“Адаптацыя”, якая робіць надвор’е

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

“Давайце працаваць сур’ёзна!”, або Навуковы падмурак для замкавых вежаў

/i/content/pi/cult/326/5900/pic_25.jpgАпошнімі тыднямі Браслаў актыўна рыхтаваўся да галоўнай культурнай падзеі года - вялікага міжнароднага фэсту "Браслаўскія зарніцы". Частка яго праграмы пройдзе і на Замкавай гары, якая з'яўляецца найважнейшай гісторыкакультурнай адметнасцю гарадка. Менавіта да свята там павінны быць завершаны шэсць драўляных пабудоў, аддалена стылізаваных пад сярэднявечныя вежы, а таксама брама. І менавіта яны сталі прычынай адразу некалькіх зваротаў прадстаўнікоў грамадскасці ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

 

Без прэтэнзій на гістарычную праўду

Заняпад прыйшоў на Замкавую гару яшчэ ў XVIII стагоддзі, і з таго часу людзі ўсё ніяк не маглі знайсці для гэтага знакавага месца годнага прымянення. Сённяшнія гаспадары Браслаўскай зямлі вырашылі, урэшце, выправіць гэты прыкры "статус-кво". Зразумела, такі пачын можна толькі ўхваліць. Але вось метады, якімі кіруюцца пад час яго ажыццяўлення, выклікаюць у спецыялістаў нараканні.

Яшчэ ў лютым мінулага года на ўзгадненне ў Міністэрства культуры быў пададзены праект рэнавацыі замкавай забудовы. Выяўленыя архітэктарамі вежы не мелі пад сабой трывалага навуковага падмурка, і таму праект не атрымаў "візу".

- Галоўную думку, якую я выказаў у сваім афіцыйным тлумачэнні, можна сцісла сфармуляваць такім чынам: давайце працаваць сур'ёзна, - зазначае начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі. - І, нібыта, гэта заклік быў пачуты. Старшыня Браслаўскага райвыканкама Пётр Гішкелюк знайшоў час, каб асабіста зайсці да мяне ў кабінет. Падтрымаўшы ідэю абедзвюма рукамі, я прапанаваў падрабязны алгарытм яе рэалізацыі: правесці даследаванні, выявіць месцы размяшчэння сцен і вежаў, запраектаваць іх у адпаведнасці з гістарычнымі звесткамі, а не карцінкі маляваць...

5 мая ў гісторыі помніка археалогіі "Замкавая гара" адбылася важная падзея: у гэты дзень Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь зацвердзіла праект ахоўных зон гарадзішча і гістарычнага цэнтра Браслава. Услед за тым раённыя ўлады атрымалі пісьмовыя рэкамендацыі за подпісам намесніка міністра Віктара Кураша. Адзін з пунктаў - правядзенне добраўпарадкавання на тэрыторыі помніка. Іншы пункт - забарона ўсіх відаў будаўніцтва без спецыяльнага дазволу.

А праз лічаныя дні пасля гэтага ў Міністэрства культуры паступіў "сігнал": на гарадзішчы з'явіліся будаўнікі, якія пачалі ўзводзіць нейкія бутафорскія вежы... Інфармацыя пацвердзілася. Райвыканкам атрымаў прадпісанне, якое забараняла правядзенне работ.

Намеснік старшыні Браслаўскага райвыканкама Эдуард Ананіч назваў новыя пабудовы "альтанкамі", ужо самім гэтым словам падкрэсліўшы, што на аднаўленне гістарычнай праўды яны і блізка не прэтэндуюць. Самі работы, на ягоную думку, цалкам упісваюцца ў канцэпцыю добраўпарадкавання. Аднак Ігар Чарняўскі лічыць, што дамкі-альтанкі куды больш дарэчна акрэсліць іншым словам: не добраўпарадкаванне, а менавіта будаўніцтва.

- Урэшце, самае галоўнае патрабаванне да ўсіх работ на тэрыторыі помніка археалогіі - каб яны не закраналі культурны слой, - дадае Ігар Чарняўскі.

Як адзначыў Эдуард Ананіч, мясцовае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, якое з'яўляецца заказчыкам работ, ад пачатку ўсведамляла, што весціся яны будуць у межах археалагічнага помніка. Менавіта таму пабудовы ўжо паспелі ахрысціць "дамкамі на курыных ножках": іх канструкцыя не прадугледжвае ніякіх падмуркаў і нібы "адарвана ад зямлі" дзякуючы драўляным або цагляным падпоркам.

- Каб не пашкодзіць культурны слой, мы не паглыбляліся ў зямлю нават на сантыметр, - кажа Эдуард Ананіч.

У той самы час, Ігар Чарняўскі сцвярджае, што падобныя работы, у прынцыпе, не бываюць зусім бясшкоднымі для культурнага слою. І ў якасці аргумента прыводзіць фотаздымкі, дасланыя ў Міністэрства культуры. Натуральна, што плошча такога "ўмяшальніцтва" - зусім мізэрная, але, тым не менш...

 

Навошта і дзеля чаго?

Як адзначыў Эдуард Ананіч, з'яўленне гэтых пабудоў прымеркавана акурат да фестывалю, на які прыедуць госці з многіх краін свету. Менавіта таму работы, спыненыя пасля атрымання прадпісання ў апошнія дні перад фэстам, усё ж аднавіліся, і на гарадзішчы карэспандэнту "К" давялося ўбачыць рабочых за справай. Зрэшты, гэта вытлумачальна: у святочныя дні альтанкі без даху ў любым выпадку выглядалі б куды больш недарэчна за ўвасобленую, усё ж, задуму.

Пад час "...Зарніц" тым дамкам знойдзецца прызначэнне: там размесцяцца рамеснікі, каб наведвальнікі здолелі ўбачыць не толькі плён іх працы, але і сам працэс. Задума - добрая, аднак... Усе фэсты хутка заканчваюцца. Якім будзе далейшы лёс альтанак, пакуль не зразумела.

- Калі спецыялісты палічаць, што гэтыя дамкі не адпавядаюць таму месцу, дзе яны цяпер усталяваны, іх можна будзе лёгка перанесці, прыкладам, у лесапарк "Леснічоўка", дзе ў нас ладзяцца многія масавыя мерапрыемствы,- кажа начальнік аддзела культуры Галіна Караткова.

Напэўна, менавіта там ім самае месца. Тым болей, "элементы добраўпарадкавання" атрымаліся ўдалыя ды арыгінальныя - чаго вартыя хаця б стрэхі з драніцы! Гэта шматкроць цікавей і прыгажэй за стандартныя пластмасавыя грыбкі. Але... Наўрад ці варта блытаць пляж з сярэднявечным гарадзішчам.

 

Прафанацыя не прывядзе да мэты/i/content/pi/cult/326/5900/pic_26.jpg

Разам з тым, нікуды не знікае ўзнятае браслаўскімі ўладамі пытанне: к раскрыць патэнцыял старажытнага месца, як "урэчаісніць" яго гісторыю ў вачах сучаснікаў? І яно не з простых: пазітыўнага досведу ператварэння помнікаў археалогіі ў турадметнасць на Беларусі пакуль што бракуе. Негатыўны - ёсць.

Месца, дзе больш за тысячагоддзе таму зарадзілася паселішча, мае неацэннае значэнне для сучаснасці Браслава. Гэта і адзінае матэрыяльнае сведчанне яго даўніны (найстарэйшы з архітэктурных помнікаў тут датуецца ўсяго толькі 1824-м), і галоўная адметнасць гарадка, у які штогод прыбываюць многія дзясяткі тысяч турыстаў. Стоячы на стромкай кручы, і сёння можна ўявіць сябе ў ролі старажытнага вартавога: унікальны ландшафт "заціснутага" паміж двух азёр Браслава за стагоддзі мала змяніўся, і ацаніць яго хараство ў поўнай меры можна толькі з гэтага пункта гледжання. А калі яшчэ дадаць да ўбачанага каментарыі экскурсавода...

- Гэтае месца самадастатковае само па сабе, і ніякіх новых пабудоў яно не патрабуе. Прыслухаўшыся, тут можна адчуць дух старажытнасці, - лічыць намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры краіны Аксана Сматрэнка. І ў якасці прыкладу прыводзіць знакаміты літоўскі Кярнаве - археалагічны помнік, уключаны ў Спіс UNESCO.

Тым не менш, многім падаецца, што сёння Замкавая гара выглядае пуставата. Помнік Нарбуту, мемарыяльны знак і колькі старых драўляных скульптур архітэктурнага надвор'я на гэтых двух гектарах не робяць. Натуральна, не стварае атмасферы даўніны і старая бетонная танцпляцоўка. Менавіта таму рэкамендацыі Міністэрства культуры ўтрымліваюць пункт аб яе зносе. Тым больш, як распавялі мне ў аддзеле культуры, сёння яна практычна не выкарыстоўваецца.

Як адзначыў Эдуард Ананіч, рэнавацыя замкавых пабудоў ужо плануецца: архітэктары з Полацка атрымалі адпаведнае заданне, а да распрацоўкі праекта на далейшых стадыях мяркуецца падключыць і спецыялістаў з Мінска. Раённыя ўлады цалкам разумеюць, што гэтыя работы зоймуць працяглы час. Ігар Чарняўскі перакананы, што інакш і быць не можа. Бо ў адваротным выпадку атрымаецца "халтура", здатная толькі сапсаваць гістарычны ландшафт.

- Вось перада мной ляжыць праект частковага аднаўлення Тураўскага замка, - кажа Ігар Чарняўскі. - Спярша яго канцэпцыя была абмеркавана з вядомым археолагам Пятром Лысенкам, які цудоўна ведае аб'ект, бо праводзіў там археалагічныя раскопкі. Затым адбываўся карпатлівы пошук падыходаў і маштабаў, дзе ўвага надавалася літаральна кожнаму элементу... Адноўленыя замкавыя сцены паўстануць у тых месцах, дзе яны сапраўды некалі былі,- для іх выяўлення будуць зроблены археалагічныя шурфы. Гэта сур'ёзная работа на добрым навуковым узроўні, і я ўпэўнены, што яна зацікавіць турыстаў...

Уласна, падобныя падыходы дэкларуюць і спецыялісты з Браслава - хай сабе пакуль толькі на перспектыву...

- Калі закранаць культурны слой - а пры сур'ёзным будаўніцтве гэта непазбежна, - неабходна папярэдне правесці раскопкі, - кажа Эдуард Ананіч. Археолагі, якія працавалі на гарадзішчы ў 1955 - 56 і 1989 - 90 гадах, ахапілі менш за палову яго плошчы. Адпаведна, капаць там яшчэ і капаць...

Запытаў у Ігара Чарняўскага, які канцэптуальны падыход да аднаўлення замка бачыцца яму перспектыўным і адпаведным заканадаўству.

- Чаму б не аформіць уваходную групу? - распачаў ён. - Тое, што мы бачым цяпер, выклікае адно недаўменне: хіба ж можа так выглядаць брама ў замак, і хіба можна яе рабіць з ацыліндраванага бярвення? Ад брамы можа весці своеасаблівая вуліца, уздоўж якой размесцяцца дамкі, дзе пад час святаў будуць працаваць рамеснікі і гандляры. Цалкам лагічна арганізаваць глядзельныя пляцоўкі, стварыць імітацыю фрагментаў абарончай сцяны або адбудаваць адну з вежаў - у гістарычным месцы і ў адпаведным выглядзе. І вельмі цудоўна, калі тая вежа будзе праглядацца знізу: каб турыст, які прыехаў адпачываць на азёры, мог выпадкова яе ўбачыць, зацікавіцца, зайсці праз браму, набыць мясцовых сувеніраў, заплаціць за білет пару тысяч, каб падняцца на вежу і ўбачыць далягляды з яшчэ большай вышыні. Падключыўшы фантазію і мастацкі густ, можна стварыць аб'ект, здатны не толькі перадаць дух гісторыі, але і прыносіць сякую-такую капейчыну. А вось танная прафанацыя ні да адной з гэтых мэт не прывядзе.

 

■ ■ ■

Варта адзначыць, што мясцовыя ўлады ўжо робяць канкрэтныя крокі ў справе "турыстычнай адаптацыі" гарадзішча. Прыкладам, летась у рамках "...Зарніц" прайшоў Першы Фэст сярэднявечнай культуры "Меч Брачыслава". І ён запачаткаваў новую традыцыю. На гэтых выхадных у Браславе збярэцца сотня рыцараў, музыкантаў і танцораў. Па традыцыі, фэст пачнецца са здабычы агня па старадаўняй тэхналогіі- відовішча цікавага і захапляльнага.

Прычым, як адзначыла Галіна Караткова, апрача традыцыйных паядынкаў і гульняў, пад час фэсту пройдуць таксама і семінары, дзе ўдзельнікі гістарычных клубаў здолеюць намацаць далейшы вектар яго развіцця. Бо ўжо на наступны год імпрэза мае выйсці на новы ўзровень: дзякуючы прыцягненню сродкаў Еўрасаюза, яна займее статус міжнароднай.

Між іншым, фандрайзінг дазволіў папоўніць фестывальную праграму і яшчэ адным пунктам - мініфэстам рэгіянальных кулінарных традыцый Браслаўшчыны. Усе патрэбныя для размаітых меню інгрэдыенты прадаставілі гаспадаркі і прадпрыемствы раёна, якія ацанілі прапанаваную ім магчымасць прарэкламаваць такім чынам сваю прадукцыю.

Сапраўды, "Браслаўскія зарніцы" выглядаюць на прывабны турівэнт. Тым болей, год ад года праграма фестывалю папаўняецца і краінамі-ўдзельніцамі (прыкладам, сёлета гэта будзе геаграфічна далёкая Венесуэла), і арыгінальнымі імпрэзамі. Да таго ж, адна з пляцовак фэсту размясцілася непасрэдна на возеры Дрывяты, а часткова - і непасрэдна ў ім.

Прыкметныя зрухі ёсць і ў сферы аховы спадчыны. Сёлета ў раёне з'явіўся спецыяліст, які непасрэдна адказвае за тыя паўстотні аб'ектаў, што ўключаны ў Дзяржаўны спіс, а таксама яго папаўненне. Былая настаўніца гісторыі Людміла Міраш узялася за працу з вялікім імпэтам. Яна ўжо зрабіла захады, каб выправіць сапраўдную недарэчнасць, і касцёл Нараджэння Панны Марыі, які, мабыць, з'яўляецца найстаражытнейшым будынкам Браслава, неўзабаве мае атрымаць статус помніка. Услед за ім належны пакет дакументаў будзе аформлены і на царкву, і на цікавыя камянічкі 30-х гадоў...

Адпаведна, прагрэс - відавочны, і асобныя памылкі наўрад ці здатныя яго спыніць - асабліва калі наладзіць работу па іх выпраўленні. Урэшце, не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць.

Мінск - Браслаў - Мінск