Геаметрыя “на мігі”

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

“Вянчанне” і галоўны рухавік

/i/content/pi/cult/326/5906/pic_31.jpgПрэм'ернае "Вянчанне" Вітальда Гамбровіча на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек - другі за гісторыю прафесійнага беларускага тэатра зварот да творчасці гэтага драматурга, класіка авангарда ХХ стагоддзя. І- першы, ажыццёўлены ў лялечным тэатры. Да гэтага складанага, з пункта гледжання сцэнічнага ўвасаблення, матэрыялу звярнуўся малады рэжысёр Аляксандр Янушкевіч, вядомы сваімі папярэднімі пастаноўкамі, сярод якіх - і "дарослыя" спектаклі, такія, як "Гісторыя аднаго горада" М.Салтыкова-Шчадрына. І спалучэнне Гамбровіча-Янушкевіча проста не магло не прыцягнуць увагу тэатралаў.

Што ж незвычайнага ў падобным дуэце? Рэжысёр Аляксандр Янушкевіч у сваіх работах заўсёды вылучаўся падкрэсленай інтэлігентнасцю: нават з "чорцікамі ў вачах", ён выступае як прыхільнік дакладна выверанай тэатральнай культуры, што выяўляецца ў яго падкрэслена-педантычнай працы з драматургіяй, акцёрамі. Гамбровіч жа, наадварот, сваімі п'есамі ўвесь час намагаўся справакаваць тэатр да таго, каб разбурыць любыя ўмоўнасці, якія замінаюць свабоднаму палёту думкі. А можа, менавіта пошукі таго, што ж хаваецца "па-за законамі тэатральнай геаметрыі", і зблізілі іх?..

Ёсць тэзіс аб тым, што любая форма - гэта застылы змест. І ў дадзеным сэнсе аўтарскі эпіграф: "Вянчанне", як і ўсе мае творы, накіравана супраць формы, гэта пародыя на форму, пародыя геніяльнай п'есы" - прыадкрывае нам поле інтарэсаў рэжысёра. Яго, услед за драматургам, цікавіць, да якой ступені два гэтыя паняцці ўзаемазвязаны, і ці можна, разбурыўшы, знішчыўшы форму, пакінуць жыццё зместу? Адсюль і разбурэнне той формы, увасобленае ў няпэўнасці абсалютна ўсяго, што адбываецца на сцэне: невядома, ява гэта ці толькі сон, жывыя перад намі персанажы або яны- плады хваравітай фантазіі-трызнення галоўнага персанажа, усё, што адбываецца між гэтымі істотамі, усур'ёз, ці гэта толькі своеасаблівая гульня "на мігі". Падобная "зачыстка" прасторы спектакля ад якіх-кольвечы прыкмет і арыенціраў, якія зазвычай "прывязваюць" фантазію гледача і змушаюць яе кіравацца ў пэўным, загадзя вядомым, рэчышчы, працуе на тое, што ў цэнтры ўвагі застаецца адно толькі сама гісторыя - тое, дзеля чаго, уласна кажучы, і ствараецца дадзеная пастаноўка.

Галоўнае філасофскае пытанне, якім, услед за драматургам, задаецца і рэжысёр, можна было б сфармуляваць так: хто ён - чалавек? Калі- цар, то - чаго? Прыроды? Грамадства? Сусвету? І калі ён у стане самастойна, разбураючы і ігнаруючы законы Бога і сям'і, абвесціць сябе каралём, то ці насамрэч гэта сведчыць аб тым, што ён здольны ўзняць гэты багаж? І- захаваць чысціню ўласнай свядомасці пад такім непасільным цяжарам? Іншымі словамі, рэжысёр разам з акцёрамі разважае на тэму таго, наколькі чалавек як істота сацыяльная забівае чалавека як істоту біялагічную, і дзе пралягаюць тыя чырвоныя шыўкі, заступаючы за якія ты апынаешся па-за адчуваннем уласнай бяспекі, у першую чаргу - маральна-духоўнай.

У галоўнай ролі маладога салдата Хенрыка, які вяртаецца з вайны д/i/content/pi/cult/326/5906/pic_30.jpgа сваіх бацькоў, выступае Цімур Муратаў, для каго гэтая роля - ужо трэцяя з шэрагу "ваенных", а дакладней кажучы- тых, што спрабуюць звярнуць нашу глядацкую ўвагу на праблему станаўлення чалавека і мужчыны ў сучасным свеце. Хенрык з "Вянчання" таксама не жадае прымаць навакольны свет. Аднак ён, у адрозненне ад Вяршыніна, вырашае гэтую задачу па-іншаму: вырашае абвясціць сябе каралём. Аднак, не, зусім не прага ўлады кіруе гэтым яго ўчынкам - галоўным "рухавіком" з'яўляюцца ўнутраная разгубленасць і страх перад тым, што нічога ў свеце не дае чалавеку адчування бяспекі і абароненасці, і немагчыма быць абсалютна ўпэўненым у тым, што кожная хвіліна твайго існавання, стасункаў з іншымі не прынясе табе болю і няшчасця. Але ж ці здольныя ўлада і ўсемагутнасць даць пачуццё бяспекі і абароненасці нават аднаму-адзінаму чалавеку?..

Візуальны вобраз спектакля працягвае ідэю разбурэння формы... іншай формай. Мастак Таццяна Нерсісян "разбівае" адчуванне рэальнасці і адчувальнасці таго, што адбываецца на сцэне, за кошт гіпертрафіраваных лялек і іх пастаяннай падмены жывым акцёрскім планам, трансфармацыі форм-абрысаў сцэнічных касцюмаў, дзякуючы чаму бацькі Хенрыка - Катажына і Ігнат (бліскучы акцёрскі дуэт Святланы Цімохінай і Аляксандра Васько) - у адзін момант ператвараюцца ў яйкападобных істот, "аздобленых" сармацкімі партрэтамі. У той час, як П'яніца (Уладзімір Грамовіч), што ўвасабляе галоўнага спакушальніка і самы вялікі падсвядомы страх, выглядае ў часе ўсёй пастаноўкі падкрэслена рэалістычна: цвярозазадуменным, у выдатна адпрасаваным касцюме. Як і сябра галоўнага героя Улада (Дзмітрый Рачкоўскі), што ўключаецца ў гульню фантазіі Хенрыка і нават па яго просьбе здзяйсняе самазабойства, але пры гэтым, здаецца, ні на хвіліну не страчвае ўнутранага адчування рэальнасці.

Акурат гэткае не перацяканне, а- сутыкненне розных форм і розных рэальнасцей надае спектаклю не толькі дынамізм, але і пэўную філасофскую глыбіню, запрашае да разважанняў на глыбокія, важныя для кожнага чалавека тэмы ўласнай самаідэнтыфікацыі і адчування сябе як асобы ў соцыуме. І тое, што на глебе, выпаленай ідэяй забаўляння гледача, узрастаюць тэатральныя кветкі кшталту "Вянчання", пасаджаныя і ўзрошчаныя рэжысёрамі маладога пакалення, не можа не выклікаць павагі да гэтых творцаў і тэатра, які наважваецца на гэткія ўчынкі. Прынамсі, той факт, што "Вянчанне" ўжо сёння стала не проста тэатральным "прадуктам", а мастацкай і культурнай падзеяй тэатральнага сезона, які вось-вось скончыцца, для мяне неаспрэчны.

Таццяна КОМАНАВА

На здымках: сцэны са спектакля "Вянчанне".

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА