“Залаты Купідон” стрэліць трапна

№ 35 (801) 01.09.2007 - 07.09.2007 г

2 верасня на галоўнай сцэне ў Шклове, дзе праходзяць урачыстасці, звязаныя з правядзеннем Дня беларускага пісьменства, вызначацца пераможцы новай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон”, якую сёлета зацвердзіў Савет Міністраў Рэ- спублікі Беларусь. Заснавальнікі літаратурнага конкурсу — міністэрствы інфармацыі, культуры і адукацыі РБ, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Мінскі гарвыканкам. Анатоль АЎРУЦІН — першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомы паэт, каменціруючы падзею, зазначыў: конкурс павінен запоўніць пэўны вакуум, які меў месца ў літаратурным жыцці краіны. А жыццё гэтае не спынялася, празаікі і паэты стваралі новыя творы, друкавалі іх. Ініцыятары правядзення новага літаратурнага конкурсу вырашылі, што варта вызначаць лепшыя творы, якія ў сваім жанры паўплывалі на культурнае жыццё Беларусі. За пункт адліку быў узяты 2006 год. А генератарам дадзенай ідэі быў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар шматлікіх папулярных раманаў Мікалай Чаргінец.

 /i/content/pi/cult/127/590/Zalaty-kupidon1.jpg
— У чым адметнасць новага творчага конкурсу?
— Гэта чыста літаратурны конкурс, у якім ацэньваюцца творы па жанрах. У яго Палажэнні засведчана, што прэміі даюцца за прозу, паэзію, драматургію, дзіцячую літаратуру і крытыку.
Паводле ўмоў конкурсу, творы павінны былі прайсці экспертную ацэнку профільнай секцыі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Кнігі, якія прадстаўляліся на конкурсе, паступілі з усіх абласцей Беларусі. Адбыліся вельмі гарачыя дыскусіі адносна таго, каго дапусціць да апошняга тура. Строгае журы на чале з намеснікам міністра інфармацыі РБ Ігарам Лапцёнкам вызначала пераможцаў — тых, каго будуць узнагароджваць у Шклове. Трэба зазначыць, што ў жанры літаратурнай крытыкі прысуджаецца адна прэмія, яна ж першая і адзіная.
На атрыманне прэміі “Залаты Купідон” вылучаны наш знакаміты крытык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі РБ Алесь Марціновіч. Што датычыць паэзіі, дык у тройку прызёраў увайшлі такія аўтары, як Змітрок Марозаў, Андрэй Скарынкін і Віктар Шніп.
Вынікі канчатковага размяшчэння месцаў будуць абвешчаны проста са сцэны ў Шклове Мікалаем Чаргінцом. Яшчэ ўдзельнікі конкурсу ўзнагароджваюцца заахвочвальнымі дыпломамі. У жанры паэзіі заахвочвальны дыплом атрымаюць Тамара Краснова-Гусачэнка, Генадзь Пашкоў і Навум Гальпяровіч.
Проза таксама прадстаўлена значнай колькасцю імёнаў. Эксперты ў сваёй працы арыентаваліся пераважна на кнігі, якія выйшлі ў дзяржаўных выдавецтвах, у першую чаргу — у “Мастацкай літаратуры”.
Сапраўды, на сённяшні момант “Мастацкая літаратура” — гэта своеасаблівы знак высокай якасці. Пераважная колькасць кніг-пераможцаў выдадзена ў “Мастацкай літаратуры”. І за сваю плённую працу выдавецтва атрымае асобны дыплом.
У жанры прозы з’явілася новае імя: Наталля Голубева — вядомая як грамадскі дзеяч, кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. А яшчэ яна — член праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Наталя Голубева напісала раман “Радзімічы” на гістарычным матэрыяле і распавяла аб тым, што адбывалася на нашых землях шмат стагоддзяў таму, паказала жыццё нашых продкаў, якія жылі ў далёкіх ІV — V стагоддзях.
У 2006 годзе выйшаў вельмі цікавы раман “Уліс з Прускі” акадэміка Акадэміі навук Беларусі, колішняга дырэктара Інстытута літаратуры Уладзіміра Гніламёдава. Гэта класічны раман, гэта тое, што зараз, так бы мовіць, не ў модзе, маладыя літаратары ад гэтага адышлі. Уладзімір Гніламёдаў усім вядомы як крытык, як літаратуразнаўца, як эрудыт. Яго раманны дэбют, трэба сказаць, вельмі ўдалы. “Уліс з Прускі” выйшаў у серыі “Сучасная беларуская проза ХХІ стагоддзя” і атрымаў добрую ацэнку ў літаратурным асяродку.
Яшчэ адзін з намінантаў на перамогу — Анатоль Казлоў, галоўны рэдактар “ЛіМа”. У яго кнігу прозы “Юргон” уключаны апавяданні і аповесці.
Абавязкова трэба назваць імя і яшчэ аднаго аўтара — Анатоля Андрэева, прафесара кафедры тэорыі літаратуры БДУ, доктара філалагічных навук, эрудыта, вялікага знаўцы літаратуры, чалавека, які не толькі паспяхова паспрабаваў свае сілы ў прозе, але і ўстанавіў своеасаблівы рэкорд, які можа трапіць у кнігу рэкордаў Гінеса. У яго ў адзін дзень, так быў задуманы праект, выйшлі чатыры кнігі, у якія ўключаны 8 раманаў. Адзін з гэтых раманаў удастоены заахвочвальнага дыплома.
Дзіцячая літаратура прадстаўлена трыма прызёрамі — Нінай Галіноўскай, Міхаілам Пазняковым, Іванам Муравейкам. Кніга апошняга называецца “Вадзіца з крыніцы”, аўтару ідзе восемдзесят сёмы год, ён былы франтавік. Яго вельмі любяць дзеці, вельмі любяць бібліятэкары і з вялікай ахвотай прапануюць юным чытачам яго кніжкі. А вось у рэспубліканскім маштабе ён заўважаны недастаткова. Гэта тая сітуацыя, якую трэба выпраўляць. Трэба аддаваць належнае па справядлівасці тым, хто шмат зрабіў для развіцця нашай літаратуры.
— А якой будзе прэмія ў грашовым эквіваленце?
— Па-першае, уладальнікі першых месцаў атрымліваюць статуэтку “Залаты Купідон”, зробленую з бронзы па эскізе вядомага скульптара Уладзіміра Жбанава.
 /i/content/pi/cult/127/590/Zalaty-kupidon.jpg

Акрамя гэтага, яны атрымліваюць дыплом і грашовую прэмію ў памеры пятнаццаці базавых велічынь. За другое месца — прэмія ў памеры дзесяці, за трэцяе — у памеры пяці базавых велічынь. Будзем імкнуцца ў наступныя гады павялічыць матэрыяльную частку прэміі. Аўтары, якія сталі пераможцамі новага літаратурнага конкурсу, не застануцца па-за ўвагай прэсы, радыё і тэлебачання. Увага СМІ, грамадства адразу паставіць іх у шэраг заўважных асоб у краіне, што таксама немалаважна. І выдаўцы пачнуць ставіцца да пераможцаў інакш. Насамрэч, удзел, перамога на конкурсе — элемент “раскруткі” аўтара. Але мы не ідзём шляхам, які, скажам, назіраецца ў некаторых суседніх краінах, — там можна напісаць нейкую гламурную рэч, невысокую па сваіх эстэтычных вартасцях, перамагчы на конкурсе і стаць знакамітым. Мы даём прэмію аўтарам за стварэнне сапраўднай літаратуры, сапраўднага мастацтва. Таму калі мы здолеем дапамагчы стаць папулярнымі і вядомымі людзям, якія робяць добрую літаратуру, дык гэта будзе дастаткова сур’ёзны ўнёсак у нашу культуру.
— Хто аўтар ідэі стварэння статуэткі “Залаты Купідон”?
— Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.
— А чаму абраны менавіта гэты вобраз?
— Скульптар увасобіў ідэю ў вобразе прыгожага купідона. У яго гэта атрымалася эстэтычна і неардынарна. Гэта эксклюзіўная работа, якая мае самастойную мастацкую каштоўнасць. Памер статуэткі — 30 сантыметраў у вышыню, яна важыць каля чатырох кілаграмаў. Любы з пісьменнікаў, я думаю, будзе горды захаваць яе для нашчадкаў.
— Паводле ідэі, куды павінна патрапіць страла купідона?..
— У сэрца чытача, канешне!

Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА