Часцінкі далёкай зоркі

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

Астры лёсу братоў Даркевічаў

/i/content/pi/cult/326/5897/pic_18.jpgСёння мы завяршаем наш аповед пра лёс братоў Пятра /i/content/pi/cult/326/5897/pic_19.jpgі Хрыстафора Даркевічаў - лёс незвычайны і складаны... Пра нашых герояў узгадваюць са старонак сваіх успамінаў і з перапіскі з аўтарам іх вучні, калегі, родныя.

Бася Лосева - карэнная віцябчанка. Аўтар успамінаў "Горад, які заўсёды са мною" (2002 г.). Скончыла Віцебскі кінатэхнікум (1935 г.), а ў 1961-м - філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Працавала ў газетах "Піянер Беларусі", "Віцебскі рабочы", на Мінскай тэлестудыі. Чвэрць стагоддзя, да выхаду на пенсію, выкладала рускую мову і літаратуру ў адной з сярэдніх школ Мінска. Напрыканцы 80-х мы сустрэліся і вельмі прыемна пагутарылі. У 1991 г. Бася Сямёнаўна з'ехала ў Швецыю на пастаяннае месца жыхарства, але, я ведаю, колькі разоў наведвала родны Віцебск. "У 1933-м, пасля заканчэння сёмага класа, я з маім братам паступіла ў кінатэхнікум, які якраз адкрыўся ў Віцебску на Канатнай вуліцы. Брат быў прыняты на сцэнарнае аддзяленне, а я - на тэхнічнае, дзе рыхтавалі спецыялістаў па ўстаноўцы і эксплуатацыі гукавой апаратуры. Я сябравала са студэнтамі сцэнарнага аддзялення, асабліва з паэтамі Андрэем Ушаковым і Рыгорам Жалезняком, і часта прыходзіла на іхнія лекцыі паслухаць цудоўнага настаўніка, мастацтвазнаўцу Пятра Яўгенавіча Даркевіча. І мы ўтраіх сядзелі за адной партай. Ён карыстаўся асаблівай любоўю вучняў і, здаецца, быў адзіным прафесійным мастацтвазнаўцам у горадзе. Паралельна выкладаў у мастацкім тэхнікуме, які ў 1934 г. пераўтварылі ў вучылішча. Гэта быў цудоўны чалавек: таварыскі, трапны, вясёлы. На перапынках ён заставаўся з намі, і ў калідоры, дзе вакол яго збіраўся натоўп студэнтаў, гучаў заўсёды смех. Часта Пётр Яўгенавіч без цырымоній запрашаў нас да сябе дадому. Мы, зусім маладыя, там пачуваліся вельмі вольна, забывалі пра ягоны ўзрост. А яму тады было дзесьці 35 - 37 гадоў. Але розніца ў гадах, наогул кажучы, і не такая вялікая, не бянтэжыла ні яго, ні нас. Я да гэтай пары памятаю яго з люлькай за пісьмовым сталом. І цякла бясконцая гутарка - канешне ж, пра мастацтва, літаратуру, кіно. Ён мог так уцягваць сваімі маляўнічымі расповедамі і ўспамінамі, што мы, раскрыўшы раты, забывалі пра час і слухалі аб тым, як жылі і тварылі вялікія мастакі. У такіх гутарках заўсёды прымала ўдзел і яго маладая цудоўная жонка - мастачка Ірына Яраславаўна, якая потым стала маёй блізкай сяброўкай. Іхняму сыну тады было ўсяго паўтара года..."

Уладзіслаў Даркевіч, сын Пятра Даркевіча, - доктар гістарычных навук, археолаг. "Мой дзед у 1929 годзе быў раскулачаны і сасланы ў Сібір, дзе і памёр ад голаду. Да гэтага бацька паспеў скончыць Маскоўскі ўніверсітэт і пераехаць у Віцебск, бліжэй да радзімы. Памятаю яго цудоўную бібліятэку з рэдкімі выданнямі па мастацтве, якая была спалена пад час вайны разам з нашым домам, калі горад быў акупаваны немцамі. Артыкулы бацькі друкаваліся ў мясцовых і рэспубліканскіх часопісах ды газетах. Акрамя таго, ён праводзіў вялікую асветніцкую працу: чытаў лекцыі і даклады сярод настаўнікаў, медработнікаў, чырвонаармейцаў, далучаючы іх да свету прыгожага. А яшчэ заўзята выступаў у абарону помнікаў архітэктуры, гісторыі і культуры, якія ўзрывалі яшчэ да вайны, за што падвяргаўся ганенням мясцовых улад як прыхільнік "рэлігійнага цемрашальства". Бацька быў арыштаваны 27 сакавіка 1937га. Адкрытага суда не было. Прысуд - дзесяць гадоў "без права перапіскі". Пасля рэабілітацыі бацькі я высветліў, што першапачатковае паведамленне аб смерці ад 7 студзеня 1958-га аказалася падманным: нібы памёр ад менінгіту 17 лістапада 1945 года. На самой справе бацька быў расстраляны яшчэ на пачатку лістапада 1937 года..." Гэтае апошняе сведчанне атрымана мною ў НКУС СССР па Маскве і Маскоўскай вобласці пасля майго запыту ў Мінск. Тата быў беспартыйны. Я яго зусім не памятаю. Паводле ўспамінаў маці і жыхароў Віцебска, якія яго ведалі, гэта быў жыццярадасны і добры чалавек. Усе ставіліся да яго з вялікай цеплынёй і сімпатыяй..."

Бася Лосева: "Я памятаю той час, калі так нечакана арыштавалі Пятра Яўгенавіча і некаторых іншых віцебскіх мастакоў, у тым ліку і таленавітага графіка Мініна. Паверыць у іхнюю віну было проста немагчыма. Нейкі жах апанаваў нас усіх. Баяліся гучна размаўляць, выказваць сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў Віцебску. Пачалася страшэнная чарада даносаў. І ў той жа час на вуліцах і ў дварах спявалі песні Дунаеўскага - радасныя, светлыя, жыццесцвярджальныя. Круцілі фільмы "Вясёлыя рабяты", "Волга-Волга", "Цырк". А мы, маладыя, вельмі напалоханыя, затаіліся. А дома, зачыніўшы дверы на засаўкі, шэптам дзяліліся сваімі думкамі пра няшчасны лёс Пятра Яўгенавіча. Праўда, у душы верылі, што ўсё гэта - страшэнная памылка органаў НКУС, і хутка наш настаўнік вернецца ў аўдыторыю, закурыць сваю люльку, усміхнецца, і ўсё будзе, як раней..."

 

Пра Хрыстафора Даркевіча: "Каб фарбы заззялі свежа і цікава..."

Пётр Явіч: "У 1934 годзе я паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Тады я шмат пісаў і маляваў з натуры. Натуральна, дэманстраваў гэтыя опусы сваім педагогам Івану Ахрэмчыку, Фёдару Фогту і Хрыстафору Даркевічу. Асабліва запомніўся мне тады Хрыстафор Яўгенавіч. Памятаю, калі я паказаў яму свой першы эцюд, ён вельмі здзівіўся: чаму, маўляў, я пішу такія кветкі? У сваю чаргу, здзівіўся я: кветкі як кветкі, нічога асаблівага. Але было бачна, што яму спадабалася... Потым ужо я прыносіў яму ўсё, што маляваў. А ён цярпліва тлумачыў, што добра атрымалася, а што- дрэнна, што трэба перарабіць. Але галоўнае - заўсёды паказваў, як менавіта трэба перарабляць кампазіцыю, каб яна выйграла, а фарбы заззялі свежа і цікава..."

Павел Масленікаў: "У Хрыстафора Даркевіча, свайго педагога, я неаднойчы бываў дома, у яго двухпакаёвай кватэры. Памятаю, аднойчы мы, студэнты, заспелі яго за працай над карцінай "Малацьба ў калгасе". Гэта была вельмі цікавая кампазіцыя ў вохрыста-залацістых тонах - светлая, мажорная, вельмі граматна пабудаваная. Пасля яго арышту яна некуды знікла..." Пётр Явіч: "Хрыстафор Яўгенавіч быў асабліва патрабавальны да малюнка, заўсёды даводзіў яго значэнне і важнасць пры кампаноўцы, скажам, чалавечай галавы: "Правільна пабудуеш - атрымаеш падабенства". Увогуле, уважліва і добразычліва ён ставіўся да ўсіх студэнтаў, але, зыходзячы з іх індывідуальных здольнасцей, любіў гутарыць з кожным паасобку. А яшчэ ён любіў праводзіць "грамадскія" абмеркаванні студэнцкіх работ: яго вопытнае вока вельмі тонка заўважала ўсё тое цікавае, наватарскае, што магло з'явіцца ў нас, зялёных, у працэсе заняткаў..."

/i/content/pi/cult/326/5897/pic_20.jpgІван Пешкур (1921 - 1980 гг.) - мастак-сцэнограф, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы з 1935 па 1939 гг. у Л.Лейтмана, В.Дзежыца і Х.Даркевіча. "Я два гады правучыўся ў Хрыстафора Яўгенавіча. Скажу, што гэта быў вельмі таленавіты мастак і педагог. І, дарэчы, адзіны на Віцебшчыне, хто займаўся фрэскай. Ён стварыў вакол сябе невялікую групу студэнтаў, якіх навучаў таямніцам гэтага віду манументальнага жывапісу. Нейкі час у той групе быў і я: памятаю, як мы аднойчы ездзілі ў Сіроціна, дзе на чыгуначным вакзале наш настаўнік зрабіў агромністую фрэску. На той час гэта было нешта незвычайнае па маштабах і выкананні..." Пётр Явіч: "У двары былога мастацкага вучылішча захаваліся фрагменты чатырох фрэсак, якія былі зроблены студэнтамі. Я памятаю, як яны выконваліся пад кіраўніцтвам Хрыстафора Яўгенавіча. Тут жа паблізу быў і ягоны брат Пётр. Менавіта ён падказаў, якімі павінны быць верхнія фрэскі - дзве мужчынскія галавы з сюжэтаў Мікеланджэла. Ніжэй студэнты намалявалі партрэты сваіх настаўнікаў. Гэта было вельмі нечакана і прыемна..."

Міхаіл Зялёнкін (1920 - 1991 гг.) - мастак-афарміцель інтэр'ераў грамадскіх будынкаў, музеяў, школ, палацаў культуры, прамысловых прадпрыемстваў. У час Вялікай Айчыннай вайны быў лётчыкам-знішчальнікам. Герой Савецкага Саюза, які ў паветраных баях збіў 32 фашысцкія самалёты. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы з 1935 па 1938 гг. у Х.Даркевіча, І.Ахрэмчыка, Л.Лейтмана. "Што такое фрэска, я ўпершыню даведаўся ад свайго настаўніка Хрыстафора Даркевіча, у якога займаўся амаль тры гады. Ён любіў паўтараць: "Фрэска - гэта азначае "свежы"! Тое- жывапіс фарбамі па свежай, сырой тынкоўцы, якая пры засыханні стварае найтанчэйшую празрыстую плёнку карбанату кальцыю і замацоўвае фарбы". Менавіта так ён рабіў свае роспісы на станцыі "Сіроціна" і ў нашым вучылішчы, дзе, між іншым, і я, зусім малады юнак, паклаў свой маленькі мазок..." Павел Масленікаў: "Яго любімымі мастакамі-жывапісцамі ў галіне фрэскі былі Джота, П'ера дэ ла Франчэска і Мікеланджэла. Аб іх ён мог размаўляць цягам гадзін. Пра Джота казаў, што гэты творца не валодаў перспектывай, але змог надаць сваім фрэскам такую прасторавую агляднасць, якой няма ў іншых работах мастакоў XIV ст., і што, адмовіўшыся ад канонаў візантыйскага жывапісу, ён першым перайшоў да натуры і даў сваім рэлігійным вобразам глыбокую філасофскую трактоўку. Вельмі паважаў каларыста П'ера дэ ла Франчэска за яго "крыштальна-ясныя і гарманічныя кампазіцыі". І ў доказ сваёй думкі паказваў нам з уласнай бібліятэкі альбомы з каляровымі рэпрадукцыямі карцін мастака "Бічаванне Хрыста" і фрэскі серыі "Легенда жыватворнага Крыжа" з царквы Сан-Франчэска ў г. Арэца. Дзе ён браў гэтыя карцінкі - не ведаю. Ну, пра Мікеланджэла і казаць няма чаго. Памятаю, Даркевіч любіў паўтараць фразу вялікага майстра: "Дробязі вядуць да дасканаласці, а дасканаласць - не дробязь". Хрыстафор Яўгенавіч марыў арганізаваць у Беларусі спецыяльную школу фрэскі і ўцягнуць для гэтага і нас, яго вучняў, а тут грымнуў 1937-ы. Мне заставалася ў вучылішчы толькі падрыхтаваць дыплом і ў наступным годзе яго абараніць. Але ўжо без Даркевіча..."

Пётр Явіч: "Але, канешне ж, асноўнымі дысцыплінамі, якія вёў у нас Хрыстафор Яўгенавіч, былі малюнак і станковы жывапіс. Фрэска была нібыта "пазакласным" прадметам: у абавязковай вучэбнай праграме дысцыпліна манументальнага жывапісу адсутнічала. Разам з тым, якраз у гэты час Даркевіч моцна захапіўся і партрэтам. Памятаю яго Аляксея Стаханава - тады "героя свайго часу", легендарнага шахцёра з Кадзіеўкі, - з якога ў 1930-я гады зрабілі "ікону" для пераймання другім прадстаўнікам самага "перадавога ў свеце" рабочага класа. І мы, студэнты, нават натхнёна неслі гэты партрэт на першамайскай дэманстрацыі па вуліцах Віцебска. Абодва браты, Хрыстафор і Пётр, зніклі з вучылішча адначасова. Тады ж назаўсёды знік і трэці наш педагог - графік Яўхім Сямёнавіч Мінін. А студэнта Голада арыштавалі за тое, што ён дзесьці прамовіў "сакраментальную" фразу: "Які добры чэшскі аловак, лепшы за наш!"...

Аляксандра Даркевіч, удава Х.Даркевіча: "27 красавіка 1937-га, ноччу, прыйшлі трое вайскоўцаў (муж не спаў: ён часта працаваў па начах). Зрабілі вобыск, усё ў кватэры перавярнулі. Потым мужа ўзялі- і ў "варанок". Дзеці плакалі: дзевяцігадовы сын Яўген і пяцігадовая дачка Ірына. У тую ноч быў арыштаваны і ягоны брат Пётр. Пасля арышту мужа ў мяне адабралі адзін пакой (а было два). На працу мяне нідзе не бралі як жонку "ворага народа". Добра, што яшчэ не саслалі. У рэшце рэшт удалося ўладкавацца рабочай у лазні... Муж і ягоны брат сядзелі ў НКУС (на тым месцы цяпер універмаг). Мне дазволілі перадаць яму толькі бялізну, махорку і запалкі. Пісаць ні яму, ні мне не дазвалялі. Аднойчы бачыла, як яго везлі ў турму. Я стаяла насупраць варот, ён убачыў мяне, нешта хацеў крыкнуць, але двое канваіраў ударылі яго прыкладамі па галаве, і ён упаў на дно кузава машыны... Калі яго перавялі ў турму, дык у хуткім часе мне сказалі, каб я прынесла цёплае адзенне, бо яго будуць высылаць. Больш я пра мужа і пра ягонага брата нічога не ведала. У 1960-м я падала прашэнне аб пераглядзе справы майго мужа: у яго невінаватасці я ніколі не сумнявалася. І вось 13 красавіка 1961 года з Мінска даслалі даведку № 212, за подпісам намесніка старшыні Вярхоўнага трыбунала Беларускай ваеннай акругі падпалкоўніка юстыцыі Унукава, аб тым, што пастанова ад 20 кастрычніка 1937-га ў адносінах да майго мужа адменена і "справа за адсутнасцю складу злачынства закрыта. Даркевіч Х.Я. рэабілітаваны пасмяротна"...

Вось такая сумная гісторыя жыцця і смерці двух беларускіх інтэлігентаў, якія не ўпісаліся ў жорсткія рамкі сталінскага таталітарызму.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"