напружаная, нервовая, таму акцёры з такім задавальненнем і працуюць на тэатральнай сцэне. Зразумела, і ў тэатры ёсць свае мінусы. Але ад працы ў нас я атрымліваю сапраўдную асалоду! Зрэшты, на недахоп увагі з боку рэжысёраў не магу паскардзіцца: на сённяшні дзень, улічваючы працу па агучванні, у мяне больш за дзве тысячы работ!

- І сапраўды, Аляксандр Кашпераў - адзін з самых "медыйных" твараў сярод нашых акцёраў... Звычайна артыстаў пачынаюць пазнаваць на вуліцы пасля іх з'яўлення ў рэкламных роліках...

- Не паверыце, але мяне спыняюць на вуліцы прыхільніцы спектакля "Забыцца на Герастрата", у якім я выконваю галоўную ролю!

- Не сумняваюся, што яны, прыхільніцы, дораць любімаму акцёру розныя цікавыя рэчы. Які самы незвычайны падарунак, апрача кветак, вы атрымлівалі пасля спектакля?

- Любоў! Лічу, гэта галоўнае, што можна падарыць чалавеку!

С.А.

На здымку: Аляксандр Кашпераў.