Фестываль з прыцэлам на інвестараў

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

Геаграфія Паставаў з эканомікай ды музыкай

/i/content/pi/cult/326/5896/pic_14.jpg"Міжнародны фестываль народнай музыкі /i/content/pi/cult/326/5896/pic_12.jpg"Звіняць цымбалы і гармонік" у Паставах займае пачэснае месца ў пяцёрцы лепшых творчых форумаў нашай краіны". Так акрэсліў статус форуму намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі. Ён - адзін з аўтараў ідэі фестывалю і яго зямляк.

Форум "Звіняць цымбалы і гармонік" з'яўляецца найстарэйшым у нашай краіне: ён існуе ўжо 21 год, а высокі статус міжнароднага мае 14 гадоў. "Фестываль нарадзіўся на традыцыях, ён адыгрывае важную ролю ў жыцці краіны, - распавёў Тадэуш Стружэцкі. - Дзякуючы роднай мове, на якой спяваюць яго ўдзельнікі, можна бачыць багацце, разнастайнасць, самабытнасць розных культур. Усяго ў рамках форуму выступалі калектывы з 15 краін, і геаграфія яго ўвесь час пашыраецца. Дадам, што ўсе вядучыя прафесійныя ансамблі Беларусі дэманстравалі тут сваё майстэрства. Агульная колькасць калектываў, якія прымалі ўдзел у мерапрыемствах фестывалю, - каля 450-ці".

Мясцовыя ўлады заўсёды разумелі значнасць форуму для Паставаў і падтрымлівалі яго. Ён з'яўляецца не толькі "візітоўкай" горада, але і шыкоўным святам для яго жыхароў, якія разумеюць традыцыйную музыку, любяць яе, не абыходзяць увагай ніводны канцэрт. Старшыня Пастаўскага раённага выканаўчага камітэта Віктар Гутараў зазначыў на прэс-канферэнцыі:

- "Звіняць цымбалы і гармонік"- прэстыжны, бадай, самы адметны фестываль народнага мастацтва ў Беларусі. Гэтым разам у ім прынялі ўдзел творцы з усіх рэгіёнаў нашай краіны, а таксама з Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Кітая ды арабскіх паселішчаў Галанскіх Высот Ізраіля.

/i/content/pi/cult/326/5896/pic_13.jpgАдметнасцю чатырнаццатага па ліку фестывалю стала таксама правядзенне першага ў раёне Інвестыцыйнага форуму. У ім прынялі ўдзел дэлегацыі з Расіі, Польшчы, Літвы і Латвіі і прадпрыемствы Пастаўшчыны. З літоўскімі калегамі раённыя ўлады прапрацоўвалі пытанне наконт рэканструкцыі палаца Тызенгаўзаў, што знаходзіцца ў горадзе. Расійскія інвестары ўжо сёння праводзяць работы па рэканструкцыі палаца Бішэўскага ў гарадскім пасёлку Лынтупы, у які ўкладуць больш за 2,5 мільёна долараў. "Таксама мы зацікаўлены ў рэканструкцыі гарадской гасцініцы, будаўніцтве рэстарана ля яе", - дадаў Віктар Гутараў.

 

Будучыня цымбалаў

Перад конкурснай праграмай у Пастаўскім доме культуры адбылася плённая навукова-творчая лабараторыя, якая была прысвечана тэме стварэння ў Беларусі цымбалаў. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры краіны, музыканты, кампазітары, даследчыкі, прафесійныя і аматарскія выканаўцы. На пачатку яе пагутарыла з кіраўніком літоўскай дэлегацыі Элянай Шалкаўскіене, якая прадстаўляе калектыў "Сянолія" Гарадскога цэнтра этнічнай культуры Клайпеды. Яна распавяла наступнае:

- Налета наш інструментальны ансамбль адзначыць 30-годдзе. /i/content/pi/cult/326/5896/pic_15.jpgТрадыцыйнае мастацтва ў Літве любяць паўсюдна, яго падтрымліваюць людзі ўсіх узростаў, а цымбалы ёсць практычна ў кожным фальклорным ансамблі. Учора на канцэрце адкрыцця я заўважыла, што беларусы граюць музыку, якую граем і мы. Мелодыі вельмі блізкія. Мне вельмі хацелася б, каб між нашым і беларускімі ансамблямі завязалася сяброўства і пастаянныя зносіны, каб абмен досведам працягваўся ўвесь час...

Актыўны ўдзельнік лабараторыі, старшыня журы, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча Міхаіл Казінец заўважыў: "Літоўцы ўспрымаюць выступленне нашага калектыву вельмі цёпла, а музыку любяць як сваю, блізкую. Інструменты нашы выглядаюць па-рознаму, але па гучанні яны падобныя. Не надта адрозніваецца і склад музыкантаў у фальклорным ансамблі Беларусі і Літвы..."

Метадыст аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці Інстытута культуры Беларусі Галіна Суша заўважыла, што цымбалы зраднілі ансамблі розных краін на Пастаўскай зямлі. У дзяржавах блізкага і далёкага замежжа, на Захадзе і Усходзе ёсць калектывы, музыканты якіх граюць на гэтым інструменце.

Старшыня Асацыяцыі беларускіх цымбалістаў, член журы фестывалю Яўген Гладкоў расказаў прысутным пра складанасці вырабу цымбалаў на Беларусі сёння:

- Нягледзячы на тое, што ў нашай краіне- цудоўная цымбальная школа найвышэйшага ўзроўню, сёння пакуль няма майстроў, якія стваралі б інструмент з бездакорным гучаннем. Пяць гадоў таму закрылася Барысаўская фабрыка музычных інструментаў, і сёння ўзровень музыкантаў "перарос" узровень інструментаў. Раней, яшчэ да яе закрыцця, былі спробы стварыць лабараторыю па вырабе цымбалаў, але ўсе яны заканчваліся няўдачай, бо не было памяшкання для захоўвання абсталявання і матэрыялаў, правядзення работ.

/i/content/pi/cult/326/5896/pic_16.jpgМы ведаем чатырох асобных майстроў - у Гродне, Пінску, Гомелі і Барысаве, - якія па сваёй ініцыятыве наладзілі выраб асобных інструментаў, але іх гучанне пакуль што не адпавядае запытам прафесійных музыкантаў. Паводле нашых падлікаў, у выкарыстанні сёння знаходзіцца каля трох тысяч цымбалаў. Некаторыя служаць творцам па 25 - 30 гадоў, іх патрэбна замяняць на новыя, таму гэтае пытанне неабходна вырашаць неадкладна.

Тадэуш Стружэцкі распавёў пра шляхі вырашэння гэтай сітуацыі:

- Мы падлічылі: каб аднавіць Барысаўскую фабрыку, трэба ўкласці ў яе рэканструкцыю 35 мільярдаў рублёў. Сёння гэта немагчыма, таму варта стварыць лабараторыю і цэх па вырабе інструментаў, да якіх спрычыняцца ўсе спецыялісты, даследчыкі і майстры. Спадзяёмся, гэта ўдасца ажыццявіць на базе Інстытута культуры Беларусі. Тут жа можна арганізаваць акустычную лабараторыю, праводзіць сертыфікацыю, для таго, каб стварыць эталонны інструмент, які будзе годна гучаць на міжнародных фестывалях. Мэтанакіравана і імкліва мы распачынаем сур'ёзную гаворку наконт гэтай праблемы, запрашаем усіх зацікаўленых творцаў дапамагчы яе вырашаць. На яе мы звернем увагу і на адным з пасяджэнняў калегіі Міністэрства культуры.

 

Дык "Хто каго?"

Як і многія гараджане, якія на выхадныя пакінулі свае дамы, каб сачыць за ходам свята, я з задавальненнем назірала за канцэртнымі нумарамі ўдзельнікаў конкурсу "Хто каго?". Самыя маленькія цымбалісткі з Паставаў Ліза Глазава, Аляксандра Палкіна і Кацярына Бараноўская былі надзвычай сур'ёзнымі і засяроджанымі. Больш старэйшая Кацярына Гарашчанка са Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў паказала вельмі высокі ўзровень валодання інструментам. Упэўнена, яе чакаюць вялікія перспектывы ў музычным мастацтве, а журы ўзнагародзіла яе дыпломам Першай ступені.

Гармонікі ажывалі ў руках хлопцаў- удзельнікаў ансамбля гарманістаў "Картузяне" Бярозаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Акрамя народных найгрышаў, мелодый яны выканалі і вясёлыя прыпеўкі, адаптаваныя пад сённяшні час. З магутным драйвам і шчырай асалодай гралі дзеці і падлеткі не толькі на звычайных інструментах, але і на "прыладах": на касе, піле, патэльнях, місках, дошках для прання, каробачцы, талерцы. Іх выступленнеміні-спектакль нікога не пакінула абыякавым. Канкурэнцыю ім склалі "Нясвіжскія лыжкары" з Нясвіжскага раённага Цэнтра культуры і адпачынку. Юнакі парадавалі дынамічнай сцэнаграфіяй, уменнем завалодваць увагай публікі. А аркестр баяністаў і акардэаністаў Наваполацкага музычнага каледжа здзівіў спачатку колькасцю удзельнікаў, а пасля - якасцю выканання класічных твораў. Салістка Наталля Шах, лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу імя І.Жыновіча, на некалькі хвілін стала проста адным цэлым з акардэонам.

А замежныя калектывы дэманстравалі прыгажосць сваіх нацыянальных мелодый, здзіўлялі незвычайнымі формамі цымбалаў і гармонікаў ды невядомымі інструментамі. Авацыі выклікала экзатычная творчасць ансамбля народнай кітайскай музыкі "Цзіншы" пры Даляньскай акадэміі мастацтваў. Творцы сумяшчаюць музыку, танец і невялікае прадстаўленне ў адным нумары. Ансамбль атрымаў дыплом Першай ступені фестывалю. Пад час фестывальных дзён кітайская дэлегацыя запрасіла журы і мясцовыя ўлады на афіцыйную сустрэчу, пад час якой адбыліся дамовы наконт будучага супрацоўніцтва, удзелу ў іншых форумах.

Госці з Кітая паведамілі, што ў іх краіне частку працы па стварэнні цымбалаў робяць майстры, а іншую частку вырабляюць на фабрыках, якіх у Кітаі дзесяць. На запрашэнне прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Яўгена Гладкова вучыцца ў нашай ВНУ дзяўчына-музыкант калектыву з задавальненнем згадзілася.

Журы адзначыла, што літоўскі калектыў "Сянолія" і ансамбль рускіх народных інструментаў "Калінка" г. Кімры Цвярской вобласці найлепш захавалі аўтэнтычнасць выканання. Харызматычнасць, "народнасць" удзельніц з апошняга запомняцца многім.

/i/content/pi/cult/326/5896/pic_17.jpgМузычны гурт імя Атара Эль Аджара з раёна арабскіх паселішчаў Галанскіх Высот Ізраіля складаецца з вялікай колькасці моладзі, якая вучыцца граць, у асноўным, на струнных музычных інструментах. Мастацкі кіраўнік Алекс Брэнэр адзначыў, што група існуе ўжо каля дзесяці гадоў. Ён адшукаў маладых людзей, школьнікаў і студэнтаў, у невялікіх арабскіх вёсках, і яны з задавальненнем далучаюцца да мастацтва. Мілагучнасць іх музыкі адзначылі і ў Беларусі: калектыў будзе выступаць на "Славянскім базары ў Віцебску".