Методыка перспектыў

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

Рэспубліканскі Савет дырэктараў метадычных цэнтраў народнай творчасці гэтымі днямі аднавіў сваю працу пасля сямігадовага перапынку. На базе Інстытута культуры Беларусі адбылося пасяджэнне ўсіх членаў Савета, на якім былі абмеркаваны накірункі яго дзейнасці.

- Міністэрства культуры, дырэктары метадцэнтраў ды супрацоўнікі Інбелкульта - партнёры, - адзначае намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі, - і неабходна, каб гэтае партнёрства было рэгулярным, пастаянным і плённым. Сёння перад намі стаіць задача развівацца, прапаноўваць аўдыторыі паслугі сённяшняга дня, а таксама арыентавацца на дзень заўтрашні...

Савет будзе каардынаваць дзейнасць навукова-метадычных цэнтраў у рэгіёнах, дапамагаць вырашаць складаныя працоўныя пытанні. Неабходна таксама наладзіць супрацоўніцтва і з замежнымі арганізацыямі, каб паступова пачаць працаваць згодна з міжнароднымі стандартамі.

У склад Савета ўвайшлі дырэктары ўсіх абласных метадычных цэнтраў і г. Мінска, прадстаўнікі Міністэрства культуры, Інбелкульта, а старшынёй яго абраны дырэктар Магілёўскага АМЦНТ і КАР Алег Хмялькоў.

У гутарцы з карэспандэнтам "К" ён паведаміў: "У нашай краіне існуе не так ужо і мала кансультатыўных саветаў па агульных пытаннях, а менавіта гэты зарыентаваны на вузкі і, ў той жа час, вельмі аб'ёмны пласт культуры - народную творчасць. Калі мы будзем надаваць увагу найбольш актуальным пытанням, абмяркоўваць іх вузкім колам спецыялістаў, упэўнены: працаваць будзе лягчэй".

 

 Пра перспектывы дзейнасці Рэспубліканскага савета дырэктараў метадцэнтраў народнай творчасці чытайце ў бліжэйшых нумарах "К".