Ружаны: запуск піяр-механізма

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

Брама ў будучыню палаца Сапегаў адчынена

/i/content/pi/cult/326/5901/pic_28.jpgУ розныя часы і ў розных культурах слова "брама" мела не толькі літаральны, але і сімвалічны сэнс. І таму назва новага фэсту, традыцыя якога распачалася 4 чэрвеня ў колішняй рэзідэнцыі Сапегаў, атрымалася красамоўнай. Тым больш, бялюткая Ружанская брама - гэта сімвал урэчаіснены. Тыя, хто не быў тут усяго колькі гадоў, не хавалі свайго здзіўлення, убачыўшы бялюткі мур замест пашчэрбленай цэглы.

І адноўленыя брама ды флігель, і само свята, якое стала, па сутнасці, іх прэзентацыяй для шырокай аўдыторыі, засведчылі, што лёс выбітнага помніка беларускай даўніны зрушыўся з мёртвай кропкі. Сакрэт поспеху вельмі просты: на Пружаншчыне не чакаюць, пакуль знойдзецца чараўнік і адным узмахам палачкі ператворыць руіны ў прэзентабельны тураб'ект,- ініцыятарамі і каталізатарамі адраджэння Сапегаўскай рэзідэнцыі сталі менавіта гаспадары той зямлі, дзе яна знаходзіцца. Ініцыятыва "знізу" была падхоплена і развіта. Намаганнямі упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама свята стала абласным не толькі паводле статуса, але і паводле свайго мастацкага ўзроўню. Начальнік упраўлення Рыгор Бысюк адзначыў, што гэты праект вельмі важны для ўсяго рэгіёна.

 

Стратэгія паступовай рэстаўрацыі

- Раней мы маглі прапанаваць гасцям хіба вандроўку па рамантычных руінах, але ж сёння маем ужо куды большыя магчымасці, - кажа старшыня Пружанскага райвыканкама Аляксандр Юркевіч.

Яшчэ ў мінулы турсезон уся інфраструктура вакол Ружанскага палаца вычэрпвалася некалькімі хлапчукамі, якія збіралі сабе на марожанае з дапамогай экскурсійных паслуг, пільнуючы "неарганізаваных" падарожнікаў. З пачатку гэтага года ў прылеглым да брамы флігелі працуе музей з васьмю штатнымі адзінкамі на чале з маладым ды імпэтным дырэктарам Русланам Кнігам. Таму сёння ў Ружанах турыст можа з карысцю затрымацца, прынамсі, на пару гадзін: яму забяспечана грунтоўная экскурсія як па самім палацы, так і па мястэчку.

Пакуль што экспазіцыя музея размешчана ўсяго ў некалькіх залах. Але да наступнага сезона яе плошча значна пашырыцца. Згодна з Даручэннем Кіраўніка дзяржавы, рэстаўрацыйныя работы ў другім флігелі павінны скончыцца ўжо сёлета. Руслан Кніга распавёў, што там знойдзецца месца і для правядзення старадаўніх баляў.

Але куды болей магчымасцей для такіх імпрэз з'явіцца пасля рэстаўрацыі колішняга тэатра Сапегаў. Уявіць, як ён выглядаў паводле задумы Бекера, можна хіба дзякуючы размешчанаму ў экспазіцыі макету: да нашых дзён захаваліся адно руіны.

- Нават не верыцца ў тое, што я на свае вочы ўбачу гэты тэатр адноўленым, - паўжартам прызнаўся Аляксандр Юркевіч. - Але ж галоўнае - гэта распачаць працу! Таму брэсцкія архітэктары-рэстаўратары ўжо распрацоўваюць праектна-каштарысную дакументацыю...

Падобная смеласць і сапраўды беспрэцэдэнтная. Не прыгадаю іншага выпадку, калі б мясцовыя ўлады самі ўзяліся за такі "немясцовы" па сваіх маштабах аб'ект - і дасягнулі значных поспехаў! Тыя амаль чатыры мільярды рублёў, якія ўжо былі асвоены ў Ружанскім палацы, паходзяць з розных крыніц: гэта не толькі раённы, але і абласны бюджэт, а таксама падтрымка Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Галоўны ж "рухавік" усіх працэсаў знаходзіцца менавіта на Пружаншчыне.

Тым не менш, раённыя ўлады вельмі спадзяюцца, што Сапегаўская рэзідэнцыя ў бліжэйшыя гады будзе ўключана ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму Рэспублікі Беларусь. Калі фінансавы струмень пацячэ і з дзяржбюджэту, справы пойдуць значна хутчэй.

Паэтапная рэстаўрацыя зусім не азначае "распыленне" грошай. У Ружанах кіруюцца добрай формулай: бяруцца за адзін з фрагментаў комплексу - і набліжаюць яго стан да ідэальнага. Затым архітэктары пачынаюць адужваць новы ўчастак праектнай работы...

Таму пра лёс цэнтральнай часткі ансамбля - уласна палаца Сапегаў- сёння пакуль нават гутаркі не вядзецца. Час пакажа, ці гэта будуць закансерваваныя руіны, або іх колішняя веліч адновіцца. Але пакуль што руіны шчыльна абраслі хмызняком, ды і на саміх мурах ужо красуюцца ладныя дрэўцы.

- Такое зяленіва для помніка спадчыны даволі небяспечнае, бо яно паступова разбурае кладку,- адзначыла загадчык сектара ўпраўлення па ахове гісторыка-культурная спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі Наталля Хвір, якая была ў ліку гасцей свята, але ж ацэньвала ўбачанае з прафесійнага пункта гледжання.

 

Віртуальнае вяртанне: працяг - будзе/i/content/pi/cult/326/5901/pic_27.jpg

 Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Раман Матульскі прызнаўся, што ў мінулы ягоны прыезд у Ружаны перспектывы рэзідэнцыі Сапегаў падаваліся яму досыць сумнымі. - І вось, мінула літаральна некалькі гадоў (для гісторыі такі час - імгненне), і сёння мы знаходзімся ў першай частцы адноўленага комплексу,- працягваў ён. - Але палацавы комплекс - не толькі сцены: гэта людзі, што тут жылі, гэта культура, дух, тыя каштоўнасці, якімі яны ў жыцці кіраваліся. І квінтэсэнцыя ўсяго гэтага- менавіта бібліятэка роду.

- Кнігазбор Сапегаў не меў вопісу, і таму дакладна падлічыць колькасць яго адзінак сёння немагчыма,- дадала намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Людміла Кірухіна. - Але прыкладна можна казаць недзе пра 20 тысяч асобнікаў, сярод якіх нямала рарытэтаў. Прычым найбольш значная частка збору знаходзілася менавіта тут, у Ружанах. Яго пачынаў фарміраваць сам Леў Сапега, сабраўшы першыя тры тысячы кніг...

Гэтыя цікавыя факты можна было даведацца пад час прэзентацыі дыска "Кнігазборы Сапегаў", якая адбылася непасрэдна ў адноўленым флігелі. Паводле шчаслівага збегу абставін, першы плён маштабнага і доўгатэрміновага праекта, што быў распачаты некалькі гадоў таму па ініцыятыве Брэсцкай абласной бібліятэкі і Нацыянальных бібліятэк Беларусі і Расіі дзякуючы фінансавай падтрымцы Бюро UNESCO ў Маскве, паспеў акурат да свята.

Вялізны кнігазбор Сапегаў быў "расцярушаны", не раўнуючы, па ўсім свеце, прычым у айчынную "Нацыяналку" не трапіла ніводная адзінка. Вярнуць яго ў Ружаны нават складаней, чым "уліць" новае жыццё ў адрузныя сцены. Але ж сучасныя тэхналогіі, памножаныя на высілкі дыпламатаў і навукоўцаў, дазваляюць гэта зрабіць - хаця б у выглядзе лічбавых копій.

Дыск з прыгожым дызайнам і зручным інтэрфейсам змяшчае два навуковыя артыкулы пра род Сапегаў, бібліяграфію, якая ўключае 600 крыніц па яго гісторыі, а таксама поўнатэкставыя копіі найбольш каштоўных кніг. І гэта толькі пачатак "віртуальнай рэстытуцыі" і грунтоўнага асэнсавання кніжных набыткаў знакамітага роду.

 - Адны толькі экслібрысы на выданнях з Сапегіяны вымагаюць асобных навуковых артыкулаў,- адзначыла пад час прэзентацыі Людміла Кірухіна. - А па дарчых надпісах на тытульных аркушах кніг можна прасачыць іхні шлях па Беларусі і свеце. Таму - "Працяг будзе"...

Быў наладжаны продаж дыска. Нягледзячы на тое, што ён разлічаны перадусім на навукоўцаў ці, прынамсі, "сур'ёзных аматараў", прывезеную ў Ружаны партыю змялі з прылаўка за лічаныя хвіліны, а многім яшчэ і не хапіла.

 

Мы пачынаем турівэнт!

Тое, што свята - атрымалася, стала зразумела яшчэ да яго пачатку. Праз браму няспыннай плынню рушылі людзі. Мясцовыя старажылы прызнаваліся, што ніколі не бачылі такую колькасць людзей у адным месцы. І сапраўды, навакольныя вуліцы былі літаральна запруджаны машынамі.

Аляксандр Юркевіч шчыра ўражвае сваёй прагматычнай мэтанакіраванасцю. Ён прызнаўся, што свята ў Ружанах робіцца не проста дзеля свята - гэта паўнавартасны турівэнт, прызначаны для "раскруткі" адметнасці. Крок- вельмі лагічны, як і тое, што першасныя захады па запуску піяр-механізма робяцца менавіта "на месцы".

- Мы запачаткуем традыцыю ладзіць свята менавіта ў першую суботу чэрвеня, каб людзі ведалі пра яго ўжо загадзя, - старшыня райвыканкама падзяліўся далёкасяжнымі планамі. І сапраўды, прафесіяналы ў сферы турызму сцвярджаюць, што стабільны графік падобных імпрэз дапамагае ім планаваць сваю дзейнасць. І, адпаведна, забяспечваць святы наведвальнікамі.

Зрэшты, гэты здаровы прагматызм ніяк не адбіўся на атмасферы свята. Яно атрымалася па-народнаму шчырым ды вясёлым. А ненавязлівыя экскурсы з гісторыі Ружанаў, якія перамяжоўваліся выступленнямі музычных калектываў, былі карыснымі, мусіць, і для жыхароў раёна.

Многія турысты належна ацанілі ўнікальную магчымасць прыдбаць сабе на памяць арыгінальныя напамінкі. Дарэчы, месца для сувенірнай крамы знайшлося і ў музеефікаваным флігелі. Асартымент тут, можа, пакуль і не вельмі вялікі, аднак літаральна на кожным з вырабаў можна ўбачыць герб роду Сапегаў. Непрыемным дысанансам згадаўся "выпадковы" шырспажыў, які прапануюць турыстам ля многіх іншых унікальных адметнасцей. Як выявілася, музей у Ружанах не проста "прадастаўляе плошчы", але і сам прымае ўдзел у стварэнні сваёй сувенірнай прадукцыі.

- Мы хутка пераканаліся, што вялікіх праблем тут няма, - кажа Руслан Кніга. - Прычым нават ездзіць далёка не давялося: усе сувеніры вырабляюцца ў нас, на Пружаншчыне...

Праграму свята распачаў стылізаваны шляхецкі баль, а скончыла лазернае шоу (праекцыі адбываліся непасрэдна на мур палаца), якое спалучалася з шыкоўным феерверкам. Адпаведна, і відовішчнасці, і зместу ў гэты вечар хапіла. Рэалізацыя даўняй ідэі, якая доўгія гады літаральна лунала ў паветры - ператварыць палацавы комплекс у пляцоўку для адметнай імпрэзы, - атрымалася больш чым пераканаўчай.

 

■ ■ ■

Кажучы пра мэтаскіраванасць мясцовых улад Пружаншчыны і Брэстчыны ў цэлым, нельга абмінуць і ці не самую важную мэту гэтых захадаў. Як адзначыў Аляксандр Юркевіч, яна заключаецца ў тым, каб Ружаны наноў спазналі час свайго культурнага росквіту, займеўшы для гэтага належны эканамічны грунт.

- Многія еўрапейскія мястэчкі з даўняй гісторыяй жывуць менавіта дзякуючы турызму,- кажа ганаровы госць свята, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO Уладзімір Шчасны.- Абсалютна перакананы ў тым, што гэтая перспектыва адкрыта і для Ружанаў...

Натуральна, пераўтварэнне "звычайнага" мястэчка ў прэзентабельны турцэнтр не адбудзецца вокамгненна, і часу гэты працэс запатрабуе нямала. Спраў тут - не пералічыць. Рэстаўрацыя палаца і сінагогі, што знаходзіцца ў даволі жаласным стане. Стварэнне належнай турінфраструктуры, якой Ружаны сёння пахваліцца не могуць, а таксама і новых турпрадуктаў, што адлюстроўвалі б "прыхаваныя" пакуль старонкі гісторыі мястэчка (прыкладам, тую ж сінагогу калісьці наведваў Іцхак Шамір, што пасля стаў Прэм'ер-міністрам Ізраіля). Працяг захадаў па добраўпарадкаванні. Урэшце, выпраўленне памылак мінулага, "дзякуючы" якім унікальныя помнікі спадчыны атачае "прамзабудова"...

Але самае важнае, што асэнсаваны рух у гэтым напрамку ўжо пачаўся. Вядомы выраз "Дорогу осилит идущий" тут вельмі дарэчы.