“Лічба” vs. плёнка?

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

Інтэрв’ю-вандроўка па калідорах Нацыянальнай кінастудыі

/i/content/pi/cult/326/5902/pic_29.jpgПра творчы складнік кінапрацэсу публіцы вядома, бадай, усё. Акцёры, рэжысёры і нават сцэнарысты - частыя госці тэлепраграм і героі газетных рэпартажаў. Але для таго, каб на "чырвоныя дарожкі" шматлікіх кінафестываляў выходзілі здымачныя групы новых захапляльных стужак, працуюць тысячы тэхнічных спецыялістаў, чыя дзейнасць у большасці выпадкаў застаецца "па-за кадрам". Між тым, тэхніка ў кіно становіцца ўсё больш важкім чыннікам, які даводзіцца браць у разлік таму, хто хоча, каб яго кіно было сучасным і запатрабаваным. Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" не стаіць у баку ад тэхнічнага кінапрагрэсу. Апаратура, з дапамогай якой здымаюцца і рыхтуюцца да пракату айчынныя стужкі, паступова абнаўляецца. Карэспандэнт "К" вырашыў звярнуцца па самую апошнюю інфармацыю аб тэхнічных магчымасцях Нацыянальнай студыі да намесніка галоўнага інжынера Сяргея ДЫКО. 

- Сяргей Уладзіміравіч, усё ж такі, ці можа "Беларусьфільм" у тэхнічных адносінах параўнацца з іншымі студыямі былога СССР і краін Усходняй Еўропы, такімі, як "Мосфильм" і пражскі "Барандаў"?

- Рэканструкцыя Нацыянальнай кінастудыі - у самым разгары. За апошнія тры гады зроблена шмат, закуплена новае абсталяванне, якое дазваляе ствараць кінастужкі, рыхтаваць копіі для пракату і паказу на тэлебачанні, для тыражавання носьбітаў на сучасным тэхналагічным узроўні без дапамогі іншаземных кампаній. Яшчэ некалькі гадоў таму для таго, каб "зрабіць" якасны гук, спецыялісты студыі былі вымушаны выпраўляцца за мяжу, каб выканаць пэўныя тэхналагічныя аперацыі на тым абсталяванні, якога тут не было. Можна казаць аб тым, што мы маем неабходны "каркас" абсталявання, які можна "нарошчваць" далей, пашыраючы нашы магчымасці. Сёння нашы павільёны, натурная пляцоўка ў Смалявіцкім раёне, тэхніка дазваляюць адначасова ствараць чатыры поўнаметражныя мастацкія карціны.

- А што наконт найноўшых тэхналогій? Калі паглядзець карціну "Рыжык у Залюстэраччы", дык ўзровень спецэфектаў часам выглядае практычна як галівудскі. Няўжо ўсё, паказанае ў карціне, створана тут, на "Беларусьфільме"?

- Так, наша абсталяванне дазваляе ствараць спецэфекты, якія ўсё больш запатрабаваныя ў сучасным кіно. У адным з павільёнаў студыі ёсць магчымасць здымкі акцёраў на фоне зялёных сцен, з далейшым накладаннем патрэбнага па сцэнарыі фону. Менавіта так мы здымалі "Рыжыка", для чаго, нягледзячы на ўсе спецэфекты, давялося прывесці ў павільён тоны сапраўднага пяску, каб стварыць барханы, нібы ў пустыні. У выніку мы атрымліваем выяву і гук, якія можна выкарыстоўваць для стварэння копій фільмаў для лічбавых кіназалаў, у гэтым годзе мы плануем набыць праграмнае забеспячэнне для такіх работ. Тое ж тычыцца абсталявання для 3D: калі ўзнікне неабходнасць, мы гатовы працаваць са стэрэавыявамі, нашы спецыялісты маюць неабходны ўзровень ведаў.

- Якія самыя вялікія змены адбыліся на студыі з пачатку рэканструкцыі?

- Мы можам ганарыцца, што маем магчымасць працаваць па самай сучаснай DI-тэхналологіі. Адбылося абнаўленне ўсяго тэхналагічнага "ланцужка". Цяпер займаемся пераводам выявы на лічбавы носьбіт, карэкцыяй колеру, запісам інтэрнегатыва, іншымі аперацыямі на сучасным узроўні. Тое ж самае тычыцца аперацый з гукам. Іх вельмі шмат, і ўсе яны выконваюцца на сучасным лічбавым абсталяванні. У мінулым годзе кінастудыя аднавіла абсталяванне залы перазапісу ў сістэме "DOLBY". Спецыялістамі з кампаніі-вытворцы былі праведзены ўсе неабходныя тэсты і настройка абсталявання, адноўлены сертыфікат залы. Акрамя таго, было закуплена высакаякаснае абсталяванне для лазернага запісу аптычнай фанаграмы ў той жа сістэме, якое дазваляе праводзіць поўны цыкл работ з гукам непасрэдна на студыі. Зразумела, усё абсталяванне, якое выкарыстоўваецца ў кіно, патрабуе немалых сродкаў. Перш чым купіць апаратуру той або іншай фірмы, мы доўга ўзважваем усе "за" і "супраць", праводзім тэсты, спрабуем дасягнуць найлепшага выніку за разумныя грошы.

 

 Нішто не заменіць чалавечых рук і... плёнкі

Вандроўка карэспандэнта "К" па студыі пачалася са здымачных павільёнаў, потым быў цэх апрацоўкі плёнкі і разнастайныя, вельмі дасканалыя машыны, якія дапамагаюць праявіць яе, дабіцца ад выявы патрэбных адценняў колераў, надрукаваць кінакопіі. Павільёны студыі, як і знакаміты галоўны корпус на праспекце Незалежнасці, пакуль чакаюць чаргі на рамонт, але элементы, з якіх будуюцца "сцены" дэкарацый, ужо цалкам адноўлены. Закуплена здымачнае абсталяванне: камеры для здымак на плёнцы і лічбавыя камеры вельмі высокай якасці, разнастайныя спецыяльныя прыстасаванні, у тым ліку - аператарскія цялежкі і кран. Ён дазваляе падымаць камеру і двух чалавек амаль на дзевяць метраў. Дарэчы, кіраванне і новым аператарскім кранам, аналаг якога атрымаў тэхнічны "Оскар", і аператарскімі цялежкамі, як і раней, ажыццяўляецца выключна сілай чалавечага розуму і мускулаў: толькі рука чалавека гарантуе плаўны рух у кадры, і праца любога механічнага прыстасавання будзе абавязкова заўважана гледачом. Рукі чалавека, як ні дзіўна, запатрабаваны па-ранейшаму і на мантажы. Так, апошні фільм Віталя Дудзіна "На скрыжаванні" манціраваўся менавіта "ручным" спосабам.

Стужку Дудзіна манціравалі на плёнцы яшчэ і па просьбе аператара Дзмітрыя Рудзя, які абраў менавіта гэты шлях з-за пэўных тэхнічных акалічнасцей. Але плёнка, у любым выпадку, у бліжэйшай перспектыве застаецца элементам кінапрацэсу. Нават калі ўсе кінатэатры будуць абсталяваны выключна лічбавымі праектарамі, творцы будуць выкарыстоўваць плёнку, упэўнены Сяргей Дыко:

- У Канне мы сустракаліся з менеджарам па продажах ва Усходняй Еўропе адной з дзвюх асноўных фірм-вытворцаў кінаплёнкі ў свеце, і яна паведаміла, што кінаплёнку ўсё больш выкарыстоўваюць у Расіі, Еўропе, Амерыцы. Самыя гучныя і якасныя праекты здымаюцца толькі на плёнцы. І гэта не толькі пытанне прэстыжу або традыцыі. Кампаніі - вытворцы плёнкі не стаяць на месцы і падстройваюцца пад той "лічбавы" працэс, які ідзе ва ўсім свеце. Прычым робяць гэта даволі эфектыўна: як бы хутка ні развівалася лічбавая тэхніка, пакуль яна не дасягнула таго ўзроўню якасці, што прапануе плёнка. Студыя валодае трыма сучаснымі лічбавымі камерамі Red One. У адрозненне ад плёнкі яны не даруюць памылак у экспазіцыі, а якасць іх працы залежыць ад кваліфікацыі аператарскай групы і якасці ды колькасці асвятляльных прыбораў. Але кожны дадатковы асвятляльны апарат на пляцоўцы павышае памер сабекошту, што, зразумела, адбіваецца на бюджэце карціны. Безумоўна, "лічба" сёння дамінуе, - працягвае аповед аб складзе здымачнай тэхнікі "Беларусьфільма" Сяргей Дыко. - У нашых планах - закупка яшчэ дзвюх камер ALEXA сусветна вядомай маркі, з якімі стане працаваць яшчэ прасцей, асабліва на здымках тэлевізійных серыялаў. На "лічбу" мы цалкам перавялі дакументальнае кіно.

- Але нашы дакументалісты слушна заўважаюць, што запісы на лічбавых носьбітах, у адрозненне ад плёнкі, захоўваць куды больш складана. Да таго ж, прыстасаванні, з дапамогай якіх гэтыя запісы можна "прачытаць", вельмі хутка становяцца састарэлымі, як і самі лічбавыя носьбіты. Між тым, стандартная 35міліметровая плёнка застаецца нязменнай ужо шмат дзесяцігоддзяў...

- Так, кожны, хто хоць аднойчы атрымаў магчымасць пабываць у Дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў у Дзяржынску або ў аналагічнай расійскай установе ў падмаскоўных Белых Стаўбах, бачыў там стужкі амаль стогадовай даўніны, унікальныя кадры хронікі, якія захаваліся толькі дзякуючы таму, што былі зняты на кінаплёнку. Ніводзін іншы фармат захавання такога шматгадовага эфекту не дае. Вядома, што відэазапісы, якія рабіла тэлебачанне цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў, захаваліся толькі часткова. Хоць якасна і на дзесяцігоддзі захаваць плёнку можна толькі ў спецыяльных умовах з дапамогай складанага абсталявання і вопытных прафесіяналаў. Увогуле ж, пытанне захавання візуальнай спадчыны - вельмі вострае, мае не толькі культурнае, але, наўпрост, эканамічнае вымярэнне. Напрыклад, да нас пастаянна звяртаюцца гледачы, якія хочуць убачыць класіку "Беларусьфільма", тыя ж дзіцячыя стужкі Леаніда Нячаева, у эталоннай якасці. Тэлеканалы, што закупляюць у нас права на паказ класікі, таксама патрабуюць высокага ўзроўню матэрыялаў. Існуе даўно заведзены парадак, паводле якога знятыя карціны знаходзяцца на студыі толькі некалькі гадоў, пакуль на іх існуе стабільны попыт, а потым іхнія копіі адпраўляюцца ў Дзяржаўны архіў у Дзяржынск. З пераходам на лічбавыя носьбіты ў нас з'явіўся шанц займець свой цэнтр захавання стужак. Таму ў бліжэйшых планах - стварэнне лічбавага сховішча, дзе размесціцца ўся прадукцыя "Беларусьфільма". Ідзе праца па пераводзе ў дыгітальны стан студыйнай фанатэкі, якой карыстаюцца рэжысёры пры агучванні стужак.

 

 Тэхніка на ўзроўні Канна

Зусім нядаўна намеснік галоўнага інжынера Нацыянальнай кінастудыі ў складзе беларускай дэлегацыі прымаў удзел у працы прадстаўніцтва нашай краіны на Канскім кінафестывалі. Таму слушным стала пытанне аб тым, ці зацікавіліся госці найпрэстыжнейшага кінафоруму тэхнічнымі магчымасцямі "Беларусьфільма".

- Зацікаўленасць нашай студыяй была відавочнай: дыскі з прэзентацыйнымі матэрыяламі разыходзіліся вельмі хутка, - распавёў Сяргей Дыко. - Але трэба ўлічваць, што ва ўмовах рэзкага павелічэння бюджэтаў стужак кінематаграфісты шукаюць, хутчэй за усё, фінансавых партнёраў, якія змогуць зрабіць дадатковы ўнёсак у агульны бюджэт карціны. Між тым, былі і тыя кампаніі, якія мелі намер разлічваць менавіта на магчымасці нашай тэхнікі і спецыялістаў. Такое супрацоўніцтва шырока распаўсюджана ў свеце кіно: чэшская студыя "Барандаў", напрыклад, ужо шмат гадоў з'яўляецца здымачнай базай для заходніх, у прыватнасці, галівудскіх кінакампаній. Многія знакамітыя заакіянскія фільмы былі падрыхтаваны менавіта яе тэхнічнымі спецыялістамі.

- Дарэчы, якім чынам "Беларусьфільм" падтрымлівае неабходны ўзровень тэхнічных супрацоўнікаў?

- Кваліфікацыя супрацоўнікаў- пытанне, якое заўжды хвалюе, бо на постсавецкай прасторы вельмі мала навучальных устаноў, што рыхтуюць тэхнічныя кадры для кінасферы. Большасць інжынерных супрацоўнікаў "Беларусьфільма" скончыла Ленінградскі інстытут кінаінжынераў. Цяпер гэта Універсітэт кіно і тэлебачання, дзе вучыцца завочна наша моладзь. Праходзяць падрыхтоўку супрацоўнікі студыі і ў знакамітым маскоўскім ВГИКу, але праблема з маладымі спецыялістамі існуе. На некаторыя спецыяльнасці ўвогуле ніхто і нідзе не рыхтуе - ім навучаюцца адзінкавыя энтузіясты, якія паступаюць на студыю з-за любові да кінамастацтва.

Фота Юрыя ІВАНОВА