Часта лёс акцёра наўпрост залежыць ад таго, наколькі той або іншы рэжысёр "бачыць" яго ў сваіх спектаклях. Акурат так сталася і з Аляксандрам Падабедам: іграючы нямала, акцёр часцяком "трымаўся" на ролях другога плана. Магчыма, таму, што ўмеў удала знаходзіць трапныя вобразныя характарыстыкі для такіх персанажаў, ператвараючы іх, не галоўных, у запамінальных і яркіх. Пры гэтым сцэнічныя работы Падабеда ніколі не заставаліся ў ценю: варта згадаць хаця б яго Саляніка з "Радавых" А.Дударава, Ясунары Кавабату са спектакля "Дом, дзе спяць прыгажуні" Г.Хуана, Райлі з пастаноўкі "Уваходзіць свабодны чалавек" Т.Стопарда, Ванюшына ў "Дзецях Ванюшына" С.Найдзёнава, Мікіту з "Вечара" А.Дударава...
Апошнім часам Аляксандр Падабед часта выходзіць на сцэну: у яго актыўным рэпертуары - Іван Цюхай-Ліпскі ў "Пінскай шляхце" В.Дуніна-Марцінкевіча, Х'ю ў "Translations" Б.Фрыла, Штурмбанфюрэр у спектаклі "Не мой" паводле А.Адамовіча, Кесар у "Тэатры Уршулі Радзівіл"...
І свой дзень нараджэння Аляксандр Станіслававіч адзначыў па-тэатральнаму - пастаноўкай "ГендэльБах" П.Барца, дзе ён выконвае ролю Георга Гендэля, якая стала падарункам для ўсіх прыхільнікаў майстра сцэны, а для яго самога - цудоўнай магчымасцю яшчэ раз пачуць цёплыя і шчырыя словы прызнання акцёрскага таленту.
Павіншаваў у той вечар заслужанага артыста Беларусі і міністр культуры краіны Павел Латушка.
На здымках: Аляксандр Падабед бліскуча ўвасобіў на сцэне роднага тэатра як Гендэля, так і Янку Купалу.